Читать книгу Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік) - Макс Шчур - Страница 10
II. Жанравыя практыкаваньні
Зьвяз патрыётаў
5
ОглавлениеПа-над вячэрнім Палермо паўставала вялікая белая віла, у пацямнелай вакольнай зелені падобная да каравэлы: калюмны ейнага фасаду былі ўпрыгожаныя двума сьцягамі, аргентынскім і яшчэ адным, які Паскевіч бачыў за вайною ня раз – беларускім. Перад ганкам стаяла некалькі дарагіх аўтамабіляў – на такія Паскевіч у свой час наглядзеўся ў Нямеччыне ды Англіі. Сама віла, трэба сказаць, не зрабіла на яго асаблівага ўражаньня, бо нагадвала звычайны панскі маёнтак, якіх у Заходняй Беларусі калісьці было нямала.
– От мы дзе зараз, братка, пад'ямо! – шматабяцальным тонам падбадзёрваў яго Мялешка. – Бач, як добра сябраваць з багацеямі – усюды цябе запросяць… Ня май ста рублёў, май сто землякоў… Хто б паверыў, што такая віла можа належаць беларусу?
– А хто гаспадар?
– Галавач, уладальнік казіно, – тлумачыў Мялешка. – Я ў яго адзін час падзарабляў ахоўнікам. Выкідалам, значыцца. Але потым сышоў – не пагадзіліся мы зь ім…
– Чаго так? – зьдзівіўся Паскевіч.
– Ат-т… 3-за жанчыны, браце. Праўда, цяпер ужо між намі ўсё ў парадку. Файны ён, насамрэч, чалавек. Прыехаў які год таму, але хутка ўгару пайшоў…
– А адкуль прыехаў?
– Ведаеш, я такімі дэталямі не цікаўлюся, – крыху раздражнёна адказаў Мялешка. – Дый справы мне да гэтага ніякай няма. Камуніст, фашыст, каталік, праваслаўны, беларус, кітаец – мне ўсё адно. Прыехаў – і прыехаў. Ці то з Полыпчы, ці то з Францыі, ці то зь Італіі. Галоўнае, што грошы ў яго ёсьць. Я ж табе кажу: тут, у Амэрыцы, усё пачынаецца з нуля. Бяляцкі мне распавядаў, што ў Індыі рака такая ёсьць – там раз за сто гадоў ільга ўсе грахі змыць. Дык вось, так і ў нас. Я ж цябе, прыкладам, не пытаюся, ці праўда ўсё тое, што ты наконт працы ў Нямеччыне нагаварыў? Хто цябе ведае? Камуністы кажуць, што ўсе вы – паліцаі й здраднікі. А мне што? Мне ўсё адно…
Бальшыня гасьцей ужо сабралася ў салёне й нецярпліва чакала пачатку ўрачыстасьці. Паскевіча зьдзівіла, што на вечарыну трапілі амаль усе тыя, хто прыбыў зь ім на адным караблі. Некаторыя зь іх пазнавалі яго, падыходзілі:
– Вітаю, вітаю! Ну, як вы? Ня надта вас тыя камунякі пашкуматалі?
– Ды не, усё добра. Вунь, Мялешка мяне ўратаваў…
– А ці ўладкаваліся ўжо дзе-небудзь?
– Як сказаць… Пакуль што яшчэ не…
Перад лесьвіцай на другі паверх, дзе стаялі гурткі запрошаных, было весела і шумна: чакалі зьяўленьня гаспадара. Як толькі ён, не стары яшчэ, лысаваты мужчына ў чорным смокінгу й лякіраваных ботах, спусьціўся да грамады, то адразу ж стаў цэнтрам агульнай увагі: пераходзіў ад аднаго гуртка да другога, з кожным вітаўся й абменьваўся колькімі словамі. Неўзабаве дайшла чарга й да сьціплага Паскевіча, які стаяў у кутку, так ні да каго і не далучыўшыся.
– Вось, сэнёр Галавач, знаёмцеся, – паказаў на яго гаспадару Мялешка, шырокім жэстам адштурхнуўшы сяго-таго з эмігрантаў. – Мікола Паскевіч, беларускі патрыёт. Толькі прыехаў да нас з Англіі.
– Ага, з Англіі! – пахітаў галавой Галавач, крадком пазіраючы на Паскевіча. – Ведаеце Мерляка?
– Безумоўна, – пацьвердзіў Паскевіч, пасьміхнуўшыся.
– Мы зь ім разам у лягеры для перамешчаных асобаў былі…
– I як у яго там справы? – запытаўся гаспадар.
– Няблага. Хутка зьбіраецца сюды прыехаць, дарэчы…
– Выдатна, выдатна… – паляпаў Паскевіча па плячы Галавач. – Тут усё толькі пачынаецца. Аснова ёсьць, але працы шмат. Будзе яму чым заняцца… Ну, добра, яшчэ пагаворым. Выбачайце, мушу…
– Нічога, нічога… – замармытаў Паскевіч.
– А ты зайдзі да мяне, Мялешка, – крануў баксэра за локаць Галавач. – Ня зараз, а потым, як пад'ямо ды танцы пачнуцца…
– Дык і танцы будуць? – узрадаваўся Мялешка. – Ну, гэта проста нечувана!
Галавач яшчэ раз пасьміхнуўся ім і зьнік у натоўпе гасьцей.
– Віншую, браце! – штурхнуў Паскевіча пад бок Мялешка. – Малайчына, не разгубіўся!
– Чаго мне губляцца? – паціснуў плячыма той.
– I Мерляка там нейкага прыплёў! Ну, вялікія ў цябе тут перспэктывы! Я табе кажу – я Галавача ведаю… Ну, хадзем, бо зараз пачнецца.
Разам з астатнімі яны прайшлі ў асьветленую электрычнасьцю залю, дзе іхным поглядам адкрылася зачаравальная пэрспэктыва ўрачыстай і пышнай вячэры. На даўжэзным стале цясьніліся, нібы змагаючыся за ганаровае права быць праглынутымі, лянгусты, кальмары, мідыі й іншая падобная брыдота, якой Паскевіч раней у вочы ня бачыў, нават у Англіі, ня кажучы ўжо пра Нямеччыну. На сьценах віселі нацыянальныя сьцягі, красаваліся блакітныя кветкі. Гаспадар запрасіў усіх сядаць – усчалося невыноснае грукатаньне талерак, прыбораў і шкла. Каля гасьцей, наліваючы шампанскае, пачалі завіхацца пакаёўкі – таксама беларускі зь мясцовых. Амаль усіх іх Мялешка, зразумела, ведаў, таму адразу ж прычапіўся да адной і пачаў да яе заляцацца – тая дазволіла яму нават узяць сябе за руку, але пры гэтым неяк асабліва красамоўна зірнула на Паскевіча. Той сумеўся ад такой нечаканай увагі, але палічыў за добры тон усьміхнуцца ў адказ. Калі яна падыйшла да яго, каб наліць шампанскага, ён ужо амаль наважыўся сказаць ёй які камплімэнт, але ягоную ініцыятыву перапыніла бразгатаньне відэльца па крышталёвым фужэры.
– Дарагія суайчыньнікі й госьці! – зьвярнуўся да прысутных Галавач. – Вітаю вас на ўстаноўчым паседжаньні нашага Зьвязу Патрыётаў. Мы ўсе сышліся тут у цяжкі для нас момант гісторыі, калі нашая Бацькаўшчына стогне пад прыгнётам бальшавіцкай навалы. Краіна спустошаная вайной, але змаганьне працягваецца. Беларуская Цэнтральная Рада не спыніла сваёй дзейнасьці. Ейныя філіі паступова ўзьнікаюць па ўсім сьвеце…
Прамова была доўгай і скончылася заклікам «Вып'ем за незалежную Беларусь!». Пасьля кароткага перапынку на закуску прамовілі госьці: прадстаўнік аргентынскай улады, за ім прадстаўнік Украінскага зьвязу. Выпілі за сяброўства аргентынскага й беларускага народаў, за здароўе спадара прэзыдэнта Пэрона. Адзін з тых беларусаў, што прыехалі разам з Паскевічам, нечакана ўзьняўся й пачаў чытаць свае патрыятычныя вершы. Пад рытмічнае чмоканьне якой сотні сківіцаўяны гучалі надзвычай кранальна.
Пачастунак, трэба сказаць, таксама быў проста паэзіяй. На стале мяшаліся беларускія й аргентынскія стравы: побач зь цялячым кумпяком стаялі дранікі, побач з марскімі пачварамі – саламаха… Паскевічу рабілася млосна ўжо ад самой гэтай разнастайнасьці, а тут яшчэ й Мялешка шаптаў яму над вухам:
– Пакаштуй смаўжоў, братка! 3 воцатам – боская рэч! Ад грыбкоў марынаваных не адрозьніш!… найбольш Паскевічу карцела ўзяць дранікаў з мачанкай, аднак Мялешка ўсё-ткі пераканаў яго пакаштаваць смаўжоў. Узяўшы іх у рот, Паскевіч адразу ж захацеў іх выплюнуць, але не было куды, таму ён, душачыся, са сьлязьмі ўваччу мусіў іх праглынуць.
– Ну, як? – цікавіўся Мялешка. – Смачныя?
Пасьля двух-трох кілішкаў гарэлкі Паскевіч крыху разьняволіўся й асьмялеў, пачаўшы ачмурэла глынаць усё запар, асабліва не зважаючы на выгляд стравы, праз што на кароткі час стаў аб'ектам агульнай увагі й зьдзіўленьня прысутных. Тым часам Мялешка быў гэтым аб'ектам амаль несупынна, бо, як заўжды, вёў задушэўную гутарку з усімі суседзямі адначасова, мяшаючы, у адрозьненьне ад Паскевіча, ня стравы, a мовы – беларускую, гішпанскую, італьянскую…
Няма дзіва, што праз паўгадзіны такога ўсеядзеньня Паскевічу зрабілася зусім блага.
– Млосна мне, – прызнаўся ён Мялешку. – Мушу ў прыбіральню.
– Перабраў ты, браце! – жартаўліва паляпаў яго па плячы прафэсійны спартовец, які пры сваёй вазе й камплекцыі мог піць што-хаця ажно да самае раніцы.
– Пераеў, – удакладніў Паскевіч, якому было зусім не да жартаў. – Дзе тут…?
– На другім паверсе. Спытайся ў дзяўчат, яны табе пакажуць… Ці мне цябе правесьці?
– Ды не, ня трэба… Я ўжо як-небудзь сам…
Неўзабаве вячэра, прынамсі афіцыйна, скончылася – гаспадар зноў запрасіў усіх у салён зь лесьвіцай, дзе павінны былі адбыцца танцы. Госьці ў сваёй бальшыні, зразумела ж, не маглі не паслухацца ягонага ветлівага загаду. Руска-ўкраінскі белагвардзейскі аркестар зайграў танга. Як і чакалася, амаль ніхто з новых эмігрантаў ня ўмеў яго танчыць, таму Мялешка ўжо зьбіраўся паказаць ім прыклад і запрасіць якую з пакаёвак, аднак, заўважыўшы адсутнасьць Галавача, згадаў пра ягоную просьбу зайсьці да яго ў кабінэт. «Ат, трасца… Ну, не бяды», сказаў ён сабе. «Усяго адзін танец – перажыве…»
Аднак іншых жадаючых ушанаваць аргентынскую нацыянальную музыку адпаведнай харэаграфіяй не зьявілася, таму адразу ж пасьля першага прыпеву ірваны рытм танга прыпыніўся і загучала полька. Што тут пачалося! Нават старэйшыя з гасьцей, што папярэдне ставіліся да танцаў на ўстаноўчым сходзе скептычна, пусьціліся ў скокі. Паны танцавалі са сваймі панямі, новапрыбылыя эмігранты з пакаёўкамі… Прыглушаны шум гулянкі даносіўся і да паўнепрытомнага гурмана Паскевіча: аднаму яму, ды яшчэ Мялешку «на каберцы» ў Галавача, было не да танцаў. Калі полька скончылася, усе пачалі гучна аддыхвацца й адфуквацца зь нязвыкласьці – танчыць у гэтым кліматычным поясе ім яшчэ не даводзілася.
Быў абвешчаны перапынак. Пакуль аркестар прымаў замовы, набіраўся натхненьня з высокіх фужэраў і думаў, што зайграць далей, на сярэдзіну салёну выбегла адна з пакаёвак і пракрычала нешта няўцямнае, на першы послых падобнае да:
– Галавач! Мялешка застрэліў Галавача!
Госьці прыціхлі й пачалі пераглядвацца, ня ведаючы, ці то лічыць гэта дурным жартам, ці то слыхавой галюцынацыяй. I тут на лесьвіцы зьявіўся Мялешка: ягоны белы гарнітур быў увесь у крыві, акурат паводле строгіх патрабаваньняў нацыянальнай геральдыкі. Убачыўшы яго, пакаёўка голасна заякатала, кінулася ўніз па прыступках, падвярнула нагу, упала й страціла прытомнасьць.
– Грайце, грайце! – махнуў Мялешка рукою, падаючы знак аркестру. – Я выклічу паліцыю!
Ніхто не наважыўся яму пярэчыць.