Читать книгу Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік) - Макс Шчур - Страница 7

II. Жанравыя практыкаваньні
Зьвяз патрыётаў
2

Оглавление

– Дык як вас зваць? – спытаўся Мялешка ў новапрыбылага, што, адышоўшыся ўбок, абтрусваў з разадранага на рукаве сьпінжаку рэшту пылу.

– Паскевіч, – адказаў той. Зь першага погляду Мялешка зрабіў выснову, што ягонаму ўратаванцу – гадоў сорак, ня меней, таму як старэйшы ён мусіў пачувацца ў сваёй цяперашняй сытуацыі досыць няёмка. – Скажыце… Чаму вы за мяне заступіліся?

– Чаму? – зьдзівіўся Мялешка. – А вы б за мяне не заступіліся? Вы былі адзін, іх чацьвёра… Пашанцавала вам, што я там выпадкова апынуўся. Ад няма чаго рабіць, калі шчыра. Балазе, вольнага часу цяпер хапае… На сваіх, так сказаць, вырашыў паглядзець – што за людзі… Пайду, думаю, зірну: землякі ж! Мясцовыя кажуць: адтуль, маўляў, цяпер едуць спрэс паліцаі, калябаранты, фашысты… Уяўляеце, мы тут у сваёй Аргентыне ніколі жывога фашыста ня бачылі! Вы не фашыст, часам? Жартую, жартую… Есьці, дарэчы, хочаце?

Паскевіч паціснуў плячыма.

– He адмовіўся б…

– To хадземце да аднаго знаёмага фашыста… даруйце, італьянца. Тут побач у яго рэстарацыя. Запрашаю вас на піццу…

– Ну, не хацелася б адразу па прыезьдзе напівацца… A вось пад'есьці…

Мялешка зарагатаў.

Рэстарацыя была сапраўды побач, і праз хвілінаў дзесяць ён ужо мог з задавальненьнем назіраць, як згаладалы суайчыньнік прагна, але бязгучна сіляе мінэстру ў чаканьні спагецці, якім ён урэшце аддаў перавагу перад ляпёшкаю з падазронаю назвай.

– Смачна?

– Угу, – прамыкаў Паскевіч і адклаў яшчэ мокрую лыжку на кавалак белага хлеба, не наважыўшыся яе аблізаць. Ягоныя закарэлыя пальцы крыху трымцелі.

– Доўга ехалі? – амаль ласкава запытаўся Мялешка.

– Ня тое слова. Я ўжо думаў, ніколі не даплывем. Тры тыдні. Сядалі ў Лівярпулі. Заходзілі ў Санцягу, у гэта… у Сам-Паўлу. Я ўжо там і выходзіць зьбіраўся…

– Ну-ну… I я там спыняўся па дарозе. Ажно ня верыцца! Колькі часу прайшло…

– А вы – даўно прыехалі? – запытаўся Паскевіч, жуючы мокры хлеб.

– Я? Адзінаццаць гадоў таму, у трыццаць пятым. Смаркач яшчэ быў дваццацігадовы…

– Малады… – пахітаў галавой Паскевіч, нібы не ўхваляючы ягонага ўчынку.

Мялешка пасьміхнуўся.

– I дурны. Усе так кажуць – ну, хай сабе… Затое з усіх нашых аргентынцаў я тут самы старэйшы – за выключэньнем Бяляцкага… Я вас зь ім як-небудзь пазнаёмлю… Уцёк, прызнаюся шчыра, ад Войска Польскего. Мне гэтага мой гаспадар і пасьля вайны ўсё яшчэ дараваць ня можа. «Ты паляк, мусіў быў за Вэлькон Польскон змагацца, а не ўцякаць!» А я яму: па-першае, гэта вы паляк, а я русо блянко, магу і пашпарт паказаць. Па-другое, кажу, чаму ж вы самі за яе не змагаліся? A па-трэцяе, кажу, каб мяне тут не было, дык на кім бы вы цяпер, пане Сікорскі, грошыкі зараблялі?

Пры слове «грошыкі» Паскевіч крыху пасур'ёзьнеў і насьцярожыў слых.

– Даруйце, можа, не выпадае так адразу пытацца… Чым вы тут займаецеся?

– Я? За мяне не хвалюйцеся. Прафэсійны баксэр. Таму, дарэчы, і ня п'ю – трэнэр не дазваляе, – засьмяяўся Мялешка. – Хаця ёсьць тут і лепшыя рэчы за гарэлку. Во, глядзіце: ведаеце, што гэта такое? He?

– Белы тытунь?

– Кока. Проста з Балівіі. Вось ёю мяне якраз трэнэр сам забясьпечвае – між намі – хоць гэта і забаронена… Асабліва перад матчамі…

Паскевіч, трэба сказаць, быў уражаны Мялешкавай табакеркай значна менш, чым вялізарнай місай спагецці, якую акурат паставілі перад ім.

– Мяне тут усе ведаюць! – балаболіў далей Мялешка, які быў сёньня відавочна ў гуморы. – Спытайцеся ў любога, хто такі Эль Грынго, і вам адкажуць: Эль Грынго, браце – гэта ўсясьветная кляса! Стаў грошы – ніколі не прайграеш! Ведаеце, колькі ўсе тут вінаватыя гэтым во кулакам? Ня верыце? Хочаце пераканацца? Прыходзьце ўвечары ў клюб «Арэна Сэнтраль» – у мяне там сёньня бой з Эль Раб'ёсам. Прыйдуць усе, каму лёгкага хлеба хочацца – гэта значыць, амаль усе нашы: палякі, украінцы, рускія… Іншаму сраку няма чым прыкрыць – але за такое відовішча апошні сэнтаво дадуць… Таксама, дарэчы, можаце паставіць! – засьмяяўся баксэр. – Хаця, калі сур'ёзна, то насамрэч ня раю, – дадаў ён шэптам. – Сёньня я павінен прайграць.

Паскевіч толькі стрымана пасьміхаўся, ня ведаючы, верыць яму ці не ўсёй гэтае натхнёнае балбатні.

– Наагул, тут праца ёсьць? – асьцярожна спытаўся ён пасьля таго, як пабачыў на заплочаным Мялешкам рахунку лічбу з двума нулямі.

Той адмоўна пакруціў галавой:

– Цяпер – амаль няма. Нават чорнай работы мала. He ў найлепшы вы час прыехалі – цяпер тут іншаземцаў ня надта любяць, наадварот… Палітыка такая. Таму гэтыя ў порце й лямантавалі: «Дахаты паедзем!» А за што яны паедуць? Але вы не хвалюйцеся. Спадзяюся, у вас ёсьць нейкія сродкі на першы час? Ну і выдатна. Жыць можаце пакуль што ў мяне…

– Дзякуй, вядома… Вялікі дзякуй. Але, можа, я ўсё-ткі ў гатэль… Вы і так для мяне сёньня столькі зрабілі…

– Кіньце, які гатэль! У мяне месца хопіць. Будзеце мне за кампанію… Толькі ў мяне ёсьць да вас адна просьба, – дадаў ён пасьля кароткага роздуму.

– Якая? – зь недаверам зірнуў на яго Паскевіч.

Мялешка крыху завагаўся.

– Ведаеце, вельмі мне той ваш удар спадабаўся! – натхнёна прызнаўся ён. – Зьнізу, у сківіцу, ды яшчэ левай рукой – вельмі разумна, і добра выканана! Вы, часам, боксам раней не займаліся? Шкада… 3 такім талентам вы азалаціцца б маглі! Але я заўжды кажу: пачынаць ніколі ня позна! Можа, зойдзеце са мною на трэнінг у клюб? Я вас гаспадару прадстаўлю. Ну што вам губляць? Прынамсі, паспрабуеце… Можа, з часам і для вас знойдзецца праца… Га?

– Згода, – паціснуў плячыма Паскевіч. – А калі гэты… трэнінг?

– Заўтра раніцай. Але спачатку – бой!

Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік)

Подняться наверх