Читать книгу Абое рабое - - Страница 5

Эх, свабода!

Оглавление

Алена Пятроўна працавала ў школе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. І трэба ж! У самым разгары педагагічнай дзейнасці адправілі Алену Пятроўну на пенсію. Дырэктар папрасіў заслужаную настаўніцу саступіць месца маладому спецыялісту. Рабіць няма чаго – давялося ёй пакінуць школу…

Пасядзела настаўніца з тыдзень без працы, пасумавала і вырашыла хаця б у сценах роднага дома папрацаваць на ўсеагульную карысць.

Былая настаўніца адразу правяла гутарку з мясцовымі падлеткамі аб шкодзе курэння, злоўжывальнікам алкаголю раздала агітоўкі за здаровы лад жыцця, арганізавала суботнік, каб навесці парадак у падвалах і на лесвічных пляцоўках, прыцягнула суседзяў да азелянення пад’ездаў і разбіўкі клумб.

Пляваліся, вядома ж, жыхары ад такой яе ініцыятывы, але аслухацца ні ў чым не асмеліліся. Бо для ўсіх яна ў памяці была строгай, патрабавальнай настаўніцай.

– Калісьці яна майго Сярожаньку закатавала сваёй матэматыкай, – абуралася суседка Галіна, – а цяпер яшчэ за мужа ўзялася – буклет вось прынесла… Але, з іншага боку, можа, яно і да лепшага… Лайдак мяне не слухае, дык хоць суседка розуму навучыць.

– Вядома, да лепшага! – згаджалася суседка з другога паверха. – Вось і ў падвале прыбралі, і каля дома зараз чысціня… І за маім чатырнаццацігадовым неслухам яна сочыць… Толькі ён за цыгарэту возьмецца – а яна тут як тут. Раз – і за вуха яго! Мяне сынуля не баіцца, а яе як убачыць – адразу па стойцы смірна.

За кароткі час Алена Пятроўна навяла ў панэльнай пяціпавярхоўцы ўзорны парадак. А энергіі ў яе па-ранейшаму – хоць адбаўляй!

– Будзем пляцоўку дзіцячую і рамонт у двары рабіць! – вырашыла пенсіянерка.

Прайшлася яна па кватэрах і сабрала з усіх подпісы ў падтрымку дваровага рамонту. Потым адправіла патрэбныя паперы і ў мясцовую ЖКГ, і ў гарвыканкам, аблвыканкам… Хадзіла Алена Пятроўна па кабінетах, вяла доўгую перапіску з чыноўнікамі! І ўсё-такі дамаглася свайго!

Напачатку лета разгарнулася ў двары грандыёзная будоўля. Паставілі рабочыя і новыя лавачкі, і дзіцячы гарадок зрабілі, і сучасныя ліхтары запалілі, і на дарожках плітку замянілі, і дрэвы пасадзілі. Словам, стаў двор узорна-паказальным. Нават тэлебачанне прыязджала сюды перадачу здымаць!

Не нарадуюцца жыхары дома, і пры сустрэчы энтузіастцы словы ўдзячнасці гавораць, здароўя ёй жадаюць…

Ды раптам Алену Пятроўну зноў на працу паклікалі. Праўда, у іншую школу – звычайную і за горадам, дзе настаўнікаў не хапае. Прыйшлося жанчыне пераехаць жыць на сваю дачу, каб бліжэй да пасялковай школы дабірацца…

– Паехала Пятроўна? – у той жа дзень шэптам спытаў у суседкі Грыша Канаплянік.

– Угу, – буркнула ў адказ Надзька Шастапёрава. – Сабрала манаткі і сёння раніцай адчаліла! Хоць уздыхнем спакойна…

Узняла Надзька з падлогі свае цяжкія тазы і пайшла на вуліцу бялізну развешваць.

Грышка Канаплянік гучна пацягнуўся, смачна плюнуў на бліскучую плітку лесвічнай пляцоўкі і пайшоў следам за суседкай. На ганку ён яшчэ раз плюнуў, попел на лавачку строс:

– Слава Богу, паехала! Эх, свабода!

– Свабода! – пацвердзіла Надзька Шастапёрова. – Не паспела Пятроўна з’ехаць, а ўжо хтосьці вяроўку бялізнавую зняў.

– Свабода! – паўтаралі адзін за другім жыхары старой пяціпавярхоўкі, і дзень за днём мяняўся двор. У ліхтарах выкручвалі лямпачкі, ламалі дзіцячыя арэлі, спраўлялі патрэбу каты ў закінутай пясочніцы, выкарчоўвалі кусты руж і агрэсту.

– Свабода! – цынічна ўсміхаўся раздзяўбанымі дзвярыма і пагнутымі парэнчамі былы ўзорна-паказальны пад’езд.

Абое рабое

Подняться наверх