Читать книгу Эдэм (зборнік) - Франц Сіўко - Страница 8
Прыпавесці
Удог
Трылогія
Угліс
7
Оглавление1822
Дубраўка
Пелагея запаволіла хаду, сочачы з-пад рукі за вокнамі графіні, павольна спусцілася да ракі.
Бронак сядзеў на ляшчыніне збоч купальні і гайдаў нагою вызваленую напалову з вады лодку. Побач паблісквалі халявамі новенькія боты, шавец Ёсель надоечы перадаў іх хлопцу з мястэчка праз знаёмых.
Яна сышла са сцежкі, асцярожна ступіла босымі нагамі па пяску, наблізілася да лодкі. Бронак падхапіўся з месца, памкнуўся да яе. Але блізка падысці не асмеліўся – не пускала крыўда.
Вось ужо колькі тыдняў, як адносіны між імі прыкметна падпсаваліся. Яны і даўно ўжо былі не такія бясхмарныя, як раней, а тут яшчэ гэты Людвік Лазоўскі… Сядзеў бы ў Вільні, у сваім універсітэце, дык не, закарцела па суседстве з Дубраўкай, у бацькоўскай сядзібе, асесці. Як на злосць, там якраз школка, у якой Пелагея за настаўніцу і ў якую тры разы на тыдзень ездзіць праводзіць урокі.
– Андрэй Мікалаевіч цябе кліча. – Пелагея порстка ўбрыла ў ваду. – З лямусам нешта.
Бронак злосна пхнуў лодку нагою.
– З лямусам! Я не цесля, здаецца.
– Пан Дыба такіх слоў не ўхваліў бы. – Пелагеін голас гучаў як ніколі спакойна.
Гэта канчаткова раззлавала Бронака. Але напамін пра нябожчыка бацьку, які памёр падчас эпідэміі тыфусу неўзабаве па прыездзе з графіняю ў Дубраўку, трохі астудзіў раздражненне. Ён саскочыў з ляшчыніны, з сашчэпленымі шнурам ботамі ў руцэ паплёўся да пакояў. Ужо дапаў да пагурка, як пачуў: ззаду плёснула вада. Азірнуўся: Пелагея, шырока раскідваючы рукі ўбакі, плыла праз заточку да другога берага.
Андрэй Мікалаевіч сядзеў на ганку, моршчыў лоб ды моўчкі назіраў, як цеслі завіхаюцца ля будоўлі. Нерваваўся: ці ж так марудна ішла б справа пры Феліксе? Трэці год, як мужыкі, рабуючы нічыйную яшчэ тады сядзібу, спалілі лямус, і так хочацца як найхутчэй яго аднавіць. Можа, наогул не варта было брацца за справу. Але ж як без лямуса і асабліва – без лядоўні? Вунь колькі ялавічыны спрахла летась. Зіма выдалася мяккая, адліжная, а хто ўгадае, якая будзе сёлета.
На ганак выйшла ў суправаджэнні пакаёўкі Марыя Іпатаўна, накіравалася да вогнішча пад дрэвамі – там другая пакаёўка, Туфіля, варыла варэнне з прынесеных дзеўкамі ягад.
Андрэй Мікалаевіч хацеў загаварыць з ёю, але не наважыўся. Жончына зацятасць у адносінах да Пелагеі і яе нелюбоў да тутэйшага люду ўсялякую размову нязменна ператваралі ў спрэчку. Ды і зараз ёй, падобна, было не да размовы: выгаворвала Туфілі.
– Колькі казаць табе: ложка, а не лыжка! Калі ўжо ўцяміш?
– Уцяміш тутака! – Туфіля злосна, ажно разляцеліся ўбакі пырскі, тыцнула лыжкай у варэнне. – То з аднаго вучыся, то цяперака во – іначай ужо. Маладзейшыя няхай, а нам і так добра.
З-за сажалкі выбегла з падхватнікам у руках Антолька, падляцела да маткі. Туфіля выняла з чыгуна аблепленую пенай лыжку, дала дзяўчынцы – аблізаць. Тая борзда аблізнула, але адыходзіць не спяшалася.
– У школу каб…
– У школу! – усплёснула рукамі Туфіля. – Надумалася! Хто цябе возьмець туды, мурзатую? Літараў наўчылася, і досіць.
Калі Пелагея вярнулася да пакояў, ужо шарэла. Цесляры парадкавалі рыштунак, ля вогнішча Туфіля студзіла, памешвала раз-пораз лыжкаю ў чыгуне варэнне.
– Пачакай! – Бронак саскочыў з рыштаванняў, перагарадзіў ёй дарогу.
– Што ты хочаш? – Яна сцяла вусны, атрэсла на хаду мокрыя валасы, пакіравала напрасткі да вогнішча.
– Паспрабуйце, панечка. – Туфіля зачэрпнула з чыгуна гусціні, падала дзяўчыне. – Як, добрае?
– Нішто. Смакам тое, што ў Крайне вараць, нагадвае. З чаго яно?
Туфіля паціснула плячыма.
– Не ведаю. Бытта з дзерава нейкага дзеўкі назбіралі.
– З дзерава? З якога дзерава?
– Ды з таго, што ў кустах расцець…
– Я паглядзець хачу. Пакажыце мне.
– Антолька пакажаць, яна з дзеўкамі хадзіла.
– Дзе яна?
– У капцільні, Зосі каўбасы памагаець перавешваць.
– Паклічу пайду. – Пелагея торкнула лыжку ў чыгун, пайшла алейкаю да пакояў.
Бронак зноў перагарадзіў ёй дарогу, але яна адпіхнула яго.
– Адчапіся, – сказала абыякавым голасам і, звяртаючыся да Туфілі, дадала зводдалеку: – Глядзі варэнне, пераверне хто няўрокам чыгун – заробіце ад Марыі Іпатаўны.
Дрэўца было невысокае, але галінастае. Хоць і было ўжо шаравата, вёрткая Антолька лёгка расшукала яго сярод хмызу.
Пелагея прыклала далонь да камля – руку апякло холадам.
Якраз гэтак халадзіла, прыгадала, і крайнаўскае.
Сярод лісця на самым версе яшчэ дзе-нідзе чырванелі ягады.
Антолька порстка падскочыла ўгору, абжаргала камель лыткамі. Затым узабралася вышэй на вецце, скінула колькі ягадзін уніз. Яны былі салодкія і крыху прытарныя.
– Яно адно тут, ці яшчэ ёсць?
– Адно-адненькае. – Антолька аправіла сукенку.
– Ну, дзякуй табе, што паказала. Прыйдзі ўвечары, мапу падару.
– Тую, зялёную?
– Тую. Хочаш?
– Хачу. – Антолька хвіліну памаўчала. – І яшчэ ў школу хачу, Палагея Юр’еўна.
– Не Палагея, а Пелагея. Добра, паглядзім.
Хмыз упобачкі расхінуўся, і з яго выйшаў з крывым усмехам на вуснах Бронак.
– Хадзем. – Пелагея схапіла Антольку за руку, хутка пайшла прэч.
Млын і сядзіба ўжо засталіся далёка ззаду, а яны ўсё крочылі па алеі, не зважаючы на аблокі, што насоўваліся на сядзібу з захаду і поўдня, размаўлялі пра школьныя справы. Гаварыла больш Пелагея, Людвік жа ўважліва слухаў: мова субяседніцы не заўсёды была яму зразумелая. Лазоўскія, хоць паходзілі з дробнае шляхты, дома размаўлялі па-польску. Ды і ва ўніверсітэце, дзе пераважную большасць студэнтаў складалі шляхціцы, таксама панавала пальшчызна. І ўсё ж такі малады паніч Пелагеі падабаўся. Праставаты і занадта адкрыты – душа наросхрыст – Бронак у параўнанні з ім нагадваў ёй селяніна.
Пачало імжэць.
– Хадземце сюды. – Людвік павабіў Пелагею да сябе, разгарнуў парасон.
– Не было б грому, – прыстройваючыся побач, сказала яна.
– Вы баяцеся грому?
– Трохі.
– Тады пойдзем назад.
Яна хацела сказаць, што вяртацца да маёнтка не жадае, але пасаромелася.
Паўвярсты да пакояў праляцелі, як адна хвіліна. Дождж перастаў, абое бачылі гэта, але выходзіць з-пад парасона не спяшаліся.
– Вы, чула, у Вільню едзеце, – сказала Пелагея.
– Еду. Прывезці вам што-небудзь для школы?
– Мапа патрэбная. Мая, што з Крайны прывезла, зусім абтрапалася.
– Добра, будзе вам новая.
– Толькі ж па-польску не вязіце.
– Чаму?
– Так, не люблю.
Людвік хацеў штосьці запярэчыць, але не паспеў: Антолька ўгледзела настаўніцу і маладога пана, падбегла да іх.
– А дождж ня йдзець!
– Сапраўды. – Людвік склаў парасон, уздыхнуў.– А вы, панна Пелагея, у Вільню не хацелі б са мною з’ездзіць?
– У Вільню? – Яна на хвіліну сумелася. – Хацела б, ды зараз не выпадае.
Сказала так і тут жа пашкадавала. Але і ўзрадавалася, убачыўшы, як увобміг памаркотнеў загарэлы, крыху шыракаваты для дваццацігадовага дзецюка твар паніча.
Дым імкліва ўзняўся ад падлогі ўгору, закалыхаўся над ложкам. Любаша здрыганулася ўсім целам, не жа даючы паддавацца стыхіі, перагнулася галавой праз рабрыну. Затым схапіла аберуч Пелагейку, перадала ў рукі Бронаку. Хлопец падхапіў немаўля, панёс да дзвярэй. Другая мужчынская постаць аддзялілася ад за куродымленай сцяны, узмахнула парасонам, пайшла ім напярэймы. Пелагея памкнулася да яе, вызваляючыся з Бронакавых абдымкаў, саслізнула на падлогу. Патрывожаны рухам дым гайдануўся, воблакам ухутаў твар парадзіхі…
Увесь тыдзень, што Людвік быў у Вільні, Пелагея дапамагала ахмістрыні па гаспадарцы. Ішлі дажджы, з’явілася шмат грыбоў, і сяляне кашамі насілі іх у маёнтак. Усяму гэтаму трэба было даць рады.
Марыя Іпатаўна з пакояў амаль не выходзіла, сядзела ў ядальні і раскладвала пасьянс. Яна вельмі пастарэла за апошні год і ўсе падзеі, што адбываліся навокал, успрымала, як прыкрую перашкоду ўласнаму спакою і засяроджанасці. Адзіным месцам, дзе яна яшчэ калі-нікалі з’яўлялася, была пякарня.
Там, у сярэдзіне пакояў, заўсёды пахла хлебам і прыправамі, там яна адчувала сябе ўтульна і бяспечна. Яе звычка адкрышваць ад кожнага бохана па кавалачку скарынкі не падабалася ахмістрыні, але яна на тое не зважала. Пакуль ахмістрыня не паскардзілася графу і той не даручыў Пелагеі пагаварыць з жонкаю.
Размова скончылася нічым. Марыя Іпатаўна, абражаная, зачынілася ў спальні і двое сутак нікому не адгукалася. А напачатку трэціх, калі Пелагея выправілася ў школу, зайшла ў яе пакой, паскідала мапы ў грубку і падпаліла. Юшка была зачынена, і памяшканне напоўнілася дымам.
Калі Бронак з чаляднікамі адчынілі яго, графіня ляжала ў міжсценні пад сталом і амаль не дыхала. Столь і кафля на грубцы зачарнелі, пах гарэлай тканіны поўніў пакоі.
Марыю Іпатаўну вынеслі на двор, і там яна, хапіўшы свежага паветра, хутка ачуняла.
Пелагея, даведаўшыся пра здарэнне, толькі паціснула плячыма. Гэта было на яе непадобна, і Бронак вырашыў скарыстаць сітуацыю як зачэпку для размовы. Але яна не адрэагавала. Чаканне новага спаткання з Людвікам цалкам завалодала яе думкамі.
Людвік вярнуўся, як і абяцаў, праз тыдзень, напярэдадні дня Усіх Святых. Была субота, Лазоўскія збіраліся ў мястэчка да касцёла. Царква, што павінна была неўзабаве адчыніцца ў суседняй вёсцы пасля перабудовы з уніяцкай, яшчэ не працавала, і Андрэй Мікалаевіч таксама вырашыў з’ездзіць у мястэчка. Пелагея, якая згарала ад жадання як хутчэй пабачыць Людвіка, паехала з ім.
Спаткаліся ля Юдэлевай крамы. Імша ў касцёле і царкве скончылася адначасова, граф забег па нешта ў краму, а двойка Лазоўскіх якраз спынілася побач.
Людвік, крыху стомлены пасля падарожжа, выглядаў занадта засяроджаным.
Пелагея хацела нагадаць пра мапу, але ён сам загаварыў пра яе. Два дні шукаў такую, якая ёй патрэбна, але ўсё-ткі знайшоў.
– Бачыце, стрымалі слова! – сказала яна жартам і ўпершыню за ўвесь тыдзень гучна, весела засмяялася. – Ну, дзякуй. А то Марыя Іпатаўна мае папаліла якраз.
– Хочаце, падвязу вас аж да Дубраўкі?
– Не-не, – сказала яна і азірнулася на дзверы крамы, з якой павінен быў з хвіліны на хвіліну выйсці Андрэй Мікалаевіч. – Тут паблізу сяброўка мая, Карольця, жыве, дык хочам да яе наведацца.
Дзень пры дні станавілася сцюдзёней. Але настрой у Андрэя Мікалаевіча быў добры: праца на лямусе падыходзіла да завяршэння. Склеп, лядоўня, галерэя – усё было гатова, заставалася толькі набыць гонту для страхі.
Дапамаглі Лазоўскія. Старэйшы Людвікаў брат Валенты, які пасля вайны два гады адсядзеў у фартэцыі ў Дынабургу за помач французам, зараз рабіў у зямельным банку і намовіў лістоў у знаёмага немца. Напярэдадні Задушнага дня шэсць падвод прывезлі іх ад парома, а яшчэ праз чатыры дні дах быў даведзены да ладу.
Цяпер, калі ўсё было зроблена як след, а палеткі прыбраныя, можна было і адпачыць. Напрыканцы лістапада ў Марыі Іпатаўны быў дзень нараджэння, вырашылі яго справіць, запрасіўшы гасцей. Графіні, якая любіла атрымліваць падарункі, ідэя спадабалася.
Падрыхтаваць запрашэнні гасцям даручылі Пелагеі. Яна напісала тэксты прыгожымі літарамі, і ў суботу Бронак іх развёз: два Лазоўскім, павятоваму суддзі Барэйку і ягонай жонцы і Пелагеінай сяброўцы-настаўніцы Карольці.
На пачатку наступнага тыдня Пелагея з Бронакам двойчы з’ездзілі на падводзе ў мястэчка да жыда па бакалею і прэзенты для імянінніцы. Абодва разы Пелагея, каб менш загаворваць у дарозе з хлопцам, брала з сабою Антольку.
Добра ўцямнела, у пакоях пазапальвалі лямпы, а гасцей усё не было. Андрэй Мікалаевіч раз-пораз пазіраў на гадзіннік. Марыя Іпатаўна рабіла абыякавы выгляд, каторы раз раскладвала карты. Пелагея з ахмістрыняй і пакаёўкай Зосяй завіхаліся ля стала.
Першыя, хоць ім і было далей за ўсіх, прыехалі местачкоўцы. І тут жа, амаль следам, і брычка Лазоўскіх падкаціла да ганка.
Старога Лазоўскага не было, затое разам з Людвікам прыехаў Валенты. Не такі вытанчаны ў абыходжанні, як брат, ён ад першае хвіліны не спадабаўся Марыі Іпатаўне.
– Яшчэ арыштантаў не хапала, – скарыстаўшы момант, калі ўсе выйшлі на двор праветрыцца, сказала яна Пелагеі.– Вось уробіць што, тады будзеце ведаць.
– Што ён уробіць, цёцечка? – засмяялася тая. – Скажаце!
Яна хуценька ўвайшла ў будынак, нячутна прычыніла дзверы, хіснулася за шафку, дзе стаяў ложак для чэлядзі. У памяшканні пахла стружкамі, з-пад ісподу, хоць лёд яшчэ не паклалі, пацягвала холадам.
Дзверы з пакояў расчыніліся, нехта зашоргаў нагамі па жвіры, няспешна наблізіўся да лямуса. «Можа, Бронак», – падумала яна і стаілася ў цемры.
Аднак ішоў не Бронак. Пра тое яна адразу здагадалася, як толькі чалавек пачаў намацваць уваход. Бронак ведае пабудову і наўрад будзе гэтак доўга валаводзіцца з дзверыной. Ды і не парфуміцца ён, а тут ад паху не прадыхнуць.
– Вы тут, панна Пелагея? – Голас, крыху прастуджаны ці то проста сіплы ад выпітага, канчаткова развеяў сумнеў.
Яна выйшла са схову, моўчкі наблізілася ў цемры да Людвіка.
– Я тут, – сказала і з жахам адчула, як рука міжволі пацягнулася да ягонай.
Людвік абхапіў яе за стан, абдаў дыханнем, прыціснуў да сябе – так моцна, што яна войкнула ад болю. Але вызваляцца не стала – занадта ж жаданай была гэтая хвіліна.
– Хадзем на галерэю.
Нешырокая, ледзь дваім змясціцца, галерэйка была мокрая ад нядаўняга дажджу. Пелагея адхінулася спінаю да парэнчы, гледзячы ў густую, з водарам прэлае травы цямрэчу, гучна засмяялася. «Шчасце на краі сусвету – які цуд!» – падумала і зняможана асела на падлогу пад цяжарам Людвікавага цела.
Андрэй Мікалаевіч увайшоў у пакой, знарок, як заўжды, калі хацеў выказаць незадаволенасць, грукнуў ботамі, грузна апусціўся ў фатэль ля акна.
– Што ж Браніслава крыўдзіш, пляменніца?
– Я? Крыўджу? – Пелагея зрабіла круглыя вочы. – Што вы, дзядзечка?
Граф колькі хвілін моўчкі глядзеў на яе.
– Ад’язджае ён, вось што.
– Ад’язджае? Куды?
– У Крайну. Будзе там Тацяне і Валодзю памагаць. Нядобра атрымалася.
– Маёй віны няма ў тым, – ціха, але ўпэўнена сказала яна.
– Такое судзіць цяжка, – устаючы, сказаў Андрэй Мікалаевіч. – Тут кожны сам сабе суддзя. Адно прашу: развітайся па-чалавечы. Ён любіць цябе.
– Любіць! – Пелагея ўздыхнула. – Любiць – гэта добра, але так мала, дзядзечка.