Читать книгу Зграя - - Страница 5
Воўчы сон
ОглавлениеГрык сядзеў на ўзвышэнні, побач ляжаў Аўк. Тры сотні ваўкоў зграі Суу-Ардун – усе дарослыя, хто мог хадзіць – стаялі насупраць і моўчкі чакалі. Бо закон зграі – пакуль важак гаворыць, астатнія сядзяць ціха.
– Браты і сёстры, думаю вы ўсе чулі навіны з поўначы, якія прынеслі ваўкі зграі Агыр-Санан. Тысячы белых ваўкоў, якія не разумеюць мовы і лічуць нас ворагамі, праз месяц прыйдуць на нашу зямлю, – Грык адразу перайшоў да галоўнага. – Я склікаў сход, каб вырашыць – што нам рабіць. Белыя мацней, іх больш і з імі немагчыма паразумецца. Мабыць яны як і дзікія звяры не маюць розуму. Таму трэба вырашыць – будзем змагацца з імі, прайграем і нас з’ядуць, альбо пойдзем на поўдзень, на землі іншай зграі, дзе нас таксама заб’юць, але пахаваюць па ваўчыных звычаях. Я сказаў.
Пасля апошніх слоў шэрая маса пачала падвываць і перагаворвацца. А грамчэй за ўсіх – маладыя ваўкі, кожны з якіх марыў заняць месца Грыка. Зараз ён іх не баяўся, бо ў чэснай бойцы мог перамагчы любога са сваёй зграі.
– Ціха, цяпер я хачу слухаць вас.
Зграя супакоілася. Кожны, хто хацеў выказацца, мог выйсці наперад і гаварыць. Першым да Грыка падышоў Аўчылак, малады высокі воўк з шэра-зялёнымі вачамі.
– Уладар, мы разумеем, што навала з поўначы можа скончыць зямны век нашай зграі. Але бяжаць ад небяспекі як трусы нельга. Любы воўк лепш загіне ў бойцы, чым будзе чакаць, каб воўк іншай зграі перагрыз яму глотку. Таму лічу, што мы павінны змагацца.
– Я цябе пачуў, Аўчылак. Хто яшчэ хоча гаварыць?
Астатнія маўчалі. Нікому не хацелася бегчы са сваёй зямлі.
– Калі ўсе маўчаць, то скажыце, як нам змагацца з белымі. Аўчалык, кажы ты.
–Мы павінны чакаць іх у лесе і ў чэснай бойцы забіць усіх.
– Аўчалык, чэсная бойка – гэта калі воўк б’ецца з ваўком сам насам. А тут кожнаму прыйдзецца біцца з дзясяткам ворагаў. Хто яшчэ хоча гаварыць?
– Я хачу, – да ўзвышэння выйшла Сурта, старая ваўчыца з сівой поўсцю, маці Грыка. Яна заўсёды агучвала пазіцыю ўсіх ваўчыц зграі.
– Мы слухаем цябе, Сурта.
– Аўчалык малады гарачы воўк. Ён хоча біцца і памерці. Кроў гоніць яго ўперад, а мазгі не працуюць. Калі і біцца з белымі, то рабіць гэта трэба за сценамі, якія мы зараз будуем. І чым вышэй яны будуць, тым лепш. Трэба падумаць над тактыкай. Я ведаю, што мы загінем, аднак жыццё трэба аддаць як мага даражэй. І яшчэ…
– Я хачу гаварыць!
Сурта змоўкла. Усе паглядзелі ў бок нахабніка, які перарваў гаворачага на сходзе. Гаўл – малады, але слабы воўк, які не цаніў традыцыі і трымаўся асобна ад астатніх. Ён не працаваў разам са зграяй, самастойна паляваў і жыў у сваё задавальненне. Такія як ён былі ў кожнай зграі. Астатнія рабілі выгляд, што іх не існуе. За вочы такіх ваўкоў абразліва называлі “адзінцамі” ці “самотнікамі”.
– Вітаю цябе на сходзе, Гаўл. Калі не памыляюся, гэта твой першы сход за жыццё. Ты спыніў слова паважанай Сурты і лічыш, што мы будзем цябе слухаць?
– Грык. Нашто мне было хадзіць на іншыя сходы, Грык? Каб вырашыць, колькі зуброў трэба з’есці? Ці ў якім лесе спыніць паляванне, каб цалкам не знічтожыць усіх жывёл? А можа, каб выбіраць ваўкоў на будоўлю фермы? Я прыйшоў на сход, калі ўсёй зграі, не, нават усім ваўкам пагражае небяспека. І вы павінны мяне слухаць. Бо я ведаю, як выратавацца.
– Добра, Гаўл. Мы выслухаем цябе. Аднак ведай, калі ты перарваў Сутру з-за нейкіх глупстваў, то пасля сходу табе прыйдзецца бяжаць як мага хутчэй, інакш застанешся без хваста і вушэй.
– Я згодны. Але гаварыць буду толькі з табой і Аўкам. Усё роўна рашэнне прынятае – мы будзем змагацца з белымі. І не ў лесе, як таго хоча Аўчылак, а за сценамі, як сказала мудрая Сурта. Таму дазволь размаўляць асабіста.
– Калі так, то Сурта можа працягваць.
– Мне больш няма чаго казаць, Грык.
– Ёсць у каго што сказаць? Калі не, то сход скончаны.