Читать книгу Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік) - Макс Шчур - Страница 6

II. Жанравыя практыкаваньні
Зьвяз патрыётаў
1

Оглавление

Абсяг пад блакітным небасхілам быў падзелены напалам: палову займаў зялёны акіян, палову – белае места. У месцы сутыкненьня двух мораў, мора хваляў і мора стрэхаў, якія супольна займалі ўвесь акаём і сягалі да далягляду, зь берагу на карабель быў пракладзены тонкі масток, што на кароткі час злучыў між сабою два сьветы: тутэйшы сьвет міру й цішыні і яшчэ адзін, далёкі, напалову зруйнаваны, спапялёны й вылюднелы ад мору вайны. На людзей, якія кіраваліся з карабля на новую зямлю, сьведкі іхнае «высадкі» пазіралі зь недаверам, нібы прыежджыя былі носьбітамі згаданага мору й зьбіраліся занесьці яго сюды, у шчасную й бестурботную краіну пад субтрапічным сонцам. 3 нагоды прыбыцьця новай партыі эмігрантаў партовая ахова была нават узброеная карабінамі – на ўсялякі выпадак.

Людзі пачалі памалу спускацца ўніз, цягнучы на сабе й за сабою, у руках і пад пахамі свае валізы й клункі. Выгляд места й порта іх натхніў, нават крыху напалохаў сваёй бязьмежнасьцю. Яны крочылі асьцярожна, увесь час пазіраючы ўніз і баючыся ступіць не туды пасьля тыдняў марской гойданкі. Сярод іх амаль не было жанчын ані дзяцей: калі не лічыць некалькіх падлеткаў, гэта былі амаль адны мужчыны сярэдняга веку, у кірзавых ботах з запраўленымі пад халяўкі нагавіцамі, у каптурках, у зрэбных кашулях, расшпіленых сьпінжаках.

Адзін зь іх, які йшоў наперадзе зь невялічкай зграбнай валізкай, запыніўся, прыклаўшы далонь да твару, каб захіліць пякучае сонца, і разгледзеў унізе вялікі гурт тутэйшых жыхароў: тыя, падалося яму, трымалі ў руках кавалкі чырвонай тканіны й махалі імі, ці то нібы адганяючы гарачыню, ці то нібы дражнячы вандроўных на капыл матадораў. Мужчына заплюшчыў і зноў расплюшчыў вочы – чырвоныя анучы ня зьніклі. Уздыхнуўшы, ён рушыў уніз.

3 натоўпу пачуліся сьвіст і крыкі на нейкай незразумелай паліцыянтам мове:

– Гэй, вы! Фашысты! Чаго прыехалі?

– Едзьце назад! Тут вам месца няма!

– Здраднікі! Дамоў! Пад суд!

У адказ ім з трапу азвалася незадаволенае:

– Чаго ж вы ня едзеце?

– Мы тут дома! – запярэчыў хтосьці, але яго заглушылі іншыя галасы:

– Вядома, паедзем! А што? Чаму не?

Тым часам мужчына з валізкай ужо ступіў на зямлю, але не пасьпеў ён стаць на яе абедзьвюма нагамі, як нейкі маладзён з шэрагу разявакаў (відаць, не зусім цьвярозы) падскочыў да яго й плюнуў яму ў вочы, верагодна, баючыся ў іх зазірнуць:

– Вось табе, падла фашысцкае!

Чалавек зьбялеў. Нічога не адказаўшы, ён павольна ўзьняў руку, выцер рукавом сьліну з твару, выцер потную далонь аб нагавіцы, вінавата пасьміхнуўся й раптоўным, амаль ня бачным, затое ўсімі добра пачутым рухам заляпіў крыўдзіцелю ў храпу. Той ад нечаканасьці не ўтрымаўся на нагах і ажно сеў на сраку. Такога нахабства ад новапрыежджага ніхто не чакаў. Убачыўшы гэткую наравістасьць, сябры пакрыўджанага падляцелі да падарожнага й наваліліся на яго. Бабы ўзьнялі крык, чырвоныя сьцягі замітусіліся ў паветры зь яшчэ большым імпэтам, чым дагэтуль. Ля самага трапу ўтварылася гурба народу, што замінала праходу астатніх. Паліцыянты паспрабавалі страляць у паветра, але лезьці ў гушчу падзей не хацелі.

Праз агульную сумятню і гармідар з другога краю натоўпу да трапу пачаў прадзірацца агромністы чалавек пад два мэтры ростам, у белым капелюшы й такім сама гарнітуры – натоўп нечакана лёгка прапускаў яго, таму здалёк ён быў падобны да магутнага плыўца, што расьсякае ўзмахамі рук хвалі людзкіх галоваў. Ён кіраваў да эпіцэнтру сутычкі, дзе чацьвёра дужых малойцаў усё яшчэ тузаліся з новапрыбылым хуліганам: з вышыні свайго росту волат добра мог бачыць усю сцэну ад самага пачатку.

– Ану, прэч ад яго, сволачы! – узьняў ён голас. – Зараз усіх у паліцыю паздаю! Я вам дам, сваяка майго лупцаваць! Офісьяль!

Адзін з нападнікаў, узяты двухмэтровым чалавекам за каўнер, адразу перастаў тузацца й бездапаможна прахрыпеў:

– Прабачце… Я ня ведаў, што ён ваш сваяк, сэнёр Мялешка…

Усе тыя гарланы з чырвонымі сьцягамі, што трымаліся ад сцэны наводдаль, зарагаталі як адзін:

– Бач ты яго… Сэнёр Мялешка… Які ён табе сэнёр? Taxi сама беларус, як і ты…

Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік)

Подняться наверх