Читать книгу Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік) - Макс Шчур - Страница 8

II. Жанравыя практыкаваньні
Зьвяз патрыётаў
3

Оглавление

Як і прадказваў Мялешка, матч скончыўся ягоным зьбіцьцём. Эль Раб'ёсо адным ударам паклаў яго ў шостым раўндзе – некаторым здалося, што ажно непраўдападобна лёгка. Паскевіч ня здолеў доўга вытрымліваць шалёнага рыку абуранага натоўпу (мабыць, ён нагадаў яму ці то негасьціннае прывітаньне ў порце, ці то штосьці нашмат больш даўняе), таму выйшаў на паветра, запаліць. На вуліцы было ўжо ня горача, a па-лагоднаму цёпла. Па шырокім асьветленым праспэкце перад будынкам «Арэны» праплывала мноства зіхоткіх машын, па ходніках сям-там ішлі парамі прыгожа апранутыя смуглявыя людзі, што сакаталі на незразумелай, але мілагучнай мове, з адкрытых тэрасаў рэстарацый чулася музыка. Места Паскевічу падабалася, і нават тутэйшыя цыгарэты неяк асабліва яму смакавалі..

– А во дзе ён! – гукнуў яго яшчэ расчырванелы, але ўжо напарфумаваны пасьля душу Мялешка. – Ты дзе хаваесься, зямеля? Куды зьнік? Бой хоць бачылі?

– Урыўкамі… – паціснуў плячыма Паскевіч. – Яны так крычалі…

– Незадаволеныя! Ну ясна: я ж вам казаў, усе паставілі на мяне… А скулу ім у бок! Прайграваць таксама трэба ўмець. A то мне гаспадар ужо хутка зусім плаціць перастане, калі ўвесь час буду выйграваць… Сёньня на матчы ўсе тутэйшыя знакамітасьці былі – шкада, што я не пасьпеў вам нікога паказаць… Ды нічога, яшчэ пасьпеем. Заўтра будзе вечарына нейкага там іхнага Зьвязу Патрыётаў, казаў Галавач, ці чаго, там нібыта павінны быць усе нашы… Уф, намучыўся я зь ім, з гэтым Раб'ёсо! Але галоўнае – адпрацавалі, гуляем! Хадземце, Паскевіч – зойдзем у адну пульпэрыю…

– А гэта што? Мабыць, бардэль, так?

Мялешка разрагатаўся.

– Ну, не зусім – бардэлі тут афіцыйна забароненыя… Проста карчма. Зрэшты, калі вас цікавіць бардэль, то няма праблем… Але спачатку пасядзім як сьлед, піва якога вып'ем ці чаго… Хадземце, адзначым маю паразу! Сёньня я зарабіў дастаткова…

Пасьля бою Мялешка мог сабе дазволіць крыху падпіць. Відаць было, што ў карчме яго сапраўды бадай усе ведаюць, бо ледзьве ня з кожным ён здароўкаўся, рукаўся й перакідваўся колькімі тутэйшымі словамі. Здавалася, што ўсе яму спачуваюць, бо час ад часу Мялешка зьмяняў усьмешку ў твары на скрушны выраз пакаяннага грэшніка. Праз усе гэтыя вітаньні й руканьні на «сядзеньне» з Паскевічам у яго амаль не было часу, але той быў гэтаму хутчэй рады. Тут яму было спакайней, чымся ў «Арэне» – ён пачуваўся ямчэй яшчэ й таму, што ў карчме не было столькі сьвяточна апранутых людзей: усе выглядалі звычайна, сьціпла, амаль як да вайны ў іх, у Маладэчне.

– А, Расіта! – гукнуў Мялешка, не пасыіеўшы зноў вярнуцца за столік, да прывабнай чарнявай маладзіцы, апранутай, як на Паскевічаў густ, крыху занадта адважна. – Комо эхтас? Бэн ака, тэ прэсэнто а м'яміго Ніколяс…

Расіта ахвотна падышла да Мялешкі, манэрна выкідаючы ногі наперад і вагаючы клубамі – той без цырымоніяў абняў яе за стан і засьпяваў опэрным голасам:

– «Кон эхта сэнёрыта мэ к'еро касар,

кон эхта сэнёрыта дэ Сан Ніколяс.

Кон эхта сі, кон эхта но,

кон эхта сэнёрыта мэ касо жо…»


Неўзабаве яны пачалі цалавацца, і Паскевічу зрабілася крыху няёмка побач зь імі. Пасьля першага куфля піва ён неяк засумаваў, раптоўна адчуўшы сябе тут чужым. Мялешка заўважыў гэта, зьлітаваўся з свайго новага таварыша й адпусьціў Расіту, якая тут жа перайшла да іншага дзецюка за суседнім столікам.

– Ну, чаго засумаваў? – паклаў Мялешка руку на плячо Паскевічу. – Калі вам усё-ткі патрэбная жанчына, то не саромцеся, – шапянуў ён на вуха суайчыньніку. – Расіта зробіць для мяне ўсё. Значыць – і для вас таксама.

Паскевіч крыху сумеўся й пакруціў галавой, нічога не адказаўшы.

– Дарэмна, дарэмна… – крыху расчаравана ўздыхнуў Мялешка, але адразу ж зьмяніў тон: – А вунь, каго я бачу! Рагулін! Блакітная кроў! Ану хадзі сюды, стары чорт! Я сёньня фундую!

Пачуўшы гэтыя словы, ад аднаго з сталоў паслухмяна ўзьняўся немалады ўжо чалавек, апрануты гэтак жа проста, як і астатнія, але зусім не па-тутэйшаму. Зарослы й падпіты твар адразу ж выдаваў ягонае славянскае паходжаньне.

– Тут шмат рускіх, – патлумачыў Мялешка Паскевічу, пакуль Рагулін з намогаю сунуўся да іх. – Змагары за цара й ацечаства, збольшага. Белагвардзейцы. Мяне былі зь імі часта блыталі на пачатку… «Белы рускі», казалі. Затое абыходзіліся як з чалавекам – спачувалі… Ну, здароў, здароў, Рагулін! Дык ты жывы? Даўно цябе ня бачыў… Што новага ў сьвеце? Бачыш, казаў я табе, што Пэрон пераможа, га? Казаў?

Рагулін нічога не адказаў на ягоныя кепікі, як быццам быў да іх прызвычаены, а моўчкі далучыўся да такіх жа, як і ён, «белых рускіх». Мялешка хуценька пазнаёміў яго з Паскевічам, замовіў абодвум шклянку хінэбры, а сам зноў адышоўся некуды ўбок, да нейкіх сваіх знаёмых. Ані Паскевіч, ані Рагулін, трэба сказаць, ня мелі асаблівай цікавасьці адзін да аднаго, таму сядзелі моўчкі, адзін – са смакам прысёрбваючы хінэбру, другі, меней спрактыкаваны – крывячыся па-над пустою шклянкай ад пякучай тутэйшае самагонкі.

Неўзабаве за сталом, да якога падсеў Мялешка, узьняўся нейкі загучны і для такой карчмы шум. Галасы мясцовых заўсёднікаў асабліва часта выгуквалі мянушку «Эль Грынго». Сярод крыкуноў вылучаўся адзін сярэдняга росту мужычок у капелюшы й накінутай на плечы коўдры, які паказваў на Мялешку пальцам з зусім не сяброўскім выразам у твары. Мялешка толькі круціў галавой і пасьміхаўся.

– Чаго ён хоча? – запытаўся ў Рагуліна Паскевіч, які пачаў крыху турбавацца за свайго дабрадзея.

– Сатысфакцыі, – адказаў Рагулін, але бачачы, што Паскевіч не разумее, патлумачыў: – Кажа, што сёньняшняя параза была дамоўленая. Яны, маўляў, усё ведаюць: паляк падманвае… Разумнікі! Вядома, паляк падманвае. На тое ж ён і паляк…

– I што цяпер будзе? – пацікавіўся Паскевіч.

– Біцца будуць, – абыякава адказаў Рагулін, хаваючыся за шклянку з хінэбрай і нават не пазіраючы ў той бок.

Сапраўды, той, хто чапляўся да Мялешкі, раптам выхапіў аднекуль з-пад пахі доўгі сьцізорык.

– Што ён крычыць? – зноў спытаўся Паскевіч.

– Крычыць, каб Эль Грынго даставаў сваю наваху…

– Куды ты мяне паслаў? – узьняў тут Мялешка голас на ўсю карчму, падбадзёрваючы сам сябе па-беларуску, і зухавата падміргнуў Паскевічу з Рагуліным. – На халеру мне твая наваха? Я табе зараз і без навахі пакажу!

Падпіты мужычок зрабіў крок наперад і пачаў махаць нажом перад Мялешкавым тварам. Мясцовыя разявакі адступіліся, утварыўшы пасярэдзіне карчмы кола. Мялешка ўскочыў, крыху прыгнуўся ў тыповай баксэрскай стойцы і прыкрыўся рукамі. Цяпер ягоныя рухі былі лёгкімі – зусім не такімі, як кагадзе падчас бою. Задзіра, як выглядала, таксама быў не пачатковец – двойчы лязо ягонай навахі прасьвісьцела ў Мялешкі над самым вухам. Аднак тут з па-за заслоны цыгарэтнага дыму нечакана выскачыў Мялешкаў кулак, кіруючыся проста ў лоб кампадрыто, і той грымнуўся на падлогу як забіты, выпусьціўшы з рук нож.

– Гатовы, – задаволена адзначыў Мялешка, паціраючы косткі пальцаў.

Пульпэрыя зараўла ад задавальненьня, зноў стаўшы на бок свайго ўлюбёнца:

– Віва Эль Грынго! Брындо пор Эль Грынго!

– Сіла ёсьць – розуму ня трэба, – пракамэнтаваў буркатлівы Рагулін, які, у адрозьненьне ад Паскевіча, бачыў гэтую сцэну ня ў першы раз.

Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік)

Подняться наверх