Читать книгу Зграя - - Страница 13

6.

Оглавление

Максім чацвёрты раз адказваў на адны і тыя ж пытанні – імя, прозвішча, у якіх стасунках знаходзіўся з памерлай, як апынуўся ў кватэры, чаму адбылася сварка, ці ўжываў алкаголь або псіхаактыўныя рэчы, ці меў судзімасці, навошта прынёс нож у заплечніку. Змянялася толькі паслядоўнасць пытанняў. Следчыя з першага погляду прызначылі яго забойцам і хацелі, каб хлопец напісаў “чістосердечное”. Вінаваціць іх за гэта было цяжка – цела белабрысага не знайшлі, у кватэры была кроў Насты і яго – парэзаўся, калі вытаскваў нож. Веб-камера, якую ўсталяваў у пад’ездзе адзін з суседзяў, не зафіксавала нікога чужога.

“Напрошваецца адзіны вывад – губляю розум. Можа сапраўды я забіў Насту? А троіца, ваўкі, цёмнаскурая дзяўчына – мая хворая фантазія”.

– Прапаную апошні раз – напішыце прызнанне. Вам жа лепш будзе, пазбегніце вышэйшай меры пакарання.

У адказ Макс пахістаў галавой. Адзіны, каму стане лепш ад яго “чістосердечного” – гэта сам следчы.

– Ваша права. Потым не трэба бегаць і скаргі з апеляцыямі падаваць. Зараз да вас прыйдзе адвакат. Можа ён дасць вам правільную параду.

– У мяне ёсць адвакат? Я ж не наймаў.

– Значыцца нехта іншы наняў.

Яго адвакатам быў дзіўнаваты бландзін-альбінос з зачэсанымі назад валасамі. На скуры снежнага колеру не было ніводнай зморшчынкі, а вочы свае ён хаваў за круглымі чорнымі шкельцамі акуляраў.

– Прывітанне, Максім. Мяне завуць Філіп Гаўл і я буду вашым адвакатам.

Максу падалося, што яго падманвае слых.

– Паўтарыце, калі ласка, ваша прозвішча?

– Гаўл. Спадар следчы, дазвольце перамовіцца са сваім кліентам сам насам?

Калі яны засталіся адны, Філіп нізка нахіліўся да Максіма і зашаптаў.

– А цяпер слухай – я ведаю ўсё і пра цябе, і пра ваўкоў. Нам трэба збяжаць адсюль, інакш тры твае блізкія сябры хутка прыйдуць у госці. А з-за кратаў ты далёка не збяжыш. Таму выконвай усё, што я скажу.

Адвакат разарваў падкладку пінжака, дастаў адтуль крэм, адкрыў і пачаў намазваць твар Максіма.

– Не варушыся, усё пашкодзіш.

Следам за тварам Філіп абмазаў рукі Максіма. Затым зняў з сябе валасы, якія апынуліся парыком, і начапіў іх на галаву хлопца. Тое ж самае зрабіў з акулярамі і пачаў распранацца.

– Скідай адзежу. Зараз ты ператворышся ў мяне, а я некалькі гадзін пабуду табой.

Пасля пераапранання адвакат зрабіў яшчэ некалькі мазкоў крэмам.

– Цяпер слухай, часу мала. На выхадзе пакажаш мой пропуск, на вуліцы чакае таксі. Кіроўца ведае куды ехаць. На месцы выходзь і ідзі ў хату.

– А калі мяне зловяць? І што будзе з табой?

– Ні аб чым не хвалюйся.

***

Усё атрымалася, як і сказаў Філіп. Ніхто не спыніў Максіма, нічога не спытаў. Міліцыянер нават на пропуск не глянуў. Таксі адвезла яго не за горад, як думаў хлопец, а да адной са старых, цудам не знесеных, хат на Грушаўцы. Знешне яна выглядала закінутай, але знутры падавалася, што гаспадары сышлі хвіліну назад. Пасярод адзінага пакоя стаяў стол з нарэзаным мясам і гароднінай. На ім жа ляжаў ліст:

"Максім, частуйся, адпачывай, чакай мяне. Праз гадзіны тры сустрэнемся".

Макс сеў за стол і апусціў галаву на рукі. Пасля смерці Насты ён выцягнуў з яе грудзей нож і глядзеў на мёртвае цела да прыезду міліцыі. Толькі зараз, у пустой хаце, ён адчуў як накатвае гора, па шчаках паліліся слёзы. Упершыню за дванаццаць гадоў ён плакаў і не мог спыніцца. Наста, ці сапраўды ён любіў яе, ці гэта было звычайнае юнацкае захапленне якое б ніколі не перарасло ў нешта іншае? Ён пра гэта не даведаецца.

“Такое адчуванне, што гэтую троіцу ніхто не бачыць, акрамя мяне. Не, яшчэ бачыла Ася. І Наста таксама. Значыцца, яны не прывіды. Аднак і людзьмі іх назваць нельга. З шыі гэтага малога і кропля крыві не ўпала. Што ж яны такое?”.


Зграя

Подняться наверх