Читать книгу Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік) - Макс Шчур - Страница 3
I. Пра жаночае
Твар
ОглавлениеУ студыі прыватнай камэрцыйнай тэлевізіі прыпякала. На адзінаццатую былі прызначаныя здымкі найбольш папулярнай вячэрняй праграмы для дарослых. Цыцкастая вядучая нэрвавалася:
– Дзе ж той спадар А…?
Тэмай сёньняшняй перадачы быў порнакастынг. Усе зацікаўленыя (пачынаючы з васямнаццаці гадоў, зразумела) маглі паспрабаваць сябе ў ролі актораў. Зацікаўленых была процьма. Яны стаялі каля ўваходу ў студыю, засланую штучнай леапардавай поўсьцю й застаўленую канапамі самага шырокага прызначэньня. Празь некалькі хвілінаў ім наканавана было стацца гледачамі, а самым шчасным – нават удзельнікамі самага высокааплочванага відовішча ў краіне. Заставалася толькі пераадолець самы высокі плот – натуральны адбор…
Пакуль выпрабоўвалася асьвятленьне, дзьве густа нагрыміраваныя псэўдамадэлі несупынна заклікалі кандыдатаў і кандыдатак на ўдзел у праграме да цішыні. Міма прайшоў доўгачаканы порнаграфіст, тлусты дзядзька ў найлепшых мужчынскіх гадох, пацалаваў руку вядучай і доўга прасіў прабачэньня за спазьненьне. Вышэйшая з тынкаваных касмэтыкай і ладна апечаных у салярыі «апякунак» раздала анкеты, а ніжэйшая патлумачыла, як іх запаўняць.
– Што гэта? – спыталася Надзя ў незнаёмай дзяўчыны, якая стаяла побач.
– Сьляпая, ня бачыш? Анкета на порнафільм.
Паперка была аддрукаваная на ксэраксе, і палову яе займалі імя, прозьвішча, век, і пол. Потым ішла безьліч не зусім зразумелых Надзі пытаньняў.
– А вось гэта – абавязкова запаўняць?
Кагадзе яна паспрачалася, што ёй не «слабо» патрапіць у тэлевізію. Высьветлілася, што гэта зусім нескладана. Ніхто нават не зьвярнуў увагі на тое, што яна крыху змухлявала зь векам.
– Ну што, гатовыя? – гукнула вышэйшая дзяўчына тонам наглядчыцы.
He дачакаўшыся ні ад каго адказу, Надзя нашрайбала штосьці ў паперцы й здала анкету разам з усімі. Вочы прысутных маладзёнаў гойсалі па ейным целе зь несхаванай пажаднасьцю: выглядала, што хлапцы былі ўражаныя ейным непадабенствам да астатніх удзельніц кастынгу.
– Ты ўжо тут здымалася? – запытаўся адзін зь іх, гамкаючы жуйкай.
– Першы раз, – адказала Надзя.
– Р…, П…, М… – застаньцеся, астатнія ў студыю! – пракрычала наглядчыца. У Надзі падскочыла сэрца: Р… была яна. П… быў даўгалыгім смуглявым хлопцам, М… – узорнай і яшчэ сьвежай, нягледзячы на яўную дасьведчанасьць аналягічнага выкарыстаньня, «фотамадэльлю».
– Ну вось, паглядзелі, – прамовіў П… – Ня ведаеце, колькі нам за гэта заплоцяць?
Надзя няўпэўнена паціснула плячыма й прыбрала за вушы валасы.
Пакуль у студыі ішлі здымкі, адзін за адным мяняліся госьці, чаргаваліся рэклямныя й эратычныя ролікі, адрозьненьне між якімі ўсё больш і больш страчвалася, пакуль адтуль гучалі воплескі, сьмех і гуд падахвочанай вядоўцаю публікі, Надзя думала пра свайго аднаклясьніка, зь якім заключыла пары. Яшчэ ўчора пасьля заняткаў ён кпіў зь ейнае старамоднасьці, маўляў, дарэмна яна саромеецца свайго цела, не такая яна й таўстуха, як пляткараць дзеўкі. «Трэба быць сучаснай,» сказаў ён, адкінуўшы назад амаль гэтак жа, як і ў яе, пастрыжаныя валасы тым жэстам, які яна вельмі любіла.
Прайшло паўгадзіны; П… нарэшце паклікалі ў студыю, яго прывітала хваля аплядысмэнтаў – ён прывёў з сабою сяброў дзеля падтрымкі – а неўзабаве пачуўся агульны сьмех.
– А бацькі ведаюць, што ідзеш на порнакастынг? – зьдзекліва пацікавілася ў Надзі М…, крытычна паглядаючы на ейныя ногі.
Надзя не адказала.
– Хадзем, ты цяпер, – прывабіла яе рукой адна з матрон-асыстэнтак.
Пад бадзёрую музыку й абавязковую авацыю Надзя выйшла на сцэну, ці дакладней – імправізаваную цыркавую арэну, дзе было яшчэ большая сьпёчна, чым за кулісамі. Празь сьвятло сафітаў яна ня бачыла нічыіх твараў, акрамя бліскучага ад поту й макіяжу аблічча перапрацаванай вядучай; поруч зь ёю яшчэ сядзеў малады хлопец у стылёвых акулярах, які быў прадстаўлены «рэжысэрам», а насупраць Надзі – той самы тлусты дзядзька з надзвычай дабразычлівым тварам дзіцячага лекара.
– Зірнем на тваю анкету, Надзін, – прашаптала ў прыклеены да ілба мікрафон вядучая, які нібы сьцякаў па ёй яшчэ адной падазронаю кропляй, між тым як «лекар» вылупіўся на Надзю: такі твар ён бачыў у апошні раз хіба ў касьцёле, куды даўно ўжо не завітваў празь недахоп часу. Ці ня хочуць яго неяк надурыць, каб пасьля скарыстаць у «схаванай камэры»? «Гэтае дзяўчо – альбо нявіньніца, альбо насамрэч прасмаленая курва», зрабіў ён вартую спрактыкаванага фізыягнаміста выснову.
– Дык пра што хоча ў Надзі запытацца спадар А.? – з дурнаватай весялосьцю выгукнула вядучая.
– Значыць, вы хочаце паспрабаваць здымацца ў порнафільме? – зь яўным недаверам спытаўся порнаграфіст. – Вы згаджаецеся з тым, што вас будуць здымаць пры полавым кантакце…
– Так, – паводле правілаў адказала Надзя.
– Ты тут нічога не напісала ў графе «самы любімы/самы нелюбімы кшталт сэксу». Якія твае найбольш любімыя сэксуальныя… – вядучая завагалася, гледзячы на яе, – позы, гульні…
У залі пачуўся сьмех.
– Тут у нас пазначаны «двухполы, аднаполы кантакт, сада-маза»… – заўзята пералічвала вядучая, што толькі дзякуючы сваёй праграме сама мела аб усім гэтым нейкае ўяўленьне.
– Ну… у мяне няма нелюбімага кшталту сэксу, – сур'ёзна адказала Надзя, пазіраючы то на вядучую, то на дзядзьку.
Насуперак ейнаму чаканьню, адказ усіх, як быццам, расчараваў.
– Нагадваю вам, што паводле закону ў парнаграфічным і эратычным фільме можа здымацца толькі паўналетняя асоба, – нібы паміж іншым сказаў спадар А… – Значыцца, «садамаза» – не?
– He, «сада-маза» не, – адказала Надзя, якая яшчэ ніводнага разу не ўсьміхнулася.
Гасьцямі валодала некаторая няўпэўненасьць, яны раптоўна нібы пачалі саромецца, што задаюць Надзі такія пытаньні. Спадар А… нерашуча пераглянуўся з маладым чалавекам у акулярах, які ад напружаньня ажно высалапіў язык.
Сытуацыю ўратавала вядучая, выявіўшы ўвесь патрэбны ад яе ў такіх выпадках прафэсіяналізм:
– Ну што ж, тады папросім Надзю прадэманстраваць нам хараство свайго цела.
У залі зноў запляскалі ў ладкі й зухавата загалёкалі.
Надзя кінула позірк у кірунку камэры, устала й пачала расшпільваць сарочку. Малады чалавек, што сядзеў ля тэлевізара з сэндвічам у руцэ, павінен быў зразумець, што гэты кароткі позірк адрасаваны яму. Гэта быў позірк пераможцы. На аднаклясьніцы была найлепшая й найноўшая зь ейных спадніцаў: Надзя сьцягнула яе, малады чалавек сачыў за ёю зь неадрыўнасьцю камэры. Чырвоная бялізна, адмыслова набытая дзеля такой нагоды ў эратычнай краме, глядзелася на Надзінай нясталай фігурцы крыху недарэчна. Пад усё тую ж музыку Надзя разьдзелася цалкам, і тады ўрэшце мільёны незнаёмых і дзясяткі знаёмых зь ёю людзей пабачылі маленькія грудзі, шырокія бокі, скрыўленую ў працэсе стараннага навучаньня сьпіну. Камэра пачала аблізваць дзяўчо з усіх бакоў, спрабуючы знайсьці штосьці насамрэч вартае таго, каб быць пабачаным. Надзя стаяла нерухома й зусім не эратычна, сагнуўшы ў калене адну нагу й сашчапіўшы рукі ззаду – а ня сьпераду, як маглі б чакаць тыя, хто ўвесь час сьмяяўся зь яе, – нібы не ўсьведамляючы пікантнасьці моманту.
Тут прамовіў «рэжысэр» у акулярах:
– Адразу магу сказаць, што спадарычна выглядае нашмат маладзейшай за свае гады, а паколькі, як ужо казаў спадар А…, закон дазваляе ўдзел у порнабізнэсе ад моманту дасягненьня паўналецьця, то на такія тыпы ў нас і на Захадзе існуе вельмі вялікі попыт…
– Але я вось бачу на целе белыя стужкі ад бялізны, – адзначыў спадар А…, на твары якога застыла ці то іранічная, ці то разгубленая ўсьмешка. – Гэта маленькі мінус. Ведаеце, порназоркі ня носяць бялізны не таму, што яны такія распусныя, як лічыцца – а дзеля таго, каб бялізна не пакідала на сонцы менавіта такіх вось сьлядоў… Рэкамэндую вам наведаць адзін з салярыяў спонсара гэтай праграмы…
Заўвагі скончыліся, вядучая падзякавала Надзі й грацыёзным жэстам рукі дазволіла ёй адыйсьці. Тая зграбла сваю вопратку й зьнікла з поля цікавасьці камэры паміж стракатых каляровых канапаў. Краіна магла ўздыхнуць спакойна: гэтае пудзіла з анёльскім тварам болей ня зьявіцца.
Малады чалавек з сэндвічам ачмурэла ўсьміхаўся. Ён ніяк ня мог паверыць, што бачыў усё гэта на ўласныя вочы. Такога ён ад яе не чакаў! Таму яна так дзіўна, нібы вінавата пазірала на яго апошнімі днямі… Заўтра ў школе яму будзе яшчэ й сорамна перад сябрукамі за ейную фігуру – усе хлапцы з клясы абавязкова будуць сёньня глядзець вечаровую праграму для дарослых, як і кожны чацьвер. Ды ўсе папросту ашалеюць! Нечувана: Р… – порназорка! Вось гэта неспадзеў! Сьмех і грэх! Цікава, ці ведае пра гэта ейная маці? Безумоўна, неўзабаве даведаецца. Нікому нічога не сказала… Праўда, што ў ціхім балоце, як кажуць…
Тым часам пачала распранацца інстытуцкая курва М…, і малады чалавек з прыкрасьцю адзначыў нашмат больш разьвіты ў параўнаньні зь ягонай дзяўчынаю (насамрэч, усё яшчэ проста сяброўкаю) аб'ём ейных пелькаў, а як вынік – і агульны сэксапіл.
Зноў пусьцілі рэклямныя ролікі. Малады чалавек узгадаў, што зьбіраўся адскочыць у прыбіральню. Літаральна праз хвіліну ён зноў вярнуўся на сваё месца і застыў на падлозе ў той самай пазыцыі, толькі ўжо бяз сэндвічу. У кульмінацыі праграмы яго чакала незвычайнае відовішча, якога ён ніяк ня мог прапусьціць. Увесь экран цяпер займала падсьвечаная ззаду белая шырма, на якой пад лірычную музыку рухаліся блакітныя чалавечыя цені. Цені, не магло быць сумневу, займаліся каханьнем: белая шырма цнатліва захіляла гэты інтымны момант ад гледачоў у студыі. Адзін зь ценяў належаў мужчыне, другі стаяў, выгнуўшыся «мосьцікам» і закінуўшы галаву назад – каб не глядзець на партнэра.
Калі гэтая поза зьмянілася позай «жанчына наверсе», малады чалавек ня вытрымаў і пераключыў канал. На іншай праграме паказвалі нейкі вэстэрн. Хлапчыну калаціла ад злосьці й сьмяротнай крыўды, аднак здаровая юначая цікаўнасьць да эротыкі зноў перамагла, і ён зноўку ўбачыў на экране белую шырму. Пазыцыю «жанчына наверсе» за гэты час пасьпела зьмяніць пазыцыя «мужчына ззаду», кароткія валасы фігуранткі гайдаліся ў такт хуткім рухам мужчынскага лагва, няроўная сьпіна нязграбна выгіналася, нібыта хрыбет уздыбкаванага кацяняці. Тут камэра зьлітавалася над тэлегледачамі й нарэшце паказала ім тое, што не маглі бачыць нават прысутныя ў студыі, за выключэньнем двух чалавек: маладога рэжысэра з дыгітальнай відэакамэрай і спадара А… Рэжысэр адмоўна хітаў галавой, шкадуючы, што на фінальную дэманстратыўную спробу ў апошні момант вырашыў узяць-такі Надзю («А што калі яна сур'ёзна? Трэба паспрабаваць яе перад камэрай. Іншай магчымасьці ня будзе. Такая нявіннасьць у твары! Жывыя грошы»), а не перасьпелую «фотамадэль» М…. Даўгалыгі смуглявы хлопец спрабаваў выратаваць сытуацыю з дапамогай усёй сваёй вынаходлівасьці, аднак дзеўка была як нежывая: ён круціў яе і туды, і сюды, але яна відавочна не пасьпявала за ім, дый не магла пасьпець, бо ў яе яўна не было ніякай ахвоты ўваходзіць у ролю ягонай каханкі. I на гэтае вычварэньне павінна глядзець цэлая краіна! Побач з рэжысэрам стаяў спадар А…, уладальнік порнаграфічнай студыі: ён няспынна выціраў насоўкай пот з аблічча, зь якога кудысьці зьнікла лагодная ўсьмешка, і разпораз адводзіў вочы, каб не глядзець на тое, што з хваравітай стараннасьцю вырабляў даўгалыгі хлапец. («Твар у яе проста боскі. Такая наіўнасьць».)
Потым карцінка рэзка зьмянілася, і ўвушшу ў маладога чалавека зноў загучала бадзёрая музыка – па экране пабеглі тытры. Малады чалавек выключыў тэлевізар і заплюшчыў вочы. «У мяне няма нелюбімага кшталту сэксу». Навошта яна зрабіла гэтае глупства? Якая ганьба: на ўсю школу! Цяпер нічога ня зробіш – усё скончана.
Ён адкінуў дыстанцыйны пульт і зьнясілена апусьціўся ў фатэль, нібыта пасьля аргазму.
У той самы дзень дырэктар камэрцыйнай тэлевізіі старшыняваў у журы конкурсу «Mice Рэспубліка».
Пасьля публікацыі гэтага фэльетону ў друку дырэктар вышэйнеазначанай камэрцыйнай тэлевізіі, як гэта ні дзіўна, адрэагаваў на яго зьяўленьне ўва ўласнай штотыднёвай тэлеперадачы на сваім жа канале. Вось што ён сказаў, характэрным рухам зьняўшы акуляры: «Мы жывем у свабоднай, дэмакратычнай краіне. А дэмакратыі няма, калі няма адказнасьці кожнага дарослага чалавека за свае дзеяньні. Удзел у такой праграме – справа дабраахвотная, мы нікога да гэтага не прымушаем. Усе ўдзельнікі праграмы былі загадзя папярэджаныя пра нашыя ўмовы. Таму спадарычна Р…, паказваючы ў анкеце свой узрост, павінна была ўсьведамляць, што падае заяўку на ўдзел у праграме для дарослых. Усе фігуранты галоўных эпізодаў, у тым ліку й спадарычна Р…, атрымалі за здымкі праграмы прыстойны ганарар, ад якога, заўважце, ніводны зь іх не адмовіўся – факт, які гаворыць сам за сябе. Да таго ж, насуперак памылковым і збачэнскім здогадам аўтара матэрыялу, шырму ў студыі мы выкарыстоўваем ня дзеля таго, каб засланіць ад прысутных рэальны полавы акт, што было б з камэрцыйнага гледзішча чыстым глупствам, а каб схаваць ад тэлегледачоў той факт, што дэманстраваная ім сцэна ёсьць толькі імітацыяй суложжа. Такім чынам, шырма ўсяго толькі дапамагае стварыць адчуваньне, што вы назіраеце за здымкамі сапраўднага порнафільму. Што да немаральнасьці парнаграфіі й наагул такога кшталту праграмаў, якую, як мне здаецца, спрабуе даказаць аўтар фэльетону, дык ясна адно: што сам ён гэтыя праграмы глядзіць з задавальненьнем. больш таго, ён нават выкарыстоўвае іх як крыніцу свайго «натхненьня» й сыравіну для сваіх сумнеўнай якасьці твораў – пытаньне аўтарскіх правоў я тут падымаць ня буду, бо не пра гэта цяпер гаворка. Спадзяюся, дарагі аўтар, вы сам усьведамляеце, што ваш тэкст ніколі б ня ўзьнік, калі б не адважная спадарычна Р… і ня наш тэлеканал. Што рабілі б вы й да вас падобныя, каб не было такіх тэлевізійных праграмаў, як нашая, якую вы так бессаромна абылгалі? Таму ці ня ёсьць якраз з вашага боку амаральным кусаць шчодрую руку таго, хто корміць вас хлебам? У наступны раз, перш чым пісаць штосьці падобнае, задумайцеся над гэтым».