Читать книгу Эдэм (зборнік) - Франц Сіўко - Страница 2

Прыпавесці
Удог
Трылогія
Угліс
1

Оглавление

1570

Падпал

Апрычнікі наляцелі ўначы. Агаласілі пустыя вулкі страхавітымі воклічамі і гіканнем, паўрываліся ў хаты, павыцягвалі сонных местачкоўцаў на пляц перад управаю. Там, акружыўшы з усіх бакоў і весела пазвэнькваючы шаблямі ў чаканні хуткай забавы, пратрымалі на марозе да раніцы. А як толькі небасхіл заірдзеўся і заіскрыўся пад промнямі сонца снег на вежах касцёла і царквы, пачалася калатнеча.

Першым схапілі высокага, з шырокімі, на буслінае крыло ў лёце, плячамі ліцвіна-гандляра. Трое апрычнікаў наваліліся на асілка ззаду, накінулі на шыю вяроўчыну, прыгнулі долу. Кабета з дзіцем, жонка ягоная, кінулася да мужа, каб памагчы бараніцца, але яе збілі з ног, штурхнулі ў сумёт. Затым успаролі шаблямі на мужчыне вопратку, падвялі да атамана.

– Падпал яму! – гукнуў той і істэрычна, па-бабску зарагатаў.

Гандляра павалілі на снег, пачалі вадзіць галаўнямі па пасінелым ад сцюжы целе.

– Ім таксама! – тыцнуў пальцам у знямелы ад страху натоўп атаман. – Усім падпал!

Праз паўгадзіны пляц нагадваў бойню. Прынаджаныя пахам гарэлай чалавечыны груганы цярпліва застылі на дрэвах у чаканні зыходу катаў. А тыя збіліся ў гурт, раіліся, што б прыдумаць яшчэ.

– Утапіць, вось што! – гаркнуў атаман. – Да саней – і ў раку!

Апрычнікі папрывязвалі паўжывых мужчын да вазкоў, навыперадкі памчаліся да ракі. Жанок і дзяцей згрузілі на астатнія вазкі, павезлі следам.

На мосце паблізу кляштара спыніліся. Палова апрычнікаў узброіліся сякірамі, пабеглі на раку прабіваць палонкі, палова засталіся наверсе. Калі палонкі былі прабітыя і вада хлынула з-пад лёду на снег, тыя, што засталіся на мосце, паадвязвалі безуладныя, знявечаныя целы мужчын, з рогатам паскідвалі іх у раку. Тое самае зрабілі з жанчынамі і дзецьмі. Некаторыя з ахвяр не патраплялі ў палонкі, да іх падбягалі апрычнікі, ссоўвалі пад лёд. Тых, што і ў палонках працівіліся смерці, дабівалі шаблямі.

Калі патапілі ўсіх, рушылі да кляштара па манахаў. Іх таксама згрузілі на сані, павезлі да моста і паўжывых ад пярэпалаху паскідвалі на дол. Затым хаўрус рушыў у другую, бяднейшую частку мястэчка. Жыхары яе, галоўным чынам адзінаверцы апрычнікаў і жыды, баючыся нечаканых прыхажаяў, пахаваліся дзе хто мог. Іх павыцягвалі са сховаў, змардавалі да непазнавальнасці, пасеклі шаблямі. А напрыканцы, разгарачаныя крываваю вольніцай, перабілі ўвесь статак і папалілі будынкі. І тут успомнілі нарэшце пра іншаземцаў, што хаваліся ў найдалейшым канцы мястэчка, за ракой.

Ваявода, а з ім паўтары сотні ваяроў, супакоеныя абяцанкаю бесперашкоднага вяртання на радзіму, выйшлі насустрач пераможцам.

Іх, сапраўды, адпусцілі. Атаман уласнаручна адарыў кожнага футрам, потым загадаў падначаленым праводзіць да гасцінца. А перад тым паднёс, у дадатак да футраў, па гарнцу ягад.

– Удог, вашества, вкусно есть!

– Godu, jakże, wiemy,[1] – дзякавалі адарантам пераможаныя і жартам нібыта дадавалі: – Наступным разам мы першыя паямо, і тады пабачым, хто каго адолее.

І тыя, і другія пайшлі, а прыпарушаная студзеньскім снегам зямля доўга яшчэ чырваніла, сцінаючыся ад жаху, крывёю ахвяр і сокам абшкуматаных згаладнелымі вуснамі нетутэйшых ягад.

1

Году, як жа, ведаем (пол.).

Эдэм (зборнік)

Подняться наверх