Читать книгу Абое рабое - - Страница 3
У пошуках сапраўднага Новага года
ОглавлениеЗа тры гадзіны да бою навагодніх курантаў я пастукалася ў дзверы да сваёй сяброўкі, якую не бачыла амаль ад самага заканчэння школы.
– Алеська! Як усё змянілася за гэты час у тваёй кватэры! Памятаю, каля ўваходу ў залу стаяла велізарная шафа з кнігамі. Далей быў круглы стол з накрухмаленай сурвэткай, а над ім на сцяне вісела гітара. А тэлевізар, які ўвесь час шыпеў ды на самым цікавым месцы мог паламацца? – я спынілася на парозе і пачала азірацца.
– Дарэчы, а дзе твой тэлевізар? Які ж без яго Новы год?
– А няма ў мяне цяпер гэтай скрынкі, – паціснула плячыма сяброўка дзяцінства.
– Дзе ж ён?
– Яго з’елі! – загадкава адказала Алеська.
– Хто з’еў? – не зразумела я.
– Быццам не ведаеш гэтых нахабнікаў? – здзівілася яна. – Камп’ютар і мабільны тэлефон! Ням-ням… І няма тэліка! Яно ж як атрымліваецца: пакуль у інтэрнэце сяджу, мабільнік надрываецца. Пакуль па тэлефоне пагутару, у інтэрнэце навіны абнавіліся… Калі тут тэлевізар глядзець?
Я з разуменнем заківала. Алеська казала праўду. Прыйшоў канец эры тэлевізараў. Памаўчаўшы крыху, уздыхнула і сказала:
– А памятаеш, у дзяцінстве мы мульцік «Ну, погоди!» увесь тыдзень чакалі. І «Калыханку» з Дзедам-Барадзедам глядзелі…
– Знайшла пра што шкадаваць! Тэлевізар! – узрушана прамовіла сяброўка. – У свой час гэта быў монстр, больш страшны за тэлефон і камп’ютар! Менавіта ён калісьці з’еў нашу велізарную шафу з кнігамі! Памятаеш бразільскія серыялы, «Поле цудаў», «Смехапанараму» і перадачу «Мая сям’я»? Ужо толькі пасля іх наша шафа апусцела напалову: нешта ў макулатуру здалі, астатняе ў краму «Букініст» аднеслі. Ну а калі рэаліці-шоў пачаліся, дык кнігі наогул зніклі з кватэры за непатрэбнасцю.
– Слухай, Алеська, а ўяві, праз некалькі дзесяцігоддзяў з’явіцца якая-небудзь новая «пачвара» ды з’есць камп’ютар і мабільны тэлефон, – я вырашыла пафантазіраваць.
Дзяўчына з любоўю прыціснула да сэрца свой новенькі смартфон і пакруціла галавой. І тут нашу размову перапыніў нейкі булькаючы гук.
– Хто там? – спалохана пракрычала Алеська.
– Ну ты даеш, сяброўка! Гэта ж скайп! – засмяялася я.
– Сапраўды! Зусім мяне загаварыла, – схамянулася тая і паклала ноўтбук сабе на калені: «Прывітанне, мае дарагія! І вас са святамі! І вам шчасця і здароўя! А Новы год што, ужо наступіў? Калі? Пяць хвілін таму? Ну, вось дзякуй, што патэлефанавалі і паведамілі».
Алеська скончыла размову і штурхнула мяне локцем:
– Давай хутчэй віншавальныя СМС-кі сябрам адпраўляць.
– А ў мяне да цябе іншая прапанова! – я вырашыла ўзяць ініцыятыву ў свае рукі. – Давай захопім бенгальскія агні і адправімся на вуліцу шукаць Дзеда Мароза! А потым пойдзем да мяне глядзець «Голубой огонек», есці аліўе і піць шампанскае. Такія традыцыі не варта парушаць з-за нейкіх там СМС-ак!
Алеська засмяялася. І мы, як у дзяцінстве, кінуліся навыперадкі апранацца і шукаць сапраўдны Новы год.