Читать книгу Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік) - Адам Глобус - Страница 45
Белы чалавек
ОглавлениеКранаўшчыца пахавала мужа, таксама кранаўшчыка. Ён, бядак, застудзіўся на верхатуры. Падхапіў запаленне лёгкіх. За тры тыдні згарэў. Кранаўшчыца занудзілася і пачала папіваць. Прыйдзе на Усходнiя могілкі, сядзе каля капца, пад якім адпачывае кранаўшчык, вып’е гарэлкі і паплача. У такую слёзную хвіліну да яе і падышоў светлы чалавек. Усё ў яго было светлае: і барада, і вусы, і бровы, і скура на высокім лобе. Нават вочы ў яго былі светла-светлыя, амаль белыя. «Што табе трэба? Калі выпіць папросіш, дык я не дам!» – «Я прыйшоў з іншага свету, прынёс прывітанне ад твайго кранаўшчыка». – «Як ён там, мой нябога, мой працаўнік?» – «Кепска. Ён там, як у турме тутэйшай Жодзінскай. Прасіў, каб ты крыху пагрэла яго, грошаў праз мяне перадала. Халодна яму». Кранаўшчыца аддала Беламу чалавеку ўсе грошы, што мела пры сабе. Белы падзякаваў і прапаў. Пасля сустрэчы з Белым чалавекам кранаўшчыца кінула піць. На могілкі яна цяпер наведваецца, як і ўсе людзі, тры разы на год – на Радаўніцу, на Дзяды і на дзень нараджэння кранаўшчыка.