Читать книгу Эдэм (зборнік) - Франц Сіўко - Страница 7
Прыпавесці
Удог
Трылогія
Угліс
6
Оглавление1818
Кліны
– Перастань! – Пелагея вызваліла руку, нямоцна, больш дзеля прыліку, чым насамрэч, квэцнула хлопца па плячы. – Цётка ўбачыць, будзе нам абаім.
Бронак адсунуўся ад яе, стаў ля шафкі з парфумаю.
– Я рукі тваёй папрашу.
– Яшчэ што! Забудзься пра гэта. – Яна разгарнула складзеную ў чатыры столкі мапу, прыклала яе да вольнага месца на сцяне між акном і дзвярыма. – Вось тут добра будзе, праўда? Падай клей.
– Што гэта?
– Копія вайсковага ўмацаванага лагера. Дзядзечка прэзентаваў.
Бронак падаў клей.
Пелагея намазала іспод мапы клеем, прыціснула да сцяны.
– Зацяжкая, не хоча трымацца. Ці, можа, клей благі. Памажы мне.
Хлопец стаў ззаду, дыхнуў ёй у шыю, прыклаў далонь да мапы.
Пелагея рэзка павярнулася да яго, парывіста абняла.
– Каханне маё…
– А ты – маё, – вызваляючы галаву, каб паглядзець, ці зашчэпленыя дзверы, сказала Пелагея і ціха засмяялася.
– Пелагея, адчыні, чуеш? – Голас Марыі Іпатаўны дрыжэў ад абурэння. – Адчыні!
– Наўрэлі![8] Хутчэй ты! – Пелагея паправіла сукенку, пайшла да дзвярэй.
Графіня ўвайшла ў пакой, падазрона бліснула вачыма ў Бронакаў бок.
– Я прасіла, здаецца, вас, пан Дыба, сюды не прыходзіць. Вы забыліся?
– Я… даруйце, графіня.
– Пан Браніслаў толькі памог мне павесіць мапу. – У Пелагеіным голасе чулася знаёмая Марыі Іпатаўне цвёрдасць.
– Мапу! – усклікнула яна, з жахам глянула на свежазаклееную частку сцяны.
І, не чакаючы, пакуль Бронак падымецца, пакіравала да дзвярэй. Па дарозе, аднак, не ўтрымалася, азірнулася зноў.
– Гэта апошні раз, пан Дыба, чуеце?
– Гэта апошні раз! – Пелагея рынулася на ложак, уткнулася тварам у падушку.
Бронак пайшоў ужо, але пах ягоных валасоў з наўлечкі яшчэ не выпетрыўся. Які ён прыгожы, яе Бронак! Аднаго ягонага дотыку ёй дастаткова, каб страціць галаву. І іх хочуць разлучыць! Не, не будзе гэтага! Калі праўда, што графу дораць скарбовы маёнтак у Дубраўцы, яны з Бронакам таксама туды паедуць. А перад тым… О, яна ведае, што перад тым. Толькі кабету тую ў сукні, што прымроілася падчас апошняга прыпадку, зноў пабачыць…
– Пелагея!
Марыя Іпатаўна, бледная і нейкая нязвыкла высокая ў сваёй чорнай аксамітавай сукенцы, зноў стаяла ў дзвярах і гняўліва ссоўвала бровы на аздобленае з абодвух бакоў радзімкамі пераноссе.
Пелагея падхапілася з ложка.
– Пелагея, я прасіла цябе не пускаць сюды гэтага мужыка? Скажы, прасіла?
– Прасілі, цёцечка.
– Дык што ж у рожкі са мною бярэшся, неслух? – Графіня падышла бліжэй, рэзкім штуршком адарвала руку дзяўчыны ад мапы. – Ён што, падабаецца табе?
– Падабаецца.
– Вось яно што. – Голас Марыі Іпатаўны памякчэў.– Ну, мала што! Мне таксама ў маладосці шмат хто падабаўся. Дык глядзі – больш каб ён сюды ні нагой!
Галоўка паволі высунулася вонкі, лыпнула вейкамі, гучна, быццам просячы як хутчэй вызваліць з абрыдла га схрону, заквіліла.
«Да мяне, сюды!» – Жанчына ў чорнай сукні схапіла немаўля, хуценька павяла за руку з памяшкання.
У доўгім, абвешаным з абодвух бакоў мапамі калідоры акно было расчынена, і праз яго бачнае было нейкае дрэва. Яно ўсё было абсыпанае ягадамі і вельмі нагад вала тое, што расло пад акном у Любашы. «Яно», – сказала жанчына, затуліла целам малую ад скразняку, панесла ў наступны пакой.
У вялікім памяшканні з размаляванымі сценамі і столлю два мужчыны: адзін барадаты, з акрываўленымі па локці рукамі і ў высокай баярскай шапцы, другі без бароды, затое з вусамі, у каптане і з сумкаю цераз плячо, з якой выглядваў цяслярскі рыштунак, – штосьці варылі ў чыгуне.
Пакой быў раздзелены на дзве часткі перагародкаю, і ў другой яго палавіне мужчыны і кабеты, ссунуўшы на сярэдзіну стала кубкі, чакалі пачастунку. Час ад часу барадаты акунаў у варыва палонік, нёс да стала. Людзі падхопліваліся з месцаў, навыперадкі падстаўлялі кубкі. Тыя, каму пашчасціла зрабіць гэта першымі, тут жа апаражнялі іх і тут жа, бы ашалелыя, імчаліся да выхаду. Але ён быў замураваны, і яны ў адчаі кідаліся на мур, разбіваючы галовы аб цэглу, валіліся нежывыя адзін на аднаго. Ужо дзясяткі з тры няшчасных зыходзілі крывёю, курчыліся на тым месцы ў перадсмяротнай агоніі.
Безбароды падышоў да жанчыны ў сукні, прапанаваў пакаштаваць варыва. «У святым месцы – няможна», – адмовілася яна. – «У святым сама клін клінам выбіваць», – настойваў ён. – «Свае кліны маем», – сказала яна і выняла з кішэні раслінку. – «Добра». – Вуса ты задаволена ўсміхнуўся, вярнуўся да чыгуна. Потым нечакана выхапіў адною рукою са скрыні нож, другою цапнуў хаўрусніка за бараду і хуткім рухам адхапіў до брую яе палову.
Жанчына ў сукні прыхінула Пелагею да сябе, рыну лася да дзвярэй.
«Уууох! – закрычаў ім наўздагон абстрыжаны. – Хапайце іх!»
Плойма грэшнікаў з ашчэранымі зяпамі сарвалася з плафона, кінулася выконваць загад.
Раптам паветра затрымцела, і над дзвярамі ўзнеслася невядома адкуль самотная, уся ў чорным, постаць Любашы. Яна павольна спусцілася на падлогу, нячутна ступаючы, дакранулася да сцяны збоч дзвярэй. Дзверы рыпнулі, расчыніліся.
«Уууох!» – грымнуў наўздагон уцекачам і стаяў пад с кляпеннем, пры глушаны сцяною, г олас паў барадатага…
Яна варухнулася, правяла далонню па вуснах. Крыві на гэты раз не было, але галава балела моцна. «Сон, значыць», – мільгнула думка і тут жа знікла, адціснутая ў нетры памяці новым, цяпер ужо рэальным, уражаннем.
За акном чырванела ў промнях цьмянага, прытомленага за лета вандроўкамі сонца безназоўнае дрэўца з невялікімі, з вішніну, ягадзінамі ўсцяж галін – акурат такое, як саснілася.
Яна падхапілася, не зважаючы на млявасць у нагах, падбегла да акна.
«У-уд-ог!» – гэтак, здаецца, назваў яго вар’ят з акрываўленымі рукамі. Дзядзька Андрэй кажа, быццам узрасцілі яго, прышчапіўшы флянец ад дрэва, пасаджанага нейкім царом у ваколіцах аднаго мястэчка блізу Дубраўкі і прывезенага графам пасля вайны. Быццам з крыві забітых людзей узышоў парастак і палівалі яго вадою з ракі, у якой тых забітых утапілі. І быццам такое атрутнае яно, гэтае дрэва, што як паясі варыва з ягоных ягад, здурнееш і будзеш рабіць абы-што.
Дзверы рыпнулі, крыва загайдаліся на заржавелых завесах. У сянях было відна, паскі святла прабіваліся паўз дзіркі між кроквамі пабітай ветрам і дажджамі саламянай страхі, гойсалі па сценах, зазіралі ў кублы ды цэбры і тут жа выскоквалі зноў на волю. Пелагея аглядзелася.
Хата: сені ды адзіны пакойчык – самотнае жытло нябожчыцы Палашкі – якраз тое, што ёй зараз патрэбна.
Яна адшчапіла другую дзверыну, увайшла ў пакой.
Печ была на месцы. Гурба дроваў, не скарыстаных гаспадыняю, ляжала пад прыпекам. Тут жа, побач, стаяла прыслоненая да сцяны качарга.
Яна дастала з палка чыгунок, пераставіла яго на прыпек. Цяпер трэба было прынесці вады ды раскласці агонь.
На панадворку Васька, фурманаў унук, абіраў дзяды і цаляў імі ў галубоў.
– Васька, вады! – загадала яна і падала праз акно вядро. – А як прынясеш – пана Браніслава пакліч. Там у кошыку ягады, няхай прынясе. І цвікоў заадно прыхопіць.
Застаўшыся адна, яна развяла агонь і, пакуль дровы ўгараліся, агледзела вокны. Адно было пабітае, дзірка зеўрала акурат пасярод шыбы; яе заткнула рыззём. Затым узялася скрэбці чыгун.
Калі хлопцы прыйшлі, у яе ўсё было гатова.
Яна спаласнула чыгун прынесенай вадою, выліла бруднае, зноў наліла.
– Пастаў на прыпек, – загадала Бронаку, упетрыўшы невідушчы пагляд у полымя.
Ён выканаў загад – гэтаксама пакорліва, як рабіў усё для яе дагэтуль.
– Цяпер выйдзі і забі вокны дошкамі.
– Забіць дошкамі? – Хлопец сумеўся. – Што ты надумалася?
– Мая справа.
Бронак забіў вокны, у нерашучасці застыў на дварэ.
– Што з дзвярамі? – спытаў, не адважваючыся ўвайсці.
– Таксама забі. Сачы за дымам. Як пасвятлее, адчыніш.
– Добра, – пагадзіўся ён і зірнуў у шчэлку між дошкамі: у хаце было цёмна, і доўгі Пелагеін цень у водсвеце полымя здаўся яму падобным на прывід.
Марыя Іпатаўна адставіла кубак, затуліла твар шалем, гучна кашлянула.
– Добры напой, – сказала і ўзяла з падноса яблык. – Як называецца?
– Крамбамбуля, – закаркоўваючы штофік, адказала Пелагея.
– Але ж і назва! А адкуль рэцэпт?
– Андрэй Мікалаевіч прывёз з Дубраўкі. Марыя Іпатаўна грэбліва перасмыкнула вуснамі.
– Што толькі не прыдумаюць гэныя ліцвіны!
– Але вы самі кажаце, што напой добры.
– Кажу – бо праўда. Але гэта зусім не значыць, што ўсё іхняе добрае. Я не збіраюся сімпатызаваць зброднікам. Шляхта тая, ці як там яе, толькі і чакае моманту, каб зрабіць нам якую прыкрасць.
– А дзядзечку яна падабаецца.
– Во-во, падабаецца. – Твар графіні зрабіўся зусім чырвоны. – Спіць і трызніць як найхутчэй у Дубраўку ад’ехаць.
– У Дубраўку? Значыць, вырашылася-такі справа?
– Вырашылася. – Марыя Іпатаўна незадаволена зморшчылася. – Прапанавалі на выбар як удзельніку вайны адзін з маёнткаў, дык лепш не прыдумаў, як тое шляхцюцкае балота ўзяць. Уяўляю, што там за рэзрух.
– І хутка ад’язджаць?
– Праз два месяцы. Я не хачу ехаць. Тут звыклае ўсё, сваё і галоўнае – Алёшава часць побач. А там? Усё нанова трэба пачынаць. Ды хіба пераканаеш Андрэя Мікалаевіча!
– Можа, яшчэ і сам перадумае, – хаваючы радасць за ветліваю ўсмешкай, сказала Пелагея і зноў адкаркавала штоф. – Яшчэ, цёцечка?
Лекар Фокс ужо трэці тыдзень наведваў графіню, але хваробы прызнаць так і не змог. Марыя Іпатаўна паводзіла сябе неспакойна: то кідалася целам на сцяну, то пачынала дрыгаць нагамі, то раптам ускідвала ўгору рукі і махала імі да знямогі, быццам намагалася злавіць штосьці нябачнае ў паветры. Часам буйнасць рабілася невыноснай, тады лекар наліваў з прыгатаванага Пелагеяю штофа чарку напою, даваў хворай, і яна тут жа засынала.
Пелагея, як і Фокс, увесь гэты час не адыходзілася ад цёткі. І толькі калі на змену прыходзіў Андрэй Мікалаевіч, давала сабе адпачынак: ішла ў свой пакой і там, у ложку, да мятлікаў у вачах узіралася ў мапу. Да ад’езду ў Дубраўку заставалася яшчэ больш месяца, але на душы было трывожна. Як то будзе ў тым незнаёмым, адно з дзядзькавых аповедаў вядомым ёй месцы?
Заспакойвала тое, што граф меў намер узяць з сабою Дыбу. Значыць, Бронак таксама паедзе. А можа, і не – хто ведае, як далей усё складзецца? Пітво так слаба дзейнічае, і раптам Марыя Іпатаўна ачуняе і выканае пагрозу іх разлучыць?
Зрэшты, можа, і не ачуняе. Толькі б Фокс што не западозрыў. Ад гэтага ўніклівага немца ўсяго можна чакаць.
Напрыканцы трэцяга тыдня Марыі Іпатаўне палепшала. Але не цалкам: даймалі прыступы млоснасці, балела галава, звінела ўвушшу. І яна аб’явіла мужу, што ў Дубраўку паехаць не зможа, а застанецца ў Крайне да наступнага лета.
Андрэй Мікалаевіч павохкаў, паўздыхаў, ды іншага выйсця, як выпраўляцца аднаму, не было. Вядома, ён паедзе – у суправаджэнні Пелагеі і маладога Дыбы. Старэйшы, каб не агаляць крайнаўскае гаспадаркі, застанецца тут з сястрою графа Тацянай і яе сынам Валодзем.
Васямнаццатага траўня караван з дзесяці падвод і экіпажа выехаў з маёнтка.
Пелагеін скарб месца заняў няшмат. У самым надзейным ляжала мапа. Спачатку яна хацела ўзяць усе, але ў апошні момант перадумала і задаволілася адной – той, на якой ужо колькі месяцаў чырванела абведзеная алоўкам лінія паміж сядзібай і далёкай Дубраўкай.
8
Папаліся, трапілі ў непрыемнае становішча (дыял.).