Читать книгу Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік) - Адам Глобус - Страница 40
Чырванатвары пакупнік
ОглавлениеУ мінскі ўніверсам «Цэнтральны» часам заходзіць Чырванатвары пакупнік. Бывае, што ён бярэ каву без цукру, а бывае, замаўляе і сто грамаў гарэлкі і да яе шклянку з таматным сокам. Паводзіць ён сябе сціпла – прыйшоў, замовіў, выпіў і сышоў. Адно дзівіць: скура на ягоным твары ажно палымнее, нібыта пад скураю не кроў цячэ, а сапраўдны агонь гарыць. Іншыя наведнікі «Цэнтральнага» пачалі заўважаць, што сустрэча з Чырванатварым адбываецца напярэдадні бяды. Сустрэў яго? Чакай гора горкага. Перад выбухам у нашым метро я Чырванатварага пакупніка сустракаў па тры разы на дзень. Пасля такога і хацеў бы не верыць у прыкметы, а не атрымліваецца. Асабіста я веру, што сустрэчы з Чырванатварым пакупніком – новы сталічны знак бяды.