Читать книгу Эдэм (зборнік) - Франц Сіўко - Страница 10

Прыпавесці
Удог
Трылогія
Угліс
9

Оглавление

1829

Помста

Яна выйшла са схову, нібыта ўсё яшчэ спадзеючыся на нейкі цуд, рашуча ступіла да ганка. І толькі сабралася з духам, каб пастукаць у шыбіну, як убачыла Людвіка. Ён сядзеў ля стала воддаль ад акна і размаўляў з нейкім мужчынам. Твары ў абодвух былі сур’ёзныя, перад абаімі клубіліся параю кубкі з гарбатай. Праз колькі хвілін яны паўставалі, накіраваліся да дзвярэй.

Пелагея хіснулася назад у схоў, стаілася ў прыцемку паміж плотам і зараснікамі бэзу.

Выйшаў адзін незнаёмец. Трымаючы рукі ў кішэнях і штосьці ціха насвістваючы сабе пад нос, прайшоў міма яе і знік у цемры.

Яна вярнулася да ганка, зазірнула ў акно.

Людвік сядзеў на ранейшым месцы. Ззаду стаяла Карольця, адной рукой абдымала яго за плечы, другою вадзіла па грудзях. І праз заімглёную шыбіну няцяжка было здагадацца, што яму гэта даспадобы. Сцэна, аднак, працягвалася нядоўга.

Карольця ўзяла лямпу, пасунулася ў спальню. Людвік увайшоў у спальню следам за ёю, не чакаючы, пакуль яна распранецца, дацягнуўся рукою да лямпы, выкруціў кнот.

Пелагея як здранцвелая застыла перад акном. Значыць, усё праўда, што ёй сказалі? Хацелася заплакаць, але слёз не было.

Яна рванулася з месца, пашыбавала паўз клумбы з кветкамі ў завулак, дзе, заўважыла яшчэ, калі ішла сюды, да Карольці, стаялі не распрэжаныя мужавы коні.


Яна падхапіла Любашу за плечы, Людвік – за ногі, і яны ўдваіх, тузаючы, пасунулі безуладнае цела на край ложка, падалей ад дыму. Воблака ўгары парадзела, бязладнымі пасмамі хіснулася пад столь. Але тут жа зноў асела долу, да галавы Любашы. Людвік кінуўся раз ганяць яго наўлечкаю, але яму перабаразнілі. Карольця, вясёлая, у новым белым строі, выплыла зза рабрыны, схапіла Людвіка за руку, пацягнула да сябе. Пелагея памкнулася да іх, каб развесці, але сяброўка адпіхнула яе. Затым загарадзіла Людвіка сабою, трымаючы за руку, падышла да Любашы і гучна зарагатала. Падхоп лены выдыхнутым ёю паветрам дым зноў самкнуўся ў воблака, павольна асеў на Любашын твар…


Яна вырвала з рота лінейку, яшчэ не апрытомнеўшы як след, узняла голаў.

– Вось так, панечка. – Антолька трымала яе адной рукой за плячо, другою спрытна сцягвала з падушкі акрываўленую наўлечку.

Пелагея расплюшчыла вочы: Антолька і Фларыян стаялі ва ўзгалоўі, спачувальна глядзелі на яе.

– Вам лепш паляжаць. – Фларыянаў голас канчаткова вывеў яе з забыцця.

Але яна не паслухала: счакала, калі Антолька з Фларыянам выйдуць, тут жа паднялася, перайшла ў фатэль. І толькі паспела ўладкавацца ў ім, як з калідора пачуліся крокі.

Людвік, чырвоны ад хады, у заляпаных гразёю ботах, уляцеў у пакой, кінуўся да яе.

– Бедная мая, – загаварыў і прыкленчыў побач. – Прабач, што гэтак позна… Коні, трасца іх, сарваліся з прывязі, дык пешкі давялося з мястэчка шкандыбаць. Цёмна, хоць вока калі, чыста збіўся. А тут дождж яшчэ… Даруй!

– Усё парабіў, што меўся? – не зважаючы на перапрашэнні, спытала яна. – Карольці перадаў, што прасіла?

– Ой, Карольці! – Ён ляпнуў сябе далонню па лбе, дастаў з кішэні паперчыну. – Зусім забыўся да яе зайсціся. Ну, прабач, не крыўдуй.

– Ладна, сама паеду.

– Сама! – запярэчыў Людвік. – Не пушчу адну.

– Пусціш. – Пелагея адкінула галаву на спінку фатэля, паказваючы, што размова скончана, заплюшчыла вочы.

Яшчэ шмат што мела сказаць мужу, але зараз было не да слоў.

Карольця, на дзіва бадзёрая пасля неспакойнае ночы, спачатку доўга, нашмат даўжэй, як звычайна, адшчэплівала засаўку, а ў пакоі ўсё ніяк не магла ачомацца ад неспадзяванага візіту: цікавала спадцішка за выразам твару госці, хапалася то за адно, то за другое. Упэўнілася ўрэшце, што ўсё нібыта ціха і скандал не пагражае, супакоілася, прынялася ладзіць пачастунак.

– Усё сама. – Пелагея няўхвальна ўсміхнулася. – Узяла б якую дзеўку, хай бы рабіла.

– Антольку – узяла б.

– Антольку! А мне хто будзе памагаць? Ды ёй і падвучыцца не пашкодзіць.

– Глядзі, навучыш на сваю галаву.

– А ты?

– Я – іншае… Флякі навучу гатаваць.

– Флякі! Пальшчызну ў мазгі ўбіваць! Дужа вы рахманы,[13] палякі, як пагляджу!

– Вы лепшыя бытта! Адно і гледзіцё, каб што дзе ўхапіць чужое.

– Чаму ж і не, як дрэнна ляжыць? Чыя сіла, той і пан.

– Яшчэ паглядзім, чыя насамрэч. – Карольця прымірэнча міргнула. – І заюшлівая ж ты, сяброўка.

– Але ж сяброўка?

– Канечне. Што мы адна без адной?

Праз чвэрць гадзіны сядзелі за сталом, елі клёцкі са смятанай. Кожны раз, падчэпліваючы відэльцам клёцчыну, Пелагея ледзь стрымлівалася, каб не шпурнуць яе ў задаволены, шчаслівы твар гаспадыні.

Ежу запівалі кампотам. Смак яго ад першага глытка здаўся Пелагеі знаёмым.

– Што за ягады такія?

– Удог. Ты хіба не ведаеш? Бабуля мая, калі яшчэ ў Кандратовічаў за настаўніцу была, з мазураў прывезла саджанец. Ягад шмат, Канстанцыя мне праз дзевак перадала. Дзеўкі кажуць, чэзнуць дзераўца пачынае. Бытта хтосьці прышчапіў іншы флянец, і ён усе сокі забірае. Дык хачу зрэзаць яго. А то прападзе дрэва. Файны напой, праўда?

– Па мне, дык занадта салодкі. – Пелагея адставіла кубак убок. – А вось прыязджай у наступную суботу – сваім пачастую, – сказала і паднялася з-за стала. – Прыедзеш?

– Прыеду, канечне, – адказала весела Карольця і цмокнула сяброўку ў шчаку.

Калі яна вярнулася ў Станулі, было яшчэ светла. Дзеўкі ў пастаўніку даілі кароў, Людвік з Фларыянам, пападкасваўшы калашыны, лавілі на водмелі ля віра ракаў.

– Ты! Нарэшце! – Людвік кінуў снасць на камяні, хіснуўся да жонкі. Хацеў пацалаваць, але яна не далася: дагэтуль пёк, поўніў сэрца агідаю развітальны пацалунак Карольці.

Ён адышоўся, памалу пакрочыў да пакояў. Пелагея злезла з вазка, падышла да водмелі.

Фларыян, удаючы, што вельмі заняты лоўляю, нервова пераступаў у вадзе з нагі на нагу.

– Як з’ездзілі? – спытаў і пачырванеў.

– Ніяк, – адказала яна і шпурнула ў хлопца сарваную з ляшчыніны галінку.

Ішла другая гадзіна, а яна ўсё ніяк не магла заснуць. Было мулка, цела абдавала гарачынёй, у грудзях балела.

Яна паднялася з ложка, шкадуючы, што адпусціла Антольку да бацькоў у Дубраўку і цяпер няма каму падаць вады, пасунулася калідорам у кухню.

Цёплая вада смагі не наталіла. Але праз адчыненае акно з ракі павяваў вецярок, і яна вырашыла выйсці на двор. Асцярожна, каб не пабудзіць Людвіка, спусцілася на дол, адшчапіла засаўку.

На дварэ было цёмна. Але ў верхнім акне лямуса, у Фларыяна, бачна было, гарэла свечка.

Яна перайшла праз дзядзінец, падалася на галерэю. Фларыян, зусім голы, ляжаў на ложку і штосьці чытаў.

Пачуў рыпенне масніц, падхапіўся, каб апрануцца, але не паспеў. Пелагея імкліва ўвайшла ў пакой, зняла сарочку, зводдалеку хукнула на агонь.

– Вы? – сіплым ад нечаканасці голасам збянтэжана прамовіў Фларыян.

– Я, – адказала Пелагея і перакулілася паўз ягонае цела да сцяны. – Не пазнаў?

– Як, лепей табе? – Людвік нахіліўся над ёю, прыклаў далонь да лба. – Заўтра фэст у мястэчку, хочаш паехаць?

– Не. – Пелагея скінула коўдру, моўчкі паднялася з ложка.

– Як хочаш. – Людвік пабыў у пакоі яшчэ хвіліну, пайшоў да сябе.

Пелагея апранулася, апаласнула ў кухні твар, выйшла на двор. Фларыян, прыхінуўшыся спінаю да камля таполі, гайдаў Лізу на арэлях.

– Дзе Антолька? – спытала яна.

– У склепе. Паклікаць?

– Калі не цяжка.

Фларыян адпусціў арэлі, знік у пакоях. Хутка зноў з’явіўся, за ім выбегла на двор Антолька.

– Па ягады пойдзем у Дубраўку, – сказала Пелагея і хуценька, быццам чаго асцерагаючыся, падалася прэч.

Ягады, невялікія, з недаспелы арэшак, былі зусім зялёныя. І толькі на паўднёвым, сонечным баку дзе-нідзе ірдзелі чырванню. Антолька памкнулася сарваць спялейшыя, але Пелагея не дазволіла.

– Вось тут аббярэм, і хопіць, – сказала і прыгнула долу галінку са шнарам ля камля – тую самую, з Крайны.

Ягад на флянцы было няшмат, затое ўсе сакавітыя, з характэрным прытарным смакам. І самому флянцу, было відаць па ўсім, новае месца прыйшлося даспадобы.

«Год-два, і запануе, – падумала Пелагея і з задавальненнем аглядзела бухматае, без адзінае плямкі, лісцё. – А яшчэ лепей памагчы яму. Фларыяна папрасіць, ці што?»

І толькі гэтак падумала, як пачула ад алеі конскае цоканне. Хіснулася з кустоўя да логу, моцна трымаючы Антольку за руку, стаілася ў зарасніках бэзу.

Але іх ужо заўважылі. Фларыян саскочыў з вазка, пакрочыў да схову.

– Дрэва хочаце паглядзець, пан Фларыян? – Пелагея штурхнула Антольку да вазка, папраставала пожняю назад да хмызу.

Праз колькі хвілін былі на месцы.

Фларыян памкнуўся, каб абняць яе, але Пелагея не далася.

– Не цяпер і не тут, – сказала гулліва, з ноткаю дакору ў голасе. – Спачатку зрабіце ласку, падпарадкуйце дрэўца. Бачыце, камлі старыя, трэба іх ссекчы, каб здароваму не заміналі расці. Зробіце?

– Зраблю. Калі? Цяпер?

– Заўтра. Усе паедуць на фэст, а вы застанецеся і… зробіце. – Пелагея паднялася на дыбачках угору, цмокнула хлопца ў шчаку.

Пасля вулічнае спёкі ў сутарэнні было прахалодна. Доўгая, на ўсю вышыню пакояў капцільня рэзка звужалася, паступова пераходзіла на зломе ў комін. Адтуль павяваў вецер, там, на скразняках, боўталіся ў кошыках на дубовых шастках падсохлыя кілбасы. Пелагея выграбла з пліты попел, ссыпала ў вядро. Затым паставіла на пліту чыгунок з вадою, абклала яго з усіх бакоў дровамі з пасечаным ядлоўцам, падторкнула знізу пакулля.

Дзверкі ўверсе, насупраць шасткоў, ляпнулі, Фларыян, жмурачыся ад святла, пассоўваў шасткі багром у адно месца, адну за адной паздымаў кілбасы.

– Што цяпер?

– У лямус занясі,– загадала Пелагея. – Вернешся – закладзеш уваход цэглаю. А тады – у Дубраўку адразу, дрэва парадкаваць. Глядзі, каб не ўгледзеў хто.

– А вы як?

– Мяне з Дубраўкі вярнуўшыся пільнуй. Дым пасвятлее – адкладай.

Фларыян пайшоў, а яна зноў нахілілася над плітой.

Сухі ядловец успыхнуў, напоўніў капцільню пахам лесу, адчайна затрашчаў. Пелагея варухнула яго качаргой, хаваючы твар ад іскраў, высыпала ў чыгун ягады.

«Будзе вам фэст і да фэсту», – падумала весела і прычыніла пліту.

Дым зрабіўся зусім белы, і варыва стаяла гатовае на прыпеку, а Фларыяна ўсё не было. Пелагея рванула дзверы раз, другі – каб гук у адказ.

«За смерцю яго пасылаць», – падумала злосна і тут жа пачула за дзвярыма крокі. Хацела азвацца, але пабаялася: раптам Людвік?

– Разбіраць, ці што? – голас быў Фларыянаў.

– Хутчэй.

Вызваленыя ад кладкі дзверы бясшумна расчыніліся. Фларыян, расчырванелы, з плямамі поту на плячах, ступіў у капцільню.

Пелагея выхапіла сякеру з ягоных рук, шпурнула ў кут.

– Доўга так! Што здарылася?

– Сукі, як камень, – вінавата адказаў ён. – Ледзьве пассякаў.

– Ніхто не бачыў?

– Не… Піць хочацца.

– На, папі.– Яна зачэрпнула з чыгуна варыва, падала хлопцу. Затым, пакуль ён піў, заліла прысак вадою, пайшла да выхаду.

Фларыян нагнаў яе, абхапіў рукамі за плечы.

– Не тут. – Яна саштурхнула ягоную нагу з парожка, аціраючы з вопраткі сажу, пайшла па сходах у спальню. Там распранулася, легла на ложак.

Фларыян у нерашучасці таптаўся па той бок дзвярэй. Яна паднялася, падышла да праёма.

– Хадзі,– гукнула ціха і, нібыта баючыся, што ён не пачуе, шарганула далонню па аўшаку.

Але ён пачуў.

Туфіля ўжо двойчы абвяшчала, што кілбасы зварыліся, і адмысловы Юдэлеў селядзец закалянеў па надрэзах, а Карольці ўсё не было. Людвік прапаноўваў сесці за стол без яе, але Пелагея не згадзілася: трэба пачакаць.

Канстанцыя бавіла з Фларыянам час у вітальні за картамі ды каторы раз наракала на пустадомка, што ў нядзелю, пакуль былі на фэсце, абсек дрэва ў садзе.

Неўзабаве з’явілася і Карольця. Лёгка саскочыла з вазка, паправіла на хаду капялюшык, успырхнула на ганак.

Селі за стол.

Людвік памкнуўся да штофіка, каб наліць, але Пелагея яго апярэдзіла. Сама адкаркавала штофы, сама наліла: з большага – мужу, Фларыяну і Канстанцыі, з меншага – сабе і Карольці. Свайго, аднак, не выпіла, употай, як толькі госці заняліся ежаю, выліла пад стол. Фларыян заўважыў тое, але змаўчаў. А калі дайшла чарга да другой чаркі, порстка падставіў сваю.

– Мне таксама з гэтага.

– З гэтага дык з гэтага. – Пелагея выліла рэшту Фларыяну, адставіла пусты штоф на падваконнік.

І тут краем вока ўбачыла, як рука мужа слізганула пад сталом да Карольцінай. Хацела ляпнуць па ёй, але стрымалася: хай пацешацца.

Вечар прайшоў удала. Праўда, крыху падпсавалі яго тутэйшымі песнямі мужчыны, але тое цягнулася нядоўга. Захмялелы Фларыян хутка некуды знік, спеўны хаўрус распаўся сам сабою.

Развітваліся далёка за поўнач. Першая ад’ехала Канстанцыя.

Людвік спрабаваў угаварыць Карольцю, каб засталася ўнаначкі, але тая адмовілася: баліць галава ды і ў школу заўтра. Дырэктар гэткі строгі – крый бог спазніцца.

– Як хочаце, панна Карольця. – Людвік падсадзіў госцю ў вазок, вярнуўся да жонкі на ганак.

– Дзе Фларыян? – спытала яна абыякава. – Спіць, ці што?

– У лямус, мусіць, пайшоў,– адказаў ён.

– Ну і няхай. – Пелагея махнула рукой, шырока, на ўвесь рот, пазяхнула.


Яна спаўзла з ложка, хіснулася следам замужам. Людвік азірнуўся, няпэўна пераступіў з нагі на нагу, зрабіў крок назад. Ягоны шырокі, акаймаваны зверху шапкаю чарнявых валасоў твар раптам павузеў, выцягнуўся, ператварыўся ў Фларыянаў. «Я тут». – Фларыян дастаў з рукава мапу, разгарнуў перад Пелагеінымі вачыма. Яна схапіла мапу абедзвюма рукамі, узялася хукаць на літары. Літары зліліся ў адно, бязладнаю гурмою паплылі да Любашынага ложка. Любаша прыкрыла твар рукамі, стараючыся абараніцца ад неспадзяванае навалы, штосілы закрычала. Фларыян абхапіў голаў далонямі, быццам не маючы моцы чуць гэты крык, выскачыў з пакоя…


Яна прачнулася ад паху гарэлага. «Ці не дзеўкі што ўчмурылі?» – падумала і хіснулася ў роспачы ў кухню.

У кухні ўсё было як след.

Пелагея прыгледзелася: гарам несла з акна. Дым пэйсамі слаўся ўсцяж сцяны, атульваў шыбіну, урываўся ў пакой праз расчыненую фортку.

– Уставай, гарыць нешта, – тузанула яна Людвіка і выскачыла на ганак.

Гарэў дальні, амаль нябачны ад фасада рог лямуса.

Людвік, босы, у адным споднім, выскачыў на двор следам за Пелагеяй.

– Чэлядзь будзі! – загадала яна. – У дзежках вада… Калі не хопіць, – хай яшчэ прывязуць.

Але вады хапіла: бэлькі не паспелі як след угарэцца.

Ды толькі агоралі полымя, як загарэлася зноў – у другім канцы будынка.

Пелагея кінулася туды.

Фларыян, паўголы, з ускудлачанымі валасамі, стаяў скрай галерэйкі і тыцкаў абматанаю пакуллем палкай у пазы сцяны.

Яна выхапіла палку з ягоных рук, моцна выцяла хлопца па спіне. Ён войкнуў, схапіўся далонямі за парэнчы, вухнуў на падлогу. І тут жа зноў падхапіўся. Напружыўся так, што ажно зрабілася чырвонаю шыя, выкруціў з перагародкі перакладзіну, замахнуўся ёю на Пелагею. Туфілін Павэлак з фурманам схапілі яго ззаду за плечы, прыгнулі долу. Але ён зноў вырваўся, адбіваючыся ад мужчын кулакамі, сігануў уніз.

Дагналі яго ля курціны. І пакуль валтузіліся на пожні, Пелагея прынесла з лямуса вяроўку, сяк-так злаўчылася, звязала ёю ногі зламысніка.

– Зачыніце ў капцільні, там хутка працверазее, – загадала Павэлаку і, звяртаючыся да мужа, абурана дадала: – І каб нагі заўтра ягонай у маёнтку не было!

Яна вызірнула ў акно, стараючыся не спэцкаць рукі аб пафарбаваныя напярэдадні, да прыезду гасцей, налічнікі, счакала, пакуль Людвік падыдзе бліжэй.

– Ну што? – спытала знарок абыякавым голасам, як толькі ён узышоў на ганак. – Завёз?

Людвік моўчкі хітнуў галавою, уздрыгнуў, бы ад холаду, наблізіўся да акна.

– Няхай едзе, адкуль прыехаў.– Пелагея махнула рукой. – І няма чаго браць у голаў, такой бяды. Было глядзець, каго запрашаеш…

– Карольця памерла, – сказаў ціха Людвік. – Лекар там… Кажа, нешта са страўнікам.

– Карольця! – Пелагея сплёснула рукамі.– Што ж маўчыш!

– Маўчы, крычы – усё адно не паможаш.

– Я паеду ў мястэчка. – Яна абаперлася локцем аб падваконнік, высунулася з акна – паглядзець, ці далёка вазок. – Коней выпраглі ўжо?

– Запражэм, не вяліка. – Людвік уздыхнуў, парыпваючы чаравікамі па сухім, выпетраным сонцам і ветрам жвіры, пашкандыбаў да стайні.

Пелагея колькі хвілін моўчкі глядзела яму ўслед, затым схамянулася, кінулася ў кухню. Там старанна перапаласкала вадою штофікі з-пад напояў, што пілі звечара, усцягнула паверх сарочкі чорную сукню і пайшла на двор.

Калі яна прыехала да Карольці, сяброўку якраз меліся перакладаць з ложка ў труну. Моня і Ядзя, сёстры нябожчыцы, абедзве з апухлымі ад слёз тварамі, сядзелі пры ёй, на покуці дзве кабеты засцілалі складзеным у некалькі столак радном стол пад труну.

– Як неспадзявана! – прысаджваючыся побач з сёстрамі і змахваючы з павек слёзы, сказала Пелагея. – Што сказаў лекар?

– З жыватом нешта, – усхліпнула Моня. – Дзякуй вам, што прыехалі. Сястра вельмі вас заўсёды хваліла.

Ядзя прыўзнялася з зэдля, прыадчыніла дзверы ў кухню.

– Panіе Skinderski, już.[14]

Двое мужчын, з выгляду настаўнікі, увайшлі ў пакой, пераклалі нябожчыцу ў труну.

Сёстры сталі абапал стала.

– Калі што трэба памагчы – кажыце, не саромейцеся, – сказала Пелагея і паправіла падушку пад галавой у Карольці.– Як шкада! Як жа шкада!

13

Тут: разумнікі (дыял.).

14

Пан Скіндэрскі, ужо (пол.).

Эдэм (зборнік)

Подняться наверх