Читать книгу Зграя - - Страница 16
Гісторыя пра апавядальніка
ОглавлениеХлопчык, назавем яго Іван, жыў у Беларусі на пачатку мінулага стагоддзя. У тыя часы, калі дзяржава чамусьці вырашыла, што чалавек можа пражыць без ежы. А таму сілай забірала ўсё да апошняй бульбіны. Ды й зямля ў тых мясцінах была дрэнная – нічога карыснага не расло на ёй. Адзін бурўян. Ён і выратоўваў вёску. Бо траву елі козы ды авечкі, а пасля давалі людзям мяса і малако.
Трэба колькі слоў і пра самога Івана сказаць. Ён жыў з маці і дзедам. Бацька яго некалі прыйшоў у іх вёску разам з польскім войскам, згвалціў маці Вані. І ад гэтай кароткай сувязі з’явіўся на свет хлопчык. І з дзяцінства яго ўсе ненавідзелі.
Мама Вані да яго нараджэння лічылася першай прыгажуняй на вёсцы. Усе казалі, што яна пойдзе замуж за заможнага чалавека. Можа нават у горад паедзе. І дзяўчына таксама верыла ў гэта. Аднак гвалт і нараджэнне хлопчыка ўсё змяніла. А таму маці ненавідзела свайго сына больш за іншых вяскоўцаў. Адзіным чалавекам, які любіў Ваню, быў дзед.
Колькі памятаў сябе, Іван працаваў пастухом у полі. Яму трэба было не столькі глядзець за жывёламі, колькі адпугаць ваўкоў. Рабіць гэта было няцяжка – бярэш дзве драўляныя, гладка выскубленыя пласціны і моцна б’еш адна аб адну. Гук атрымоўваецца падобным на стрэл і ваўкі пужаюцца.
Кожную раніцу Іван падымаўся да ўсходу, а клаўся спаць пазней за ўсіх у хаце. Не дзіва, што аднойчы хлопчык не вытрымаў і, выгнаўшы авечак у поле, заснуў. Ачуняў праз чатыры гадзіны ад мужчынскіх крыкаў. Вялікая зграя галодных ваўкоў напала на статак і загрызла трыццаць авечак. Вяртанне дадому праз усю вёску стала для Вані сапраўдным выпрабаваннем. Нехта пляваў у твар, іншы біў смярдзючай анучай, а адна старуха выліла на яго памыі. Дома на хлопца накінулася маці, узяла дубец і біла яго па нагах і руках, прыгаворваючы:
– Лепш бы цябе ваўкі забралі і з’елі. Нам бы менш ртоў карміць і вёска вольна б уздыхнула. Каб ты здох, нягоднік. Скажу старасце – хай прагоніць цябе з вёскі.
Адступіла яна, калі ад гэтай працы рука знямела. Іван ляжаў на падлозе і плакаў. Не столькі ад болю, колькі ад невыносных слоў.
– Ціха, Ванечка, не трэба плакаць. Жыццё пераменлівае. Сёння яна цябе б’е, а заўтра палюбіць. Хадзем лепш да мяне – раскажу казку.
Дзед пагладзіў хлопца па галаве, падняў на руках і аднёс у ложак.
– Не плач, Ванька. Во бяда – ваўкі авечак пагрызлі. Ды колькі я жыву года не было, каб шэрыя кагосьці не загрызлі. Людзі галадаюць і ваўкі таксама. Мы хочам жыць і яны. Але калі малы ваўчонак не здолее забіць вялікага зубра, ніхто з роднай зграі не будзе кусаць яго за гэта.
Слёзы высахлі на шчаках Вані, ён уважліва слухаў дзеда.
– А ты бачыў нашага старасту? Да кіраўніцтва з горада ліслівы, нібы парасё ў маці цыцку выпрошвае. А як да сваіх адносіцца? Слова добрага не пачуеш! Ды й які з яго кіраўнік? У мінулым годзе адмовіўся збожжа купляць, якое можа на нашых землях расці. Сказаў: “І так пражывем”. Ён-та пражыве, а мы – не. Сярод ваўкоў жа ў зграі важаком становіцца заўсёды самы моцны і разумны. Той, хто ведае як і дзе паляваць, куды ісці, каб паляўнічыя цябе не злавілі. Такім павінен быць сапраўдны кіраўнік. Не тое што ў нас.
– Дзед, атрымоўваецца, ваўкі лепшыя за людзей? І жывецца ім лепш?
– Не ведаю, унучак. Я ж ніколі сярод ваўкоў не жыў.
– А што б яны зрабілі з такім, як я… “непажаданым”?
– “Непажаданым”… Маці навучыла так казаць? У шэрых няма чужых ці сваіх ваўчанят. Калі ты нарадзіўся ў зграі, то ўся зграя – твая сям’я. Ніхто не будзе шукаць – хто твой бацька, а хто маці. У ваўкоў усё проста – калі ты са зграяй, цябе будуць любіць.
Ваня працягваў працаваць пастухом і трываць здзекі аднавяскоўцаў. Аднак з таго дня ён не звяртаў на гэта ўвагі, бо стаў уяўляць на месцы аднавяскоўцаў ваўкоў. Сядае ў траве, трымае драўляныя пласціны ў руках і думае: “А што б было, калі б замест людзей паўсюль жылі ваўкі? Якія б законы ў іх былі? Як бы яны размаўлялі?”. І сам адказваў на гэтыя пытанні. Так, павольна, у галаве хлопчыка ствараўся ваўчыны свет. Насамрэч, ваўкі Вані мала паходзілі на сапраўдных, жывых ваўкоў. Уяўленне хлопчыка пра іх было складзена з фантазій і аповедаў дзеда.
Хутка ў Івана з’явіўся і лепшы сябар – Антоні, мясцовы дурань, над якім смяялася ўся вёска. А любімае захапленне старасты вёскі –падпальваць адзежу Антонія і глядзець, як той весела бегае і збівае агонь рукамі. Увесь час дурань пасміхаўся, нават калі яго білі.
Аднаго разу Антоні прыйшоў на поле, дзе пасвіліся авечкі і сеў каля Вані. Той пабачыў ваўка і ляснуў пласцінкамі. Дурны спужаўся і хацеў збяжаць, ды хлопчыку стала сорамна. Ён спыніў яго, пасадзіў каля сябе і расказаў гісторыю пра ваўкоў. Так Антоні стаў прыходзіць кожны дзень і слухаць аповеды.
Чым старэйшы рабіўся Іван, тым больш часу праводзіў не ў нашай рэчаіснасці, а ў сваім уяўленні. Не, ён не здурнеў, проста паверыў, што ваўчыны свет існуе і туды можна збегчы. Таксама ў гэта верыў і Антоні, які ўсё слухаў і запамінаў.
Калі Ване споўнілася сямнаццаць пачалася вайна, на якой ён і загінуў. Але свет ваўкоў застаўся жыць у галаве Антонія. Дурань мог дакладна ўспомніць кожную гісторыю Івана нават праз дваццаць гадоў пасля смерці свайго сябра.
Адной ноччу яму прысніўся ваўчыны сон. Усё адбывалася ў свеце, які стварыў Іван. Толькі гісторыі былі іншымі, новымі. І яны так захапілі старога Антонія, што ён імі падзяліцца.
Так Іван стаў стваральнікам сусвета Ваўкоў, а Антоні – першым апавядальнікам.
***
– Ну, як табе казка пра хлопца, дурня і ваўкоў? Не, лепш назваць яе “Гісторыя стваральніка сусветаў”.
– Гэта праўда?
– Напэўна.
– Як гэта – “напэўна”? Ты што, усё выдумаў?
– Не. Я ж кажу – з дзяцінства бачыў сны. Нешта запомніў, дэталі дадумаў, частку выдумаў.
– А сам ты верыш у тое, што расказаў?
– Чаму б і не? Нашы думкі ствараюць сусветы, калі мы сапраўды паверым у свае фантазіі. Пра астатняе даведаемся заўтра.
– Дзе?
– Не дзе, а ў каго. Троіца прыйдзе ў госці.
– Што? Яны знайшлі твой дом?
Філіп пасміхнуўся.
– Ты не зразумеў? Ад іх немагчыма схавацца. Яны заўсёды ведаюць дзе ты. Нават схавайся ты пад зямлёй у цынкавым бункеры, гэтыя лёгка да цябе прыйдуць. Таму я не стаў чакаць, а сам іх запрасіў.
– Яны прыйдуць сюды… Ты казаў, у цябе ёсць дубальтоўка…
– Не, зброю ты не атрымаеш. Аднаго можа і паспееш забіць, а астатнія збягуць і лёгка зарэжуць у сне цябе ці тваіх родных. Трэба быць асцярожным з тым, што не да канца разумееш. Абяцай, што не ўтворыш глупстваў заўтра.
– Буду старацца.
– Гэтага недастаткова. У мяне з імі дамоўленасць – яны не чыняць шкоды людзям і дамаўляюцца з апавядальнікамі. Да твайго з’яўлення ўсё было добра. А цябе ад пачатку моцна прэсавалі, ды яшчэ забойства… Трэба зразумець, што здарылася. Таму абяцай, што калі яны прыйдцуь, ты будзеш сядзець і слухаць нашу размову моўчкі. Інакш сустрэчы не будзе. У мяне таксама ёсць сябры і родныя. Не хачу, каб іх жыццю нешта пагражала.
– Добра, я абяцаю.
***
Троіца сядзела ў парку і чакала. Іх целы выглядалі такімі ж мёртвымі, як і раней, а вочы свяціліся нецярплівасцю, страхам і гневам.