Читать книгу Эдэм (зборнік) - Франц Сіўко - Страница 6
Прыпавесці
Удог
Трылогія
Угліс
5
Оглавление1817
Павэлак
(з этнаграфічных запісаў сябра гуртка «Шубраўцы» Віленскага ўніверсітэта Юльяна Пачопкі для «Брукавых ведамасцяў»[3])
Усякая трасца на чалавека, ага. Тыфус табе, а то ўвосень скуллё ўкашацца. Ну, і лечыш цыбулінай. Прыкладзеш нанач – раненька, глядзіш, і прарвець. А знак усё адно астанецца. І ўсё на беднага. Пан, як што, ляжаць і ляжыць сабе. А ты роб.
Посля вайны дужа хварэлі. Мерцвякоў усюдых, як блох тых, было, па ямах засыпалі. Каторых палілі. Тыфус узняўся, а тады й крываўка. Сем’ямі касіла. Страшна. На двор выйдзеш і дрыжыш, каб ад суседзяў не пераляцела. Мае бацькі і дзве сястры з крываўкі паўміралі.
У вайну тэж паскудна было. Перва маскаль наляцеў. Хранцуз далёка йшчэ быў, дык яны заўчэсня. Мальцаў у войска адразачку, а мужыкоў – рабаваць. Хлеб, яйко якое, млечына – усё выметуць. У пана Кандратовіча дзесяць коней узялі, жыта яшчэ чатыры падводы, срэбра. Самога ў крэпасць пасадзілі, паневаж[4] проці йшоў. Але мы ня велька па ім бедавалі. Блаж быў пан, жулікаваты. Дзеўку каторую бедную возьмець у пакоі, яна й родзіць тады. Сам з польскага мовіў, і нам загадваў. Сястра ягоная, Канстанцыя, і Тамаш, брат, саўсім другое дзела.
Тады, посля троху, хранцуз прышоў. Пры шаблях усе, гунуровыя. Аканом панскі з маскалёў быў, дык яго застрэлілі адразу, каб не баразніў. Маладзейшых мужукоў у войска пабралі і знова цягнyць. Сто гарнцаў мёду з пасекі вывезлі, касцёл і цэркву ў мястэчку падчыстую вымелі.
Біліся дужа. У нас – не, нічога, а во ля мястэчка многа палягло. У ліпцы колька дзён чорна а чорна было ад дыму. Гарматы так білі – у вушох залягала. Многа палягло. Каторых шаблямі пасеклі, каторыя пад коней трафілі. Ранілі многа. З маскалёў адзін быў прыбіўшыся да нас ранены. Даглядалі яго, пакуль з падводай за ім не прыехалі. Посля, палепшаўшы, знова прыязджаў, без рукі ўжо. Бывала, ходзіць усё наўкол пакояў, разглядаець. Лядоўню дужа ўпадабаў.
Цяперака во калек многа, ля касцёла ў мястэчку ў нядзелю, як рабакоў тых у бруху. Ага, болі касцёлы ў нас, ксяндзы пры іх, клерыкі. Цэркваў тэж троху ёсці. Упярод, пры вуніі, начыя былі, пераробілі.
Зямля ўсякая: і пясок, і гліна. На пяску, як дождж, добра расцець, у сухое лета – па нізябінах. Сёлета дрэнь ураджай, авёс сам два[5] калі надойдзець. Арэх тока нішто. Арэхі добра: натрасеш увосень і ясі ўсю зіму.
Пакоі ня рушым, так стаяць. Анэгды прыязджалі з воласці, аглядалі. Бытта новы пан маецца прыехаць, а хто, скуль – невядома. Каб жа добры трафіўся.
Дзераўца гэта углісам[6] даўней называлі. А Кандратовіч як пасяліўся, адразачку флянец прышчапіў і году загадаў зваць. Як палякі адыйшлі, падгніваць стала. Дык адзін вухарац зрэзаў вяршліну і да дзічкі прышчапіў. І добра зробіў, а то шкода ж. Улетку ад слонца схувацца і паесць тэж. У вайну ягадамі ратаваліся. Расцець бо велькае і ягад многа. У галаву б’ець, праўда. Пры Кандратовічу, бывала, як што зайдзець з мужукамі, рабункі якія, – яго даець. Тады зразу і паспакайнеюць. Перад вайной было, былі ўзняўшыся, каб чыншу мені плаціць. Дык ён загадаў ахмістрыні раўгені наварыць і даў. Трое сутак спалі, як забітыя.
Вучыцца – не, ня вучымся. Пашто нам? Добра робіць – граматы не надабя. Чувалася, бытта збіраюцца адчыняць школу, а што з таго будзець, паглядзём. Мая Антолька да навукі здатная. Па ксёнжках чытаць наўчылася. Цяперака да ксяндза ходзіць катахізмаў цвічыць. Хваліць ксёндз, кажаць, разумная.
Назвіска[7] наша? Старынскія. Ага, тутака жывём, вун хата ля става…
3
Выданне гуртка «Шубраўцы» (1817–1822 гг.).
4
Бо (пол.).
5
Паказчык ураджайнасці (сам – кратнае ад пасеву).
6
Угліс – выростак (літ.).
7
Прозвішча (пол.).