Читать книгу Зграя - - Страница 10

5.

Оглавление

Макс прачнуўся ад кухонных гукаў – шкварчэнне алея, стук патэльні, кіпенне імбрыка. Ён раскрыў вочы і пабачыў Насту, якая гатавала бліны. Яна паглядзела на хлопца.

– Без мяне звыкся спаць да дванаццаці гадзін?

– З табой я падымаўся раней, бо было чым раніцай заняцца.

– Не хочаш расказаць, што ў цябе здарылася і хто гэтыя бандыты? – Наста праігнаравала яго словы.

– Хачу, ды не ведаю як. Сам яшчэ не ўсё зразумеў.

– Я ноччу ўставала. Ты ў сне размаўляў. Нешта пра ваўкоў. Не памятаю за табой такога.

– Гэта так, прыснілася нешта. Мабыць ад стрэсу.

– Сядай есці. Так і быць, пакармлю цябе, а то з голаду памрэш.

– Яшчэ раз дзякуй, што дазволіла застацца.

– Няма за што. Не разлічвай толькі, што гэта нешта мяняе ў нашых адносінах.

– Я і не разлічваю.

Максім сеў і стаў з апетытам есці. Ён так і не навучыўся гатаваць блінцы, асабліва тонкія. А за апошнія месяцы наогул не частаваўся нармальнай ежай – адны ролтаны ды яечня з сасіскамі.

– Смачна есці! – сказалі з дзвярэй кухні.

Хлопец пазнаў голас, хацеў усхапіцца, ды не паспеў. Яго схапілі за патыліцу і моцна ўдарылі тварам аб стол, потым яшчэ раз. Максім адчуў як з носа цячэ кроў. Наста закрычала і нязваны госць кінуўся да яе, ўдарыў дзяўчыну ў жывот. Яна сагнулася папалам, усхліпнула і села на карачкі.

Макс падняў твар і ўбачыў белабрысага з троіцы. Астатніх побач не было.

– Што, збяжаць надумаў? Лічыш нас дурнямі? Думаў не знойдзем цябе? Ты належыш нам, запомні. Мы можам даць усё, што хочаш, альбо зрабіць тваё жыццё невыносным! А гэта што за баба? Каханка?

Максім хацеў падняцца ды кінуцца на белабрысага. Аднак той быў хутчэй – падскочыў, схапіў хлопца за шыю і ўзняў у паветра.

– Я лічу, не трэба з табой лясы тачыць. Калі з першага разу не зразумеў, то ўсе пытанні вырашым па-даросламу. Некалькі маіх урокаў і ты да канца жыцця будзеш слухацца, што рабіць далей. А цяпер…

Наста ззаду засадзіла ў шыю белабрысага нож. Яго пальцы аслаблі і Максім паваліўся на зямлю, стаў хапаць ротам паветра. Малы лёгка выцягнуў нож і павярнуўся да дзяўчыны. Тая забілася ў вугал паміж падваконнем і халадзільнікам, рукамі захіліла твар з галавой, закрычала. Белабрысы хуткім рухам загнаў лязо ў грудзь Насты.

– Сядзела б на месцы і не варушылася – засталася б жывой.

Дзяўчына ўпала і захрыпела. Сэрца Максіма моцна забілася, пераганяючы кроў насычанаю адрэналінам, у вачах пацямнела. Ён адштурхнуўся нагамі, усёй вагай кінуўся на забойцу і рукамі штурхануў яго ў вакно. Белабрысы ўзвыў і праз шкло паляцеў уніз.

Макс нахіліўся над Настай. Яе вочы замерлі і не міргалі. Кроў заліла падлогу маленькай кухні. Дзяўчына памерла.

***

Міліцыя прыехала праз дваццаць хвілін – суседзі паскардзіліся на шум і разбітае шкло. На Максіма надзелі кайданкі і вывелі з пад’езду, нахіліуўшы тварам у падлогу. Хлопец спытаўся – ці знайшлі яны труп забойцы. Яму нічога не адказалі.


Зграя

Подняться наверх