Читать книгу Абое рабое - - Страница 4
Рэцэпцiк
Оглавление– Як справы, Наста? Як настрой перад святам? – пацікавілася па тэлефоне ў сяброўкі Вера.
– Ды ніяк… Вось сяджу зараз на кухні, гляджу на чысцюткія каструлі ды галаву ламаю: што прыгатаваць на свята? – паскардзілася Наста. – Салата аліўе надакучыла, рысам з крабавымі палачкамі гасцей таксама не здзівіш…
– А я ўчора глядзела перадачу «Нам так не есці» з Аленай Чабурэкавай і запісала вельмі добры рэцэпцік! – Хочаш, і табе прадыктую?
– Ну, малайчына, Верка! – узрадавалася Наста і пабегла шукаць паперку і аловак…
– Запісвай! – падала каманду Вера. – Бяром 250 грамаў сушанага папартніку і кіпяцім яго ў каньяку…
– Пачакай, – спыніла сяброўку Наста. – Дзе гэта зімой узяць папаратнік? І ён жа, напэўна, горкі і нясмачны. Ды і каньяк шкада. Я збіралася пляшачку на стол паставіць…
– Такой бяды! – адказала Вера. – Папаратнік можна кропам замяніць, а каньяк так выпіць. У прыкуску да салаты. Запісвай далей… Дабаўляем у гэтую масу (у нас пакуль – проста кроп) авакада і манга.
– Авакада дараго-о-о-е, – пацягнула Наста. – А манга я наогул ніколі не бачыла.
– Ну і што? – здзівілася Вера. – Я таксама авакада не буду ў гэтую салату крышыць. І сапраўды дорага. Мяняем яго на бульбу. А манга на смак як звычайная леташняя морква. Я каштавала – ведаю…
– Запісваю: бульба і морква, – кажа Наста, водзячы алоўкам па паперцы.
– Далей. Варым адно страусавае яйка. Але я буду браць звычайныя курыныя, – уносіць карэктывы па ходзе чытання Вера. – Потым дабаўляем каперсы…
– А што гэта такое?
– А хто яго ведае! Па-мойму, нешта сярэдняе паміж салёным агурком і зялёным гарошкам…
– Зразумела, – адказвае Наста. – Агуркі і гарошак.
– Адварваем мяса каракаціцы…
– Цьфу! Брыдота якая! – абураецца Наста. – А можна замест яго варанай каўбаскі дабавіць?
– Можна! – пагаджаецца Вера і радасна дадае: – А цяпер – фінальны акорд! Запраўляем салату кунжутавым алеем і прыправай «Тыбі-дыбі». Але паколькі знайсці іх няпроста, бяром звычайны маянэз!
– Дык што ж гэта атрымліваецца? – здзівілася Наста. – Зноў салата аліўе?!
Вера задумалася і здзіўлена вымавіла:
– Сапраўды, аліўе!
Сяброўкі прыціхлі, задумаліся над такой гастранамічнай задачкай…
– А ведаеш, Вера! – адгукнулася Наста. – Можа, і някепска будзе… Адзін стары рэцэпт лепш за новыя два!
– І праўда! – пагадзілася Вера. – Аліўе, дык аліўе! Не будзем парушаць святочных традыцый…