Читать книгу Зграя - - Страница 4

2.

Оглавление

Макс прачнуўся з галаўным болем і дрэнным настроем. Пайшоў на кухню, адкрыў лядоўню і мацюкнуўся – засталося адно яйцо і алей. Глянуў на вуліцу, дзе трэці дзень запар паліла сонца і уздыхнуў. На небе не было ніводнай хмары, а значыць у кватэры цэлы дзень будзе стаяць спякота. А цяпер трэба было ісці ў краму.

“Цікава, чаму ў яе было мокрае адзенне, калі дажджу з аўторка не было?” – праскочыла ў галаве Макса думка пра дзяoxsye з кавярні. Ад нечаканасці ён застыў у адной шкарпэтке. “У каго гэта была адзежа мокрая? А… Цёмнаскурая незнаёмка з недарэчнай гісторыяй пра ваўкоў. Нядзіва, што яны мне ноччу сніліся. Аўкі, Грыкі…”.

Узніклыя вобразы у галаве хлопца былі такімі выразнымі і яркімі, быццам ён у кіно ўчора схадзіў. Макс пасміхнуўся, бо звычайна не запамінаў сны. А гэтым разам нават ваўчыныя імёны ў галаве засталіся.

“Чорт з ім, можа сапраўды ў дзяцінстве падобны фільм глядзеў”.

Ён нацягнуў красоўкі і пайшоў у краму, дзе ўзяў дзве бутэлькі цёмнага піва, каўбасу, яек ды каву. Разлічыўся на касе і рушыў дадому.

Каля пад’езда Макса спынілі трое маладзёнаў, якія паходзілі на герояў гумарыстычнага апавядання ці анекдота. Адзін – малога роста, белабрысы, на выгляд – гадоў шаснаццаць. Другі – чарнявы і высокі, з вусамі і шчаціннем. Яго лоб пераразалі глыбокія зморшчыны. Трэці меў твар без узросту, лысую галаву, а яго вочы глядзелі быццам не на Максіма, а праз яго.

Гэткай жа дзіўнай была іх адзежа. На малым – шыкоўны гарнітур, у якім ён паходзіў на навучэнца элітнай гімназіі. На чарнявым была спартыўная форма сіне-зялёнага колеру і красоўкі – звычайны беларускі гопнік, не інакш. Лысы – панк у скуранай куртцы, падраных джынсах, з металічнымі перснямі і ланцугом на шыі.

– Добры дзень, – пачаў чарнявы, які выглядаў за галоўнага.

Макс спыніўся, бо не мог паскорыць шаг і збяжаць ад непрыемнай кампаніі. Троіца падрыхтавалася – малы стаяў каля ўваходу ў пад’езд, а лысы зайшоў ззаду. “З такімі лепш не сварыцца” – вырашыў хлопец.

– І вам прывітанне.

– Мы цябе чакалі.

– Мяне? Навошта? Цыгарэт няма, бо не палю. Грошай таксама – усё на банкаўскай картцы.

– Грошы нам не патрэбны. Мы хочам пачуць гісторыю.

– Што? Якую яшчэ гісторыю?

– Гісторыю пра ваўкоў.

– Што за глупства, якія ваўкі?

– Учора ты сустракаўся з дзяўчынай. Яна расказала пра ваўкоў. Нам патрэбны працяг.

– Вы з глузду з’ехалі? Нічога я расказваць не буду. Самі прыдумвайце.

– Мы не можам. Гісторыя належыць табе. І мы хацелі б яе… арэндаваць.

– Прабачце, не разумею. Як можна “арэндаваць” гісторыю.

– Што тут незразумелага? – ініцыятыву перахапіў белабрысы. – Ты гаворыш нам працяг, а мы за гэта пакідаем цябе ў спакоі.

– Не пужай, – прамовіў лысы. – Вас Максімам клічуць? Дык вось, Максім, калі зробіце як мы прапануем, то атрымаеце грашовую падзяку. Скажам, сто тысяч. Падумайце над нашай прапановай. Заўтра прыйдзем за вашай згодай.

***

Макс зайшоў у кватэру і зачыніў дзверы на ўсе замкі. Нават на верхні, якім не карыстаўся з самага пераезду.

“Што гэта за хрэнь? Глупства нейкае. Ваўкі, гісторыі, грошы… Зразумела, што справа ў той дзяўчыне. Можа, нехта са знаёмых вырашыў паздзеквацца, ці блогеры флэшмоб ладзяць? Ды й сама троіца – нешта неверагоднае. Ніколі не бачыў такіх розных людзей разам. І што мне рабіць з гэтым? Ай, пайшло яно ўсё. Дзе піва? Не выйду заўтра нікуды з хаты. Паглядзім, што яны зробяць. О, учора ж новая серыя “Вядзьмара” выйшла, трэба глянуць”.

***

Троіца сядзіць каля пад’езда. Яны не размаўляюць, не варушацца, не дыхаюць і не міргаюць. Васкавыя твары замерлі, а вочы глядзяць ў адну кропку. Быццам мадам Цюсо выкінула тры экспанаты са сваёй вялікай калекцыі і цяпер яны чакаюць свайго калекцыянера.


Зграя

Подняться наверх