Читать книгу Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік) - Адам Глобус - Страница 52
Галава ды мыла
ОглавлениеЛявона Ждановіча я не бачыў гадоў пяць. Сустрэча – нагода пасядзець, пабазарыць, выпіць. Зайшлі ў «Бярозку», узялі па сотцы з апельсінавым сокам, сядзім, показкі травім. Пасля трэцяй Ждановіч і расказаў пра галаву ды мыла… Ён штораніцы бегае на турнік, пасля турніка – душ, таму і шампуні купляе дарагія, каб можна было кожны дзень галаву памыць. Намыліў. Добра так намыліў. Чуе, як пад пальцамі галава пачала змыльвацца. Хутка змылілася ўся галава да самай шыі. Лявон апаласнуўся. Галавы як і не было. Адна шыя вытыркаецца з плячэй. Нават няма чым у люстэрка зірнуць. Безгаловы Лявон абцёрся крыху і па сценцы пасунуўся ў спачывальню. Лёг. Паляжаў і заснуў. Праз гадзіну прачнуўся з галавою. Бывае, бывае і такое намыльванне.