Читать книгу Абое рабое - - Страница 2

Добра пасядзелi…

Оглавление

Ранішнім суботнім вечарам у Косці Сямёнава зазваніў тэлефон.

– Пазнаў? – пачуў ён на тым канцы проваду басавіты голас.

– Сярожка! Вядзёркін! Як не пазнаць твой голас?! Колькі гадоў не бачыліся! – узрадаваўся Косця.

– Амаль дваццаць! – заўважыў Вядзёркін.

У доўгай размове прыпомнілі ўсё: і як працавалі ў адным кабінеце, і якія святы ладзілі, і як у камандзіроўкі ездзілі.

– А давай, Сямёнаў, у гонар нашай сустрэчы на рыбалку махнём! – прапанаваў Вядзёркін. – Уяўляеш: ранішняе паветра, жаўрукі спяваюць, конікі ў траве стракочуць…

– Не, – запярэчыў Сямёнаў – Нудоцце гэтая рыбалка. Яшчэ і камары грызуць. Ды ў мяне і рыбацкіх прылад няма. Давай лепш у рэстаран сходзім! Вып’ем, закусім, патанцуем…

– Не, – адмовіўся Вядзёркін, – што той рэстаран? Там не пагутарыш: музыка раве, шмат людзей… І дорага, між іншым… Слухай, а давай лепш я да цябе ў госці з падарункам прыйду. Прынясу дамашняе віно! Смачнае, духмянае…

– Не, віно я не люблю… Лепш піва. Да і нязручна зараз у мяне. Цешча з вёскі прыехала і кожны дзень сваіх сябровак на каву запрашае. Давай лепш я да цябе прыйду з вясковымі прысмакамі – варэнне малінавае, кампот грушавы…

– Не трэба, – захваляваўся Вядзёркін, – у мяне цукровы дыябет. І сабака дома вось-вось павінна ашчаніцца… Ведаеш, што? А давай у «Вайберы» сустрэнемся!

– Давай! – узрадаваўся Сямёнаў.

Так і зрабілі. Адзін даслаў сябру відэа, як выпіў за яго здароўе дамашняе віно, другі – сюжэт з півам. Сямёнаў яшчэ паказаў, якія на выгляд смачныя вясковыя нарыхтоўкі. Вядзёркін прадэманстраваў на фота свае дарагія рыбацкія снасці.

Карацей кажучы, добра пасядзелі… Нядорога, у цяпле, без назойлівых камароў і надакучлівай музыкі…

Абое рабое

Подняться наверх