Читать книгу Эдэм (зборнік) - Франц Сіўко - Страница 5
Прыпавесці
Удог
Трылогія
Угліс
4
Оглавление1815
Падарожжа
Андрэй Мікалаевіч задаволена прашпацыраваў па пакоі, усміхнуўся. Што ж, няблага: ураджай жыта добры, даўгі выплачаны, суконная фабрыка працуе без збояў. Праўда, вайна крыху падарвала гаспадарку, але страты нязначныя і ўдалая здзелка з продажам лесу хутка іх пакрые.
Цяпер, калі ўсё гэтак добра складваецца, можна падумаць і аб падарожжы. Графіня ўжо колькі год трызніць Італіяй. Пабраўшыся, ездзілі туды, але калі тое было?
Андрэй Мікалаевіч трасянуў званочкам.
– Дыбу да мяне! – загадаў пакаёўцы і зноў уладкаваўся за сталом.
Дыба з’явіўся праз пяць хвілін.
– Уваходзь, Фелікс. – Граф падняўся насустрач, падаў руку. – Ну што там з лямусам?[2]
– Будуецца. – Аканом, як заўсёды, адказваў коратка.
– Ох, і напрыдумлялі мы з табою новаўвядзенняў, неўзабаве ўся губерня будзе з’язджацца глядзець. Спачатку фабрыка, цяпер гэтая… лядоўня, прабач – лямус. Паглядзець ужо можна?
– Можна.
Яны выйшлі на двор.
Ля выкладзенай з камення лядоўні, што месцілася на самым ускрайку логу, так што толькі адзін, паўночны бок заставаўся адкрытым для сонца, завіхаліся цесляры. Ужо былі пакладзены тры ніжнія вянцы зруба, убаку, ля хмызу, зіхацелі абчасаныя да бляску дошкі тэраскі. Андрэй Мікалаевіч пасміхнуўся: усё было акурат так, як ён бачыў у Дубраўцы, калі адседжваўся пасля ранення ў пакоях тамтэйшага памешчыка. Адно – сцены неабшаляваныя. Прыгожа і галоўнае – зручна. Харч не будзе псавацца, бо лёд пад падлогаю, і самому ў спёку можна на тэрасе час прабавіць. У Дубраўцы, бачыў, панская чэлядзь і начуе на тых тэрасах.
– Фелікс!
Дыба кінуў сякеру, якою узяўся ўжо абчэсваць бервяно, падышоў да яго.
– Марыя Іпатаўна хоча ў Італію з’ездзіць, як ты на тое глядзіш? Бюджэт вытрымае наш?
– Вытрымае, не хвалюйцеся. – Дыба засмяяўся, затуліў вочы рукою ад сонца, падаўся да цесляроў.
Дарога далася нялёгка. Доўгія стаянкі, рамонт экіпажа, перапады тэмпературы – усё патрабавала цярплівасці і фізічнай загартоўкі.
На дзіва, Пелагея, за якую баялася графіня, аказалася нават больш трывалай, чым яна сама. Сядзела побач з Міхеем на козлах, утрапёна сачыла за мясцовасцю і час ад часу рабіла на мапе нейкія пазнакі. Рэкі і рэчкі, азёры, балоты – нішто не заставалася ёю незаўважаным, усё рабілася прадметам тапаграфічных вышукаў. І калі 20 траўня ўзбіліся ўрэшце на Апіеву дарогу, мапа нагадвала ссечаную дробам мішэнь.
Вечны горад сустрэў іх сонечнымі промнямі. Час летняе задухі яшчэ не пачаўся, і паветра было свежае і лагоднае. Старая сіцылійка, у якой спыніліся па рэкамендацыі адной княгіні, далёкай сваячкі Андрэя Мікалаевіча, за памяркоўную плату саступіла падарожніцам тры прасторныя, упрыгожаныя пад старасветчыну пакойчыкі.
Калі графіня часам адчувала сябе няёмка з-за немагчымасці харчавацца на шырокую нагу, дык Пелагею гэта зусім не бянтэжыла. Піца, якую гатавала ім кухарка сіцылійкі, яе задавальняла цалкам, і яна час ад часу, каб пацвеліць цётку, брала з сабою на вуліцу колькі кавалкаў.
Першы тыдзень прысвяцілі агляду форумаў. Заімшэлыя, паўразбураныя пабудовы Пелагеі не спадабаліся. Затое слон на пляцы Мінервы выклікаў гэткую буру эмоцый, што Марыя Іпатаўна вымушана была зрабіць ёй заўвагу.
Напрыканцы другога тыдня наведалі ватыканскія музеі. Пабыць за экскурсавода ўзахвоцілася дачка гаспадыні Лаура. Яна збольшага гаварыла па-крайнаўску, да таго ж няблага арыентавалася ў экспазіцыях.
Велізарная колькасць жывапісу вельмі хутка стаміла падарожніц. Затое ўсё кампенсавалася ў галерэі мапаў. Ледзь трапіўшы ў яе, Пелагея знерухомела ў здранцвенні перад выяваю-боцікам і абрысамі выспаў наўкола яе. Трыццаць дзве мапы ў сучасным і старажытным выглядзе літаральна заваражылі яе, так што Марыі Іпатаўне давялося нават вяртацца па пляменніцу з наступнае залы.
– Пелагея, што такое?
Дзяўчына схамянулася, неахвотна пасунулася следам за графіняй у накірунку Сікстынскай капліцы.
У капліцы было тлумна.
Пелагея прыхінулася плячом да перагародкі, зірнула ўгору. Біблейскія персанажы цьмяна паблісквалі аголенымі торсамі ды тварамі паўз тоўшчу векавога друзу. Пра асобных яна чула яшчэ ў Крайне – ад дзяка. А вось імя мастака, які ўсю гэтую прыгажосць ладзіў, як ні намагалася, хоць дзяк, памятала, і казаў, узгадаць не магла. Адзінае, што ведала дакладна, дык гэта тое, што маляваў ён стоячы ці седзячы з задзёртаю галавою на падстаўках пад самым плафонам, так што вада і фарба ручаямі ліліся небараку на бараду і ў вочы.
Зала была раздзеленая ўпоперак перагародкай.
– Тут папу выбіраюць, – патлумачыла Лаура. – Вунь уваход. Яго замуроўваюць, а ў каміне разводзяць агонь. Размуроўваюць, як дым пасвятлее.
Працэдура падалася Пелагеі цікавай, яна нават пакратала дзверы рукамі. І хуценька пайшла прэч з памяшкання. Хацелася есці, ды тут, у музеі, жаваць піцу было неяк няёмка.
Кожны дзень прыносіў новую хвалю спёкі, і Марыя Іпатаўна, баючыся, каб Пелагеі не зрабілася блага, вырашыла вяртацца дахаты. 14 чэрвеня накуплялі правіянту і прэзентаў для графа і ягонай сястры, апошні раз выправіліся ў вандроўку па горадзе.
– Купі сабе што-небудзь на памяць, – сказала графіня і спынілася ля крамы з біжутэрыяй.
– Добра. – Пелагея ўзяла грошы і, як толькі Марыя Іпатаўна адвярнулася, шмыганула ў дзверы побач.
Праз пяць хвілін яна вярнулася.
– Вось, купіла, – сказала весела і разгарнула новенькую, з пахам друкаркі, мапу Італіі.
2
Старадаўняя пабудова ў выглядзе падпола і наземнай часткі для захавання харчу, адзення, гаспадарчага начыння.