Читать книгу Зграя - - Страница 9

Воўчы сон

Оглавление

Гаўл стаяў на мяжы і чакаў. Згодна з традыцыямі зграі маглі размаўляць толькі так – стоячы на сваёй тэрыторыі. Воўк завываў тройчы, аднак дагэтуль ніхто не прыйшоў. Альбо ўсе ваўкі іншай зграі далёка і не чуюць, альбо не хочуць размаўляць.

“Буду чакаць, колькі трэба. Хто-небудзь павінны прыйсці. Ці каб размаўляць, ці каб забіць. Шляху назад няма, інакш Аўк з Грыкам з радасцю прагоняць мяне са зграі”.

Зграя Алык-Ачын, на мяжы якой сядзеў Гаўл, ніколі не была добрым суседам. За апошнія сорак гадоў яна тройчы ваявала з суседзямі. Аднаго разу і з Суу-Ардун. Але вінаваціць ваўкоў у гэтым нельга. Іх зямля – пустэльня, дзе няма ежы, вады і немагчыма збудаваць добрую ферму. З-за гэтага іншыя зграі не хацелі захопліваць гэту тэрыторую – каму патрэбны камяні ды пыл? Цікава, што апошнія пятнаццаць гадоў Алык-Ачын не ваявалі.

Гаўл завыў яшчэ раз і ў гэты ж момант з лесу выбеглі чатыры вялікіх ваўка – тры маладыя ашчэрылі зубы. Чацвёрты, старэйшы, нізка нахіліўся, рыхтуючыся да скоку. Гаўл падціснуў хвост, але не сышоў з месца. Секунды ператварыліся ў хвіліны, а потым адзін з супернікаў засмяяўся.

– Я вырашыў, што Суу-Ардун пайшлі на нас вайной. А яны нейкага калеку падаслалі. Што табе трэба, воўк? Спадзяюся, ты не па сваім жаданні сюды прыйшоў, а па ўказанні важака. Інакш жывым не сыдзеш.

– Мяне паслаў важак. Я хачу размаўляць з уладаром Алык-Ачын. А лепш выказацца на сходзе зграі.

Старэйшы воўк ашчэрыў зубы ва ўсмешцы.

– Ты мне падабаешся. Мяне клічуць Акіра. Скажы сваё імя.

– Я – Гаўл.

Гаўл расслабіўся. Па традыцыі, калі воўк гаворыць сваё імя, ён не будзе нападаць.

– Гаўл… Я ведаю цябе. Наша выведка добра працуе. Ты – адзінец.

– Пад гэтай мянушкай мяне ведаюць у зграі.

– І ты хочаш, каб мы паверылі, што Грык накіруе ў якасці пасла такога, як ты?

– Яму не шкада, калі мяне заб’юць.

– Можа і так. І што хоча нам сказаць зграя Суу-Ардун?

– Я буду размаўляць альбо з важаком, альбо на сходзе.

– Калі так, то можаш гаварыць. Я – важак Алык-Ачын. І мне крыўдна, што ў вас гэтага не ведаюць.

– Ты – важак? І прыйшоў на мяжу пад аховай трох ваўкоў? Гэта ж самагубства.

– Ты так лічыш? Павер, нават калі б тут было дваццаць вашых ваўкоў, перамога была б на маім баку. Гавары, не хачу вабіць з табой шмат часу.

– Белыя ваўкі падышлі да межаў нашай тэрыторыі. А праз месяц ці менш яны змятуць нас і прыйдуць да вас.

Акіра стаў сур’ёзным. З яго пысы знікла ўсмешка.

– Белыя. Мы чулі пра іх. Аднак не ведалі, што яны настолькі блізка. Добра, Гаўл, праходзь на нашу тэрыторыю. Даю свой дазвол. Між іншым, ты станеш першым ваўком за дзвесце гадоў, які прыйшоў да нас не з вайной.


Зграя

Подняться наверх