Читать книгу Эдэм (зборнік) - Франц Сіўко - Страница 3

Прыпавесці
Удог
Трылогія
Угліс
2

Оглавление

1798

Крайна

І пітво палёгкі не прынесла, наадварот, прыступ млоснасці ўзмацніўся. «Можа, ад лямпы, – падумала Любаша. – Вунь як газаю смярдзіць». Паспрабавала дацягнуцца рукой да шафачкі над узгалоўем, каб выкруціць кнот, але не здолела: перашкаджала рабрына ложка.

Яна прыўзняла плечы, паволі, пядзя за пядзяю намацала далонню паверхню шафачкі, тыцнула пальцамі ў падстаўку. Лямпа гайданулася, саслізнула з падстаўкі і захрасла ў прамежку між столікам і рабрынай. Любаша памкнулася дастаць яе, каб паставіць зноў на стол, але не паспела: узмацніліся схваткі. Боль абхапіў жывот, працяў паясніцу, ірвануўся ўгору, да грудзей. Яна хацела крыкнуць, каб паклікаць пакаёвак, ды было запозна. Лямпа гахнула на падлогу, смярдзючая лужына газы разлілася пад узгалоўем. Языкі агню слізганулі па сцяне, перакінуліся на ложак. Любаша шырэй раскрыла рот, напружылася ўсім целам, паспрабавала выпхнуць з сябе боль. На гэты раз моцы хапіла.

Адчайны, патрабавальны дзіцячы покліч узняўся пад столь, агаласіў паўсонны будынак. З калідора данёсся тупат, пакаёўкі Мар’я і Гапа паказаліся ў дзвярах. Але Любаша іх ужо не бачыла. Тарганулася раз і другі на прасціне, ціха ўскінула ўгору руку і тут жа апусціла яе долу. Пакаёўкі падбеглі да яе, разагналі дым рукамі, узяліся збіваць агонь. Немаўля ва ўзножжы зноў заквіліла. Мар’я, старэйшая і больш дасведчаная, памкнулася да яго, хуценька перагрызла зубамі пупавіну.

Лекар Фокс жвава выскачыў з экіпажа, імкліва падняўся па прыступках на шырокі, упрыгожаны чатырма ружовымі вежамі ганак графскага дома.

– Нарэшце! – выгукнула з палёгкай Марыя Іпатаўна і кінулася яму напярэймы. – Сюды, пане Эдгар!

Любаша, белая, з пасамі воглых валасоў на лбе, нерухома ляжала на ложку.

– Выйдзіце ўсе!

Дзеўкі, а з імі і графіня выйшлі з прапахлага дымам пакоя, збіліся гуртам у калідоры.

Праз колькі хвілін са спальні зноў пачуўся голас лекара. Марыя Іпатаўна распіхнула чалядніц, рынулася на яго.

– Дзяўчынка. – Фокс няспешна памыў рукі, выцер іх ручніком. Затым падышоў да Любашы, узяўся мацаць пульс.

– Графіня!

Марыя Іпатаўна, якая дагэтуль утрапёна глядзела на немаўля, рэзка выпрасталася. Адна з пакаёвак, здагадаўшыся, што да чаго, узахліпкі загаласіла.

Прыадчыненае акно расхінулася насцеж, натужліва скаланулася шыбінай.

– Затохлася, – зніякавелым голасам прамовіў Фокс.

Марыя Іпатаўна схапіла з шафачкі люстэрка, паднесла да вуснаў Любашы.

Спэцканая рaгамі сажы люстраная паверхня маўчала.

Граф Андрэй Мікалаевіч, саракагадовы мужчына з доўгімі, па модзе, бакенбардамі, сядзеў у кабінеце, гартаў паперы. У фатэлі насупраць Марыя Іпатаўна займалася пруткамі.

– Дрэнь усё!

– Што такое, Андрэй? – па твары графіні прабег цень заклапочанасці.

– Горш не бывае. Собіла мне даверыцца гэтаму Козыраву. Усё абы-як, да ручкі дабіў маёнтак. На, сама паглядзі.

Графіня колькі хвілін няўцямна глядзела на паперы.

– Што гэта? Я нічога не разумею. Растлумач даходліва.

– Табе з Алёшам давядзецца пераехаць у Крайну, вось што.

– Мне? – у голасе Марыі Іпатаўны прагучалі і страх, і нязгода. – А ты?

– Тут застануся, – ціха, але цвёрда сказаў граф. – У мяне месца тут, сама ведаеш, як нялёгка яно дасталося. – Ён падышоў да жонкі, узяў за руку. – А ты разумніца, хутка навядзеш там парадак.

– Ці здолею я?

– Здолееш. Фелікса Дыбу, тубыльца, замест Козырава возьмем правіць, і ўсё наладзіцца.

– Хто такі Дыба?

– З ліцвінаў пераселеных. Ён у Крайне ўжо. Не бойся, ён хоць і з паўстанцаў, чалавек памяркоўны. І галоўнае – працавіты.

Графіня ўздыхнула. Ад’езд з горада, ад дабротаў, да якіх прывыкла змалку, яе палохаў. Але пярэчыць мужу не хацелася, і яна пайшла на хітрасць.

– А з Пелагейкай што?

– З Пелагейкай? – Андрэй Мікалаевіч на хвіліну задумаўся. За лёс дзяўчынкі, бацька якой, ягоны бесталковы стрыечны брат-няўдаліца, згінуў падчас бойкі з-за нейкае жанчыны, а маці, выхавацелька іх адзінага з Марыяй Іпатаўнай сына Алёшы, памерла пры родах, ён, чалавек чуллівы і сумленны, адчуваў адказнасць не меншую, чым за лёс уласнага сына.

– Два месяцы дзіцяці, хай бы акрыяла, – даводзіла сваё Марыя Іпатаўна.

– Няхай будзе па-твойму, – задаволены, што ўрэшце перамога, хоць і з пэўнымі саступкамі, засталася за ім, пагадзіўся граф. – Падрасце дзеўка, па вясне выпраўлю з нянькаю да вас у Крайну. А можа, і сам к таму часу перабяруся.

– Добра, Андрэй, як скажаш.

Марыя Іпатаўна ўстала, пайшла да дзвярэй.

У бальнай зале дзевяцігадовы Алёша раскрэсліваў крэйдаю на падлозе квадрацікі для гульні ў класы.

– Плача, чуеш, мама? – сказаў і схаваў за спінаю перапэцканыя крэйдай рукі.

Сапраўды, зверху, з-за галерэі, за якою адразу знаходзіўся дзіцячы пакойчык, даносіўся манатонны і працяжны, як скавытанне шчанюка, голас немаўляці.

Марыя Іпатаўна моўчкі прайшла паўз сына. Дзіцячага плачу яна заўсёды не любіла, а зараз, пасля непрыемнай размовы з мужам, і наогул не жадала чуць.

Дзяўчынка ікнула, зацерабіла ў паветры лыткамі, гарэзліва пацягнулася рукамі да сцяны, дзе вісела мапа.

– Бач ты, вучонаю будзе наша Пелагейка. – Палашка цмокнула малую, расшпіліла на грудзях кофту. Немаўля торкнулася вуснамі ў набрынялую грудзіну, смачна зацмокала.

У пакой увайшла Марыя Іпатаўна. Яна была апранута па-дарожнаму, у вачах свяцілася незадаволенасць.

– Не плача?

– Не. – Палашка пачціва ўсміхнулася. – Вось толькі рукі ўвесь час чамусьці да мапы цягне.

– Значыць, будзе падарожніцай. – Графіня казытнула малую за шчаку. – Мы ад’язджаем з Алёшам у Крайну, а вы, як толькі пацяплее, прыедзеце з Пелагейкай.

– Будзе зроблена.

– Дык да спаткання. – Марыя Іпатаўна змахнула з вейкі слязіну, накіравалася да дзвярэй.

Лета было ранняе, нязвыкла цёплае, з бясконцымі дажджамі. Ужо двойчы нахопліваліся і навальніцы. Насычаная вільгаццю зямля ўранку клубілася парай, зноў ішоў дождж, і здавалася, яму не будзе канца.

Палашка з Пелагеяй збіраліся ў Крайну. Той самы экіпаж, у якім пяць месяцаў таму ад’язджала графіня, стаяў ля ганка. Апошнім узгрузілі на яго кошык з полкамі.

Андрэй Мікалаевіч выняў дзяўчынку з зыбкі, панёс да выхаду. Яна крутнулася ў ягоных руках, паказваючы на сцяну, незадаволена захныкала.

– Што яна хоча?

– А вы не ведаеце? Мапу, вось што! – засмяялася Палашка.

– Мапу? Дык здымі яе і нясі ў экіпаж.

Мапу паклалі ва ўзножжы, і малая, пакуль ехалі да Крайны, засяроджана вадзіла пальцам па звілістых, абы як раскіданых на ёй лініях рэчак і дарог.

– А гэта што? – Марыя Іпатаўна, прыкметна пасвяжэлая на вясковым харчы і паветры, падкінула мапу ўгору, сярдзіта зірнула на Палашку.

– Пелагейка любіць, дык Андрэй Мікалаевіч загадаў узяць, – сцінаючыся пад няўхвальным паглядам, адказала тая.

Графіня колькі часу стаяла ў задуменні.

– Добра, павесьце ў сябе ў флігелі,– сказала нарэшце. Затым рэзка павярнулася, пакрочыла алеяй ў дальні кут сада.

Палашка ўзяла дзіця на рукі, стараючыся не спатыкацца на брукаванцы, якою кругамі быў выкладзены дзядзінец, падалася следам за гаспадыняй.

Слуга Міхей падзівіўся хвіліну-другую на незразумелыя знакі, згарнуў мапу ў скрутак, панёс у флігель.

Эдэм (зборнік)

Подняться наверх