Читать книгу Абое рабое - - Страница 6

Зоркi ў вушах

Оглавление

Дарослыя цётачкі дакладна ведаюць, што такое прыгажосць, і так не хочацца іх расчароўваць. У дзесяць гадоў мне падарылі на дзень нараджэння залатыя завушніцы. Вядома ж, я хацела ровар, альбо кацяня, альбо рубель на марожанае, кіно і каруселі. Але ў дарослых за святочным сталом пры поглядзе на аксамітную скрыначку з дзвюма маленькімі зорачкамі былі такія захопленыя вочы!

І я змірылася з важнасцю падарунка. Калі пілі за маё здароўе, мама, між іншым, паведаміла, што заўтра мы пойдзем у касметычны салон праколваць вушы! Настрой прапаў. У цацкі не гулялася, з сябрамі не бегалася. Але я была вельмі паслухмяным дзіцём і на наступны дзень паныла паплялася ў храм прыгажосці.

Жанчына ў белым халаце і марлевай масцы нагадала ўсе выпадкі пабітых каленак, пякучых прышчэпак, балючага лячэння малочных зубоў. Я схапілася за вушы і падалася назад. Мама паглядзела сурова, і я зразумела, што не пашкадуе. Касметычная фея незадаволена хмыкнула і строга вымавіла:

– Калі хочаш быць прыгожай і падабацца хлопчыкам, трэба крыху пацярпець!

Я паспрабавала ўспомніць, ці ёсць у нашай школьнай прыгажуні Волечкі зорачкі ў вушах, але перад вачыма стаялі толькі яе падрапаныя рукі і атласная стужачка ў тонкай кароткай косцы. Потым мяне ўціснулі ў крэсла, і скрозь боль я адчула, як знаёмыя галасы аддаляюцца рэхам. У вачах пабялела, ногі і рукі не слухаліся, здаваліся бязважкімі. Так я страціла прытомнасць… І на зло ўсім хацела яшчэ доўга ляжаць няшчаснай, але медсястра паднесла да носа нашатыр.

– Малайчына! Герой! – усміхнулася «Касметычка». – Затое цяпер будзеш моднічаць!

І з той хвіліны я так намоднічалася! Калі сядзела на ўроках, дык у цяжкіх роздумах намацвала вострыя вуглы зорачак, нервова скубла завушніцы, адцягвала мочкі вушэй… Але больш за ўсё баялася іх згубіць! Бывала, зайграюся на вуліцы, а потым раз – і ўспомню пра залаты хамут. Сэрца ёкне, па спіне халадок прабяжыць, у горле затрымаецца камяк. Схаплюся дзвюма рукамі за вушы – цьфу ты! Зоркі на месцы!

Але аднойчы завушніца выслізнула, бразнула аб пыльны, гарачы асфальт і знікла. Увесь двор, уключаючы дваровую сабаку Альму, шукаў маю завушніцу, а я, абхапіўшы калені рукамі, сядзела на лаўцы і ціха ўсхліпвала. І было моташна і страшна. Не зберагла…

Зорку знайшла наша дворнічыха. Яна бліснула радком залатых зубоў і злосна вымавіла:

– Трымай, неахайніца! Мамкі вам накупляюць дарагіх цацак, а вы вось з імі як – няўдзячныя!

– Дзякуй! – разгублена прашаптала я і падумала, што залатыя зубы – гэта, мабыць, яшчэ больш прыгожа і надзейна. Не тое што завушніцы. Але, напэўна, вельмі балюча. Можна тысячу разоў прытомнасць страціць.

У пятнаццаць гадоў спяшалася на першае спатканне. Апранала сукенку, зачапілася зоркай за маланку – вуха закрывавіла, запякло. Раззлавалася. Зняла завушніцы і паклала ў скрыначку.

Як аказалася, назаўсёды! Мы сядзелі на даху старога гаража, елі марожанае, балбаталі ні пра што…

– Твае валасы пахнуць летам! – сказаў ён і ўсміхнуўся роўнымі белымі зубамі. Вось табе і першы ў жыцці камплімент. Шчокі запалымнелі, я збянтэжана адвярнулася, накруціла кудзерку на палец.

«Валасы пахнуць летам», – у думках паўтарала я, калі ўзлятала па лесвіцы ўверх, каб дома хутчэй паставіць у вазачку першыя ў маім жыцці кветкі. Шчасце аказалася зусім не залатым, бязважкім, непатрабавальным…

Абое рабое

Подняться наверх