Читать книгу Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік) - Адам Глобус - Страница 41

Шэрае вясло

Оглавление

Неба пакрыўдзілася на зямлю. Паліўся дождж. Ён ішоў тры дні і тры ночы. Дарогі і сцежкі стаялі ў калюгах. Ручаіны, рэчкі і вазёры ўскаламуціліся і пашырэлі. На чацвёрты дзень дождж пачаў аціхаць, але ўсё яшчэ не спыніўся. У цёмным паветры вісела ледзяністая золь. З халоднай золі і выйшаў высокі мужчына ў доўгім вайсковым плашчы. Ён накіраваўся да пастуховай хаты, што стаяла на беразе Дзвіны. «Перавязеш цераз рэчку? Людзі казалі, што ты тут – галоўны перавозчык». – «Мо перачакаем, пакуль вада крыху спадзе ці хоць бы дождж скончыцца?» – «Не магу чакаць, спяшаюся. Калі не хочаш везці, дык якую лодку пазыч». – «Лодкі не пазычаю. Правіла такое. Рэчку нашу я ведаю, таму павязу, калі чалавек просіць, калі чалавеку трэба…» Пастух узяў прыхаваныя ў гумне вёслы і разам з высокім спусціўся да рэчкі. Там яны знялі лодку з ланцуга, селі ў яе і адштурхнуліся ад берага. Дзвіна хвалявалася, шумела і гула. Плысці было цяжка. Пастух не адразу заўважыў, што яго спраўная лодка ўсё глыбей і глыбей прасядае ў ваду. Асабліва моцна яна пачала прасядаць з боку высокага. Было ўражанне, што той робіцца ўсё цяжэйшы і цяжэйшы. Калі лодка ледзь не перакулілася і моцна чарпанула вады, перавозчык не вытрываў і спытаў: «Ты хто, чорт цябе забірай?» – «Я – чорт, і прыйшоў цябе ўтапіць!» – высокі скінуў вастраверхі капюшон. Над скронямі тырчэлі акуратныя рогі. Чорт засмяяўся, затрэсся, зарагатаў. Перавозчык выхапіў з качотаў вясло і з усяе моцы трупнуў па рагатлівай чортавай раганоснай галаве. Удар быў трапны і моцны. Чорт сціх, аплыў, згубіў прытомнасць. Пастух схапіў яго за капыты і скінуў з лодкі ў каламутны вір. Толькі ў хаце перавозчык заўважыў, што ў яго цяпер розныя вёслы. Адно як было звычайнаблакітнае, такім і засталося, а другое зрабілася Шэрым вяслом, бо ўся фарба з яго абсыпалася ад моцнага ўдару па чортавай галаве.

Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік)

Подняться наверх