Читать книгу Абое рабое - - Страница 10

Непаслухмяны

Оглавление

У далёкіх паездках нішто так не палохае, як выпадковыя спадарожнікі. Асаблівы «падарунак» у дарогу – чужыя дзеці… Трохгадовы Мікіта з першых хвілін заняў усю прастору аўтобуса. Спачатку ён атакаваў прысутных віскамі і крыкамі. Але большасць слухачоў хутка прывыклі да яго адвольнай праграмы, і ён прыняўся за тых, хто быў ізаляваны ад прагляду прадстаўлення. Мікіта ўзяўся за моладзь: з незвычайным энтузіязмам ён падбягаў да студэнтаў, зрываў з іх навушнікі, пасля чаго дарыў цёплую ціхую ўсмешку і тут жа нечакана на вуха «жахаў», як студзёнай вадой з вядра, сваёй пранізлівай крычалкай.

Астраўком спакою і абыякавасці была толькі мама хулігана. Прыкрыўшы вочы, яна рабіла выгляд, што дрэмле. Праз паўгадзіны нашага падарожжа рэпертуар маленькага артыста рэзка змяніўся: свабоды здалося мала, і дзіця гучна, працягла і манатонна заплакала, тупаючы нагамі і стукаючы маленькімі кулачкамі па мамчыных каленках.

Гледачы падзяліліся на два лагеры. Адны папракалі матулю за няўменне выхоўваць дзіця, іншыя шкадавалі яе. Маладая жанчына крыва ўсміхалася, патупіўшы позірк. Ці то гэта была ахоўная рэакцыя яе арганізма, ці то яна сама здзеквалася з усіх, цяжка было сказаць.

Але пажылая дама з бэзавымі, кучаравымі і пухнатымі да празрыстасці валасамі затрэслася ад абурэння:

– І не сорамна вам?! Увесь аўтобус у закладніках у вашага дзіцяці!

Мікіта не застаўся ў даўгу і, зваліўшыся ў праём паміж радамі, аглушальнымі крыкамі пачаў абараняць анямелую, спалоханую матулю.

– Трэба непаслухмянага хлопчыка і яго маму ў лесе высадзіць! Хай іх ваўкі з’ядуць! – пажартаваў сур’ёзны мужчына ў касцюме і акулярах.

Але Мікіта выдатна разумеў злую іронію незнаёмага дзядзечкі і не думаў здавацца.

Па ўсіх законах тэатра ў такі момант павінна было адбыцца нешта нечаканае і вострае.

І тут зашаргацела газета…

Выратавальніца пасадзіла малога на калені і ціхенька прашаптала:

– Мяне завуць Валянціна Дзмітрыеўна. І я чытаю вельмі цікавую газету. Адгадай, як яна называецца?

Хлопчык здзіўлена і зацікаўлена паглядзеў на жанчыну.

– А ну, давай хуценька знойдзем яе назву… Дзе яна тут схавалася? Ты ж такі разумненькі, кемлівы! Будучы выдатнік.

Мікіта ўмомант падцягнуўся, уважліва паглядзеў на сваю настаўніцу і дзелавіта сказаў:

– Я ведаю, у пачатку будзе назва, давайце пагартаем…

– Давай пагартаем, – паўшэптам паўтарыла Валянціна Дзмітрыеўна.

Пасля Мікіта шукаў у загалоўках літары «а», «о» і «у», лічыў старонкі, меркаваў, да якіх падзей размешчаны фатаграфіі, і распавядаў, пра што б ён напісаў у газеце. А праз пятнаццаць хвілін наш забіяка заснуў моцным сном.

– Хутка, аднак, вы яго абяззброілі! – усміхнуўся сур’ёзны мужчына ў акулярах. – Вы, напэўна, па адукацыі педагог?

– Увага – вось што абяззбройвае! – усміхнулася Валянціна Дзмітрыеўна. – Усе любяць, каб да іх ставіліся ўважліва… А па прафесіі я садавод…

Я заплюшчыла вочы і ўявіла летні духмяны сад Валянціны Дзмітрыеўны… Як пяшчотна ветрык гайдае цяжкія галінкі з сакавітымі чырвонымі яблыкамі, а потым буйныя кроплі цёплага жнівеньскага дажджу… Насычаныя пахі яблычнага павідла, кампоту… «Вось прыеду дахаты, і адразу куплю першых смачных яблыкаў, – скрозь дрымоту падумала я, – усе вечарам будуць стомленыя, знерваваныя, а я да дамачадцаў з вітамінамі Увагі».

Абое рабое

Подняться наверх