Читать книгу Зграя - - Страница 12
Гісторыя пра ваўчыную каралеву
ОглавлениеМяне клічуць Акіра. Такое імя было ў маёй маці. Таму ваўки міжсобку гавораць Акіра Другая. Я не крыўджуся. Бо імя нічога не значыць без адносін. А мяне паважаюць.
Не буду расказваць пра апошнюю вайну. Яна, напэўна, была падобнай да любой іншай вайны – ваўкі ды ваўчыцы без шкадавання забіваюць адно аднаго. Бо так павялося ад самага з’яўлення ўсіх ваўкоў: твая зграя – гэта сям’я, а іншая – ворагі.
Я раскажу пра заканчэнне вайны. Тую гісторыю, якую расказала мне маці. Ворагі Алык-Ачын адпомсцілі нам, пераможаным. Забралі ўсю ежу ды спалілі нешматлікія драўляныя пабудовы. Але не спыніліся на гэтым. Відаць марылі, каб тут засталася мёртвая пустэльня. А таму забілі ўсіх ваўчанят. І наша згаря, дакладней тыя шэсць дзясяткаў ваўкоў якія ад яе засталіся, стаялі і бездапаможна на гэта глядзелі. Інакш загінулі б усе. Чужыя абшукалі кожную хату, нару ды дзірку ў зямлі і загрызлі ўсіх шчанюкоў. Іх мёртвыя целы выцягнулі ў сярэдзіну горада і сышлі.
Мы зліліся, але не на ворагаў. Разумелі, што на іх месцы зрабілі б тое ж самае. Нас не задавальняла становішча галодных і слабых. Мы хацелі жыць, як астатнія зграі, хацелі дабрабыту і міру. І ў гэты момант агульнай роспачы да мёртвых шчанюкоў выйшаў важак і стаў рычэць:
– Нічога, ваўчыцы новых панараджаюць. А праз пяць гадоў мы зноў пойдзем на вайну і адпомсцім.
Ваўкі і ваўчыцы глядзелі на яго і не разумелі – што ён кажа. Які дурань пасля перажытога захоча ваяваць? А ён не спыняўся.
– Мы прыйдзем у іх горад, заб’ем шчанюкоў, а пасля згвалтуем ваўчыц. А іх тэрыторыі стануць нашымі. Бо мы знішчым кожнага ваўка ня нашай зграі.
Мая маці не вытрымала і кінулася ўперад. Схапіла важака за шыю, пракусіла скуру і паваліла на зямлю. Важак быў вялікім ваўком, самым моцны з тых, хто застаўся. Аднак на баку маці былі нечаканасць і гнеў. Ён кінуўся ўбок і вырваўся з яе пашчы. Кроў лілася ручаём, заліла мёртвых дзяцей. Важак стаяў над імі і цяжка дыхаў. Нахіліўся каб скокнуць і не здолеў падняцца на ногі.
Ваўкі і ваўчыцы, старыя і маладыя нічога не сказалі маёй маці ў той дзень. І ў наступны таксама. Усе працавалі – пахавалі целы мёртвых, адбудавалі жытло, паляўнічыя здабывалі ежу каб пракарміць зграю. А потым нехта з ваўкоў падыйшоў да маці і спытаў – як яна лічыць, ці будзе бяспечным ісці на паляванне да мяжы. Праз дзень іншы воўк спытаўся – дзе лепш трымаць параненых ваўкоў і што рабіць з калечанымі. А праз тыдзень маці зразумела, што вырашае ўсе пытанні зграі. Яе прызналі уладаром.
Не, гэта не спужала, наадварот. Яна зразумела – так павінна быць. І ў хуткім часе перабралася ў будку былога важака і паклікала сход. На ім яна абвесціла, што наракае сябе каралевай. І з гэтага дня ваўкі больш не будуць кіраваць зграяй Алык-Ачын – толькі ваўчыцы.
Думаю табе цікава, як мы дайшлі да традыцый, пра якія ты сёння даведаўся. Маці мне расказвала. Калі ў нас засталося мала ваўкоў і зусім не засталося шчанюкоў, згаря Алык-Ачын упершыню была сытая. Наша зямля, тэрыторыя, адведзеная лёсам, лёгка магла пракарміць шэсцьдзесят ваўкоў і пакідала галоднымі чатырыста. Таму каб жыць сярод нас і быць нашым братам ці сястрой, мала нарадзіцца ў зграі. З першага дня жыцця трэба даказваць сваю карысць.
Кожны нашай крыві вучыцца паляваць, будаваць і біцца. У бойцы адзін на адзін мой воўк лёгка пераможа вашага. Нават калі з нашага боку будзе ваўчыца ці сямнаццацігадовы стары.
Праўда, кошт такой моцы вялікі. Не кожная зграя пагодзіцца яго плаціць. І не кожная зграя заключыць з намі дамову. Таму заўтра, калі сустрэнешся са сваім уладаром, раскажы яму пра ўсё, нічога не хавай. Калі ён прыме нашу прапанову, мы станем хаўруснікамі. Калі не, то праз месяц ці два мы будзем самастойна біцца з белымі, якія пройдуць праз вашу тэрыторыю так лёгка, як зубы маёй маці прайшлі праз шыю нашага важака.