Читать книгу Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік) - Адам Глобус - Страница 37
Пылавы чалавек
ОглавлениеУ спякотны надвячорак, бліжэй да шарай гадзіны, яго можна пабачыць на вясковай дарозе каля Заслаўя, што пад Мiнскам. Пылавы чалавек няспешна ідзе па вузкай прыдарожнай сцежцы. Ён ідзе зусім павольна і крыху прыпадае на правую, карацейшую нагу. Міжвольна ўзнікае жаданне дагнаць і абагнаць такога чалавека. Чым шпарчэй ты ідзеш за кульгавым, тым хутчэй ён аддаляецца. Пагоня за Пылавым чалавекам – занятак небяспечны. Ты і сам не заўважыш, як апынешся ў далёкім і чужым месцы, пасярод пустога поля. Ты амаль дагоніш Пылавога чалавека, а ён возьме ды рассыплецца тонкім шэрым пылам на прыдарожную траву. Навокал пацямнее, і ў жнівеньскім небе пачнуць загарацца вялікія зоры.