Читать книгу Эдэм (зборнік) - Франц Сіўко - Страница 11

Прыпавесці
Удог
Трылогія
Угліс
10

Оглавление

1831

Віраванне

Гамонка доўжылася ўжо больш за паўгадзіны. Рэй, як заўсёды, вёў ксёндз Паплаўскі – ягоны сіплаваты, але добра пастаўлены голас Пелагея ведала выдатна. Усе астатнія галасы, апроч, вядома, Людвікавага, былі ёй незнаёмыя. Яна прыхілілася скроняю да зачыненага знутры акна, але запозна: размова скончылася, цені ў пакоі замітусіліся. «Разыходзяцца», – падумала яна і кінулася зноў да вазка.

Першы выйшаў з плябаніі ксёндз. Подбегам перайшоў праз панадворак, затрымаўся на хвіліну ля падводы.

– Зайшлі б на гарбату, пані Пелагея, – сказаў і ветліва ўсміхнуўся. – А то змерзнеце на марозе.

– Нічога. – Яна ўсміхнулася ў адказ. – Ужо і тут свайго дачакаюся.

З плябаніі выйшлі яшчэ трое, за імі, пахістваючыся, бы п’яны, і зашпільваючы на хаду гузікі кажуха, – Людвік.

– Але ж зімна, халера, – сказаў і наблізіўся да вазка.

– Было, паночку, вайлакі абуваць. – Антолька, бухматая ў новым, днямі спраўленым кажусе, выскачыла з плябаніі, плюхнулася на салому побач з Пелагеяй.

– У карчму на настойку зазірнуць, ці што, – працягваў Людвік.

– Ага, у карчму! – зазлавала Пелагея. – Заўтра ад’язджаць. Забыўся?

– Паспеем. – Людвік, распаўнелы з бясконцых чаяванняў, катурхавата, ажно асеў вазок, ускараскаўся на сядзенне побач з фурманам. – Ладна, едзем дахаты. Ой, трасца, скрутак забыўся! Скоч, Антолька.

– Што там, у тым скрутку?

– Сякія-такія паперы. Нічога важнага.

– Нічога дык і нічога. – Пелагея глыбей ухутала твар у каўнер кажушка, абыякава пазяхнула.

Што мужчыны ёй не давяраюць – здагадвалася даўно, але ўдаваць свайго ведання да часу не хацела.

Вільня сустрэла іх капяжамі. Маразы адпусцілі раптоўна – горад захлынаўся ў твані.

Спыніліся ў Людвікавага сябра па ўніверсітэце Жымайлы. Людвік пакінуў жонку і Антольку пад апеку гаспадаровай жонкі Яніны і адразу ж знік па нейкіх неадкладных справах.

Першыя два дні правялі ў агледзінах горада. Кляштары і касцёлы мільгалі перад вачыма, як у калейдаскопе. На трэці дзень выправіліся да Вострай Брамы. Там мелася быць імша. Але пакуль караскаліся паўз шчыльны натоўп да капліцы, яна скончылася.

Цьмяны, з пазалочанаю аправаю лік Святой здаўся Пелагеі занадта суворым. І яна, пакуль Жымайліха з Антолькаю маліліся перад абразом, моўчкі прастаяла, унурыўшы голаў у каўнер, збоч алтара.

Нехта наблізіўся да яе ззаду, нахіліўся да пляча.

– Ты? Нарэшце! – Яна страпянулася, тузанула мужа за рукаў.– Нядобра мне тут… Выйдзем на паветра.


Любаша схапіла абраз, двойчы пагайдала ім аберуч у паветры перад воблакам дыму. Дым рассеяўся, але не дарэшты. Плойма чужых людзей выплыла зза шызава тае заслоны, схілілася над ложкам. «Мама!» – Пела гея кінулася да маці, каб адагнаць іх, але, не даўшы сабе рады, зачапілася нагою за рабрыну ложка, павалілася на падлогу. «Чужаніца! Чужаніца!» – закрычалі наўкола. Яна падхапілася з падлогі, не зважаючы на кпіны, пад бегла да Любашы. Выхапіла з рук абраз, моцна сціснула за рамку, паднесла да матчынага твару. Любаша тар ганулася раз і другі, ціхамірна застыла на прасціне…


– Ва ўніверсітэт? Гэтак позна? – Яна саштурхнула з пеліны ката, рэзка ўстала. – А мяне бытта і няма ўжо.

– Так трэба.

– Пойдзем удваіх.

– Удваіх? – Людвікаў голас прагучаў насмешліва. – Усе па адным, а я – з жонкаю. Скажаш!

Яна зноў хацела запярэчыць, але не паспела: у пакой увайшла з гарбатнікам і кубкамі гаспадыня.

– Хай сабе засядаюць у сваім камітэце, – сказала лагодна. – А мы па-жаночы пагамонім.

Людвік, атрымаўшы ад Яніны неспадзяваную падтрымку, хуценька выйшаў.

– З мужчынамі нялёгка. – Жымайліха ўздыхнула. – Усё кудысьці спяшаюцца, чагосьці шукаюць.

– А як што не так – мы, жанчыны, вінаватыя, – падтакнула Пелагея.

– Гэта праўда. Паглядзіце літаратуру: як найбольшы злачынца – абавязкова жанчына. Я днямі ў аднаго тутэйшага, віленскага пісьменніка спытала, чаму так. Дык ведаеце, што адказаў? Што мы, жанчыны, больш багатыя ў выяўленні пачуццяў, таму нас выгодней апісваць у творах. Не здзіўлюся, калі і ў гэтай сітуацыі, як што не атрымаецца, нас абвінавацяць.

– Вы камітэт маеце на ўвазе? – зрабіла абыякавы выгляд Пелагея. – Дарэчы, што за ён?

– А то вы не ведаеце! – засмяялася Яніна і тут жа знізіла голас да шэпту. – Неўзабаве, чула, збіраюцца выступаць. А чым усё тут скончыцца – невядома. Народ пакрыўджаны ўсімі, таму апатычны. А без ягонае падтрымкі – куды ж… У вас, можа, іначай крыху?

– Ды я… надта не прыглядалася, – задаволеная, што гэтак міжволі, без залішніх выпытванняў, удалося высветліць сутнасць справы, адказала Пелагея і ветліва ўсміхнулася. – Дзякуй вам за гасціннасць.

Ад’язджалі праз тыдзень. Жымайлы ўгаворвалі застацца яшчэ, але яны не згадзіліся: трэба паспяшацца, пакуль зноў нахапіліся марозікі, ды і па гаспадарцы процьма спраў – вясна на носе.

Напярэдадні ад’езду доўга сядзелі ў вітальні, дзяліліся ўражаннямі ад Вільні. Быў пост, таму не пілі, але напрыканцы мужчыны не вытрымалі, кульнулі па чарцы. Выпіўшы, узахвоціліся прашпацыраваць па вуліцы.

Пелагея на двор не пайшла і, як толькі ўсе выйшлі, хуценька паднялася ў кабінет гаспадара.

Скрутак ляжаў на століку сярод папер. Гэта быў план выступлення дубраўскіх касінераў. Яна прыклала паперыну да шыбы, акуратна перакалькавала алоўкам план на чысты аркуш.

Першы і адзіны прыпынак зрабілі ў Краслаўцы. Плятараў дома не было, гасцей прыняла ахмістрыня. Была ноч, памыўшыся з дарогі, адразу леглі спаць.

Пелагея прыхінулася целам да мужавага пляча, пяшчотна правяла далонню па мокрых валасах.

– Каханне маё, – сказала і пацалавала ў патыліцу. – Такое цудоўнае атрымалася падарожжа.

– Табе спадабалася? Праўда? – Людвік павярнуўся да яе тварам, абхапіў за шыю. – Я рады.

– Я таксама. – Яна падсунула нагу пад ягоную, легла на жывот. – Хочаш, буду памагаць табе?

– Памагаць? – разамлелы ад яе нечаканай пяшчоты, вымавіў ён. – Пра што ты?

– Пра ўсё… Пра камітэт паўстанцкі.– Яна старалася гаварыць як мага абыякавей. – Ты мусіш мне давяраць.

– Я і давяраю… – Людвік схіліўся над ёю, нібыта просячы даравання за ўсе ранейшыя непаразуменні між імі, прытуліўся тварам да грудзей. – Праўда.

Увесь час па вяртанні з Вільні Пелагея дзяліла паміж школаю і дапамогай мужу. На пачатку сакавіка двойчы з’ездзіла па даручэнні Людвіка ў мястэчка да Паплаўскага са спісамі касінераў. Аднак і касінеры, і камітэтчыкі па-ранейшаму ёй не давяралі. Тады яна вырашыла спаткацца з галавой камітэта Тамашом Кандратовічам, братам Канстанцыі.

Спатканне адбылося ў Дубраўцы, у прысутнасці Канстанцыі. Яна была імянінніца, і брат прыехаў яе павіншаваць. Пачаўся перадвелікодны пост, іншых гасцей не запрашалі, і Пелагея адчувала сябе ўпэўнена.

Калі яна прыехала, брат і сястра пілі ў гасцёўні гарбату. Тамаш, мужыкаваты з выгляду дзяцюк год сарака пяці, з паставы выдаваў на мядзведзя і ўвесь час, пакуль сядзелі за сталом, моўчкі спадылба назіраў за нечаканаю госцяй. Аднак Пелагею тое не збянтэжыла. І калі загадзя папярэджаная Канстанцыя нарэшце выйшла, яна хуценька дастала з кішэні тое, дзеля чаго прыехала. Чатыры залатыя пярсцёнкі, спадкі Людвіка па нябожчыцы-матцы, звабліва бліснулі ў паўзмроку пакоя.

– Ахвярую на патрэбы камітэта, пан Тамаш.

– Камітэта? – масіўныя, абветраныя да крыві вусны мядзведзя крануліся стрыманаю ўсмешкай. – З чаго б гэта?

– Жадаю паспрыяць агульнай справе. – Пелагея развяла рукі ўбакі.– Хіба не маю права?

– Чаму ж, маеце. – Тамаш узяў дарунак, паразглядаў хвіліну-другую, паклаў побач з кубкам. – Дзякуй ад усяго камітэта.

– Не варта дзякі,– сказала Пелагея і спехам дадала: – Прашу толькі, мужу нічога майму не кажыце, а то ўсердзіцца, што не параілася з ім.

– Не буду, калі просіце, – сказаў Тамаш і схаваў пярсцёнкі ў кішэню, бо ўжо вярталася ў пакой Канстанцыя. – Сястра, пост постам, а расстаралася б ты чаго мацнейшага. Па чарачцы – у гонар слаўнай сваёй каляжанкі.

Раз’язджаліся позна ўвечары. Праводзіўшы злёгку захмялелага Тамаша да вазка, жанчыны яшчэ з паўгадзіны сядзелі ў гасцёўні, гаманілі пра розныя дробязі.

– Напой гэты – такі моцны, – сказала напрыканцы Пелагея. – Не з дзерава, што ў хмызняку?

– З яго, – уздыхнула Канстанцыя. – Больш не будзе. Учора дзеўкі хадзілі па мёрзлыя на кампот – каб сук табе, усё ссечана. Спачатку ўлетку нехта скалечыў, адну галінку пакінуў, цяпер і яе не стала. Падобна, як дзяцёнак пасваволіў. Дзеўкі ісподчыну знайшлі ля камля, акурат дзіцячая. – Канстанцыя хіснулася ў камору, дастала ісподку. – Во яна.

– Зялёная! – забыўшыся на хвіліну, што павінна ўдаваць п’янаватую, выгукнула Пелагея. – Дай сюды, выкіну дзе па дарозе.

І з абыякавым выглядам сунула трафей у кішэню.

Дзверы расчыніліся, Антолька, паўсонная, з разбэрсанымі па плячах валасамі, памкнулася да Пелагеі. Угледзела, аднак, нядобры бляск у вачах настаўніцы, адступіла назад.

– Твая ісподка?

– Мая.

– Значыць, гэта ты была там, ля дрэва? – Пелагея ступіла ў пакой, ударыла дзяўчыну ісподкаю па шыі.– Так дзякуеш за ўсё добрае? Хто цябе падсуклеціў?

– Ніхто. – Антолька, збітая з тропу нечаканым нападам, спалохана застыла ля ложка.

Рука Пелагеі тарганулася, каб ударыць зноў, але штосьці быццам ёй падказала: не варта.

– Навошта ты ссекла сук? Я пытаюся!

– Каб людзі не труціліся. – Дзяўчына страпянулася, ускочыла з нагамі на ложак. – Вы не бачыце? Людзі цёмныя, нічога не разумеюць… Ядуць гэту труцізну, а потым хварэюць, робяць абы-што, самі сябе гатовы пазабіваць. Не месца яму тут!

Пелагея ў злосці схапіла дзяўчыну за руку, сцягнула з ложка.

– Табе ведаць, чаму месца, а чаму – не! Можа, у касінеры яшчэ запішашся? – Пагляд яе ўпаў на сцяну за спінаю Антолькі.– А гэта што?

– Мапа.

– Адкуль яна?

– Пан Фларыян прэзентаваў.– Антолька прыхілілася цясней да сцяны, быццам хочучы абараніць прэзент, прыкрыла мапу далонямі.

Пелагея памкнулася да яе, каб адпіхнуць, і ўжо амаль зрабіла гэта, як у калідоры раптам пачуліся крокі.

Людвік, ружовашчокі з марозу, усунуў галаву ў пакой, недаўменна глянуў на жонку.

– Цырк у вас, ці што? – сказаў і весела прыжмурыў вочы. – Ну, дзеўкі!

– Здагадлівы ты, – у тон яму, паўжартам, сказала Пелагея. І дадала, выходзячы следам у калідор: – Паслязаўтра выбіраюся на Крайну. Дык парупся, каб вазок падрамантавалі.

– На Крайну? – здзівіўся ён. – Быццам гарыць!

– Гарыць! – зазлавала яна. – Неспакойна гэтак наўкола, не ведаеш, чаго чакаць. Лізу на ўсялякі выпадак завязу да Тацяны Мікалаеўны. Ды і падручнікі новыя трэба паглядзець для школы. У губерні сякія-такія клопаты.

– У губерні! Што ж за яны?

– Мая справа, – адказала яна і накіравалася да свайго пакоя. І ўжо ад дзвярэй усмешліва дадала: – Думаеш, у цябе аднаго сакрэты!


Любаша напружылася, пасунулася да сцяны ў жа данні затуліць дзіця ад нечаканых гасцей. Каля дзясят ка мужыкоў, усе з жалязякамі наперавес, абступілі іх, пачалі пераварочваць ложак. Любаша ўхапілася адною рукою за ложак, другою дастала з шуфлядкі бутэль ку з пітвом, шпурнула на сярэдзіну пакоя. Мужыкі пакідалі жалязякі, насядаючы адзін на аднаго, збіліся гуртам ля прэзента. Адзін адкаркаваў бутэльку, адпіў некалькі глыткоў. «Файны напойчык», – сказаў і ад даў пляшку другому, што стаяў побач. Затым першы чыркнуў запалкаю, паднёс яе да гарляка. Змесціва ўнутры пасудзіны ўспыхнула, воблака дыму запоўніла пакой. Мужыкі патапталіся колькі хвілін ля ложка, зноў пахапалі жалязякі, з гучнымі воклічамі рынуліся на двор…

Эдэм (зборнік)

Подняться наверх