Читать книгу Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік) - Макс Шчур - Страница 4

I. Пра жаночае
Спажывец

Оглавление

Іве Подзімкавай, з удзячнасьцю

Ён належаў да ліку тых кліентаў, што патрабуюць да сябе асаблівай увагі, але ня здольныя нічым яе дамагчыся ані аплаціць. Я дык наагул заўважыла яго ўпершыню тыдні якія два пасьля таго, як ён пачаў хадзіць да нас штовечар. Вядома ж, прыходзячы на самым канцы працоўнага дня, калі ўваччу ўжо робіцца цямней, чым за вокнамі, ажно лічбаў нельга адрозьніць адна ад адной, ня тое што твараў, наўрад ці можна разьлічваць на тое, што вас тут хтосьці запамятае.

Пагатоў, хто да нас толькі ня ходзіць. Злодзеі ўсялякія, напрыклад. Таксама – студэнты, бо тут яны могуць сядзець гадзінамі й рабіць выгляд, што нешта вучаць. Турыстаў незьлічона. Штодня – тысячы твараў. Дзе ж тут усіх запамятаеш! Ясна адно: прыстойных людзей сярод іх вельмі мала, і ў асноўным гэта амэрыканцы, якіх сюды цягне патрыятызм – вось жа, нават у такім задрыпаным кутку сьвету знайшлося месца для іхнай фірмы.

Шторазу ён замаўляўтое самае. Паводле ягонай вопраткі ільга было меркаваць, што ён імкнецца стварыць уражаньне прыстойнага чалавека (ага, так я яму й паверыла). Яшчэ прыкідваўся, быццам штосьці піша. А можа, і насамрэч штосьці пісаў. Хто ведае. Нейкі час думалі, што скаргі. Потым супакоіліся. Часам – чытаў. Сядаў звычайна за рогам – так, каб ільга было пазіраць на мяне. Але я на яго не глядзела. Мне бавіцца не было калі, мне абы хутчэй адпрацаваць. Калі ж ніхто з кліентаў не стаяў над душой, абапершыся аб стойку бара, дык ільга было прынамсі пайсьці ў каморку, прысесьці на скамейку, а час ад часу й што ўкусіць. Толькі некалькі разоў, ідучы ў прыбіральню, я сутыкалася зь ім вачыма. Звычайны пагляд збачэнца, якому падабаюцца прадаўшчыцы й афіцыянткі. Нічога асаблівага, такіх тут процьма.

Зрэшты, напарніцы першымі заўважылі, што тут нешта ня тое. Пачалі казаць мне: ён неяк дзіўна на цябе пазірае. Напэўна, ты яму падабаесься. Ну й што з таго, кажу. He пашанцавала яму, значыцца.

Наагул, зь людзьмі мне працавалася цяжка. Ня толькі зь ім. Але з астатнімі было лягчэй: яны ўспрымалі мяне як аўтамат па выдачы напояў і прысмакаў. Прынамсі, дакладна ня бачылі ўва мне «чалавека». Перад імі ня трэба было саромецца за тое, што мне ўжо амаль трыццаць, а я так і ня здолела знайсьці сабе ані людзкай працы, ані мужыка, які пазбавіў бы мяне неабходнасьці бегаць у якасьці прыслужніцы абы перад кім. Што хачу сказаць: у ім мяне раздражняла менавіта ягонае спачуваньне й беспадстаўная, нават празьмерная цікавасьць да мяне.

Аднойчы ўвечары, пад канец дня, калі пачынала ўжо быць вальней і можна было прынамсі крыху перавесьці дых, я сядзела ў падсобцы, хаваючыся ад пары назолістых і заўжды раздражнёных немцаў, якія, як мне падалося, урэшце сышлі, так мяне й не дачакаўшыся. I тут чую высокі няўпэўнены голас, з акцэнтам – гукае: «Спадарычна!» Адразу адчула нядобрае. Паволі высоўваюся – ён, хто ж іншы. Прынёс мне назад каву, якую я літаральна хвіліну таму яму наліла, і кажа: «Выбачайце, гэта піць немагчыма». «Дык чаго ж вы сюды ходзіце», ледзь была не запыталася я. «Што ня так?», кажу. Ён пачаў мне неяк прыніжана, быццам спрабуючы сам увайсьці ў маё прыніжанае сацыяльнае становішча, тлумачыць, што кава ў нас, маўляў, вельмі смачная, а галоўнае – недарагая, але вось толькі халодная. А ён п'е, значыцца, толькі гарачую каву.

Тады я ўпершыню зірнула на яго ўважліва й мусіла зь неахвотай прызнаць, што на выгляд ён быў даволі сымпатычны. Толькі што з гэтага – ня мой тып. Маці казала: у жанчыны прыгажосьць – гэта ўсё, у мужчыны – зусім нічога. Да таго ж, малы ростам: ледзь вышэйшы за мяне. Што ж, прынамсі, не ніжэйшы. Зрэшты, ніжэйшыя за мяне бываюць толькі дзеці і ліліпуты.

Ягоная нерашучасьць і разгубленасьць мяне насьмяшыла: я не стрымалася і ўсьміхнулася. Мне падалося, што ў яго ўваччу зазьзяла радасьць. Здаецца, ён таксама мне ўсьміхнуўся. Мне стала яго шкада: ён, мабыць, думаў, што ў маёй усьмешцы было нешта асабістае. Але насамрэч нас вучаць усьміхацца ўсім. Mae словы й паводзіны на працы ня маюць са мною нічога агульнага. Гэтак у нас паводзяць сябе ўсе.

Пасьля гэтага доўгі час паўтаралася тое самае: ён прыходзіў да нас кожны дзень, а той самай гадзіне, замаўляў тую самую чорную каву й салодкае печыва з крэмам – хутчэй для выгляду, бо звычайна яго не даядаў. Нічога дзіўнага: ведалі б вы, з чаго і як вырабляецца гэтае печыва! Але пра гэта лепей ня будзем…

Зважаць на яго ў мяне па-ранейшаму не было часу. Мяне якраз цікавіў адзін высокі амэрыканец, з выгляду бізнэсмэн, які заўсёды прыходзіў да нас раніцай сьнедаць і ўвесь час шырока мне ўсьміхаўся. Прынамсі, гэта быў бляндын, у адрозьненьне ад майго вечаровага прыхільніка, што быў такі ж самы чарнявы, як і я – брунэты, на жаль для яго, ніколі не былі ў маім гусьце.

Неяк месяцы праз тры, ужо была позьняя восень, той мой дзівак падыходзіць да мяне й кажа: «Скажэце, Вера, у колькі вы сёньня заканчваеце працу?» Я ледзь ня ўпала – трэба было мяне бачыць. Дзяўчаты адразу схаваліся ў каморку, хіхікаючы. На «вы», ды яшчэ й Вера! Думаеце, адкуль ён ведаў маё імя? На нашай працоўнай форме таблічка зь імем – абавязковасьць. На ўсялякі выпадак. Аднак за ўвесь час сваёй працы я не прыгадваю ні разу, каб хтосьці з кліентаў зьвяртаўся да мяне па імі – ён быў першым і, як аказалася, апошнім.

«А дзясятай», кажу. «А што вы робіце пасьля?», пытаецца. «Дадому іду», адказваю. «Што ж яшчэ». I гляджу на яго ўважліва, проста ў вочы – вытрымае ці не? Ён сумеўся, але ненадоўга. «А калі б я запрасіў вас на вячэру, вы б пайшлі?», пытаецца ён гэтым сваім дрыготкім, як у падлетка, голасам. Паводле ягонага выгляду было ясна, што ён гатовы праваліцца скрозь зямлю. У вас, маўляў, такая цяжкая праца, і вы робіце яе так добра. (Тры разы «ха-ха»!) Я вырашыў зрабіць для вас проста такі падарунак. He ўспрымайце гэта як нешта асабістае, і ўсё такое.

Ня ведаю, чаму, але я пагадзілася. Што зробіш, калі амэрыканец даўно ўжо не зьвяртаў на мяне ніякай увагі.

Падчас вячэры мы практычна ня мелі пра што размаўляць, але ежа была цудоўная. Ён пытаўся пра маю працу. Я яму распавяла і спыталася, як мае быць, пра ягоную. Сказаў, што ён журналіст, але нешта я яму ня надта верыла.

«У вас такія інтэлігентныя вочы», кажа ён раптам. Я ледзь не папярхнулася. «Вы, напэўна, вельмі інтэлігентная жанчына». Памыляецеся, думаю. Я звычайная жанчына. Але ўголас казаць я гэтага, зразумела ж, ня буду. Чаго ён усё-ткі хоча? думаю. «Мне здаецца, што вы тут – памылкова. Вы заслугоўваеце лепшай працы». «Я таксама так лічу», кажу ўподсьмех. Зрэшты, я ўжо тады й сама ведала, што доўга на сваім месцы не ўтрымаюся.

Пілі мы тады віно, але не з бутэлькі, як усе самавітыя людзі, а келіх па келіху. Я спрабавала паводзіць сябе, што называецца, годна – гэта яму падабалася. Ён ад узрушанасьці, здаецца, амаль нічога ня еў, а толькі ўвесь час пазіраў на мяне.

Чым бліжэй быў канец вячэры, тым большы жах нарастаў у ягоных вачох. Абасраўся па самыя вушы ад уласнай сьмеласьці, падумала я. Вось такія яны ўсе. Пэўне ж, ён ведаў, што ня можа проста так са мной разьвітацца, але запрасіць мяне да сябе таксама не наважваўся. Калі б ён на нешта прынамсі намякнуў, далейшае не было б такой ужо праблемай, не дарэмна ж віно пілі, аднак ён так нічога й не сказаў, нават не спытаўся, дзе я жыву – пагатоў, з кім. Проста пасадзіў мяне на трамвай і разьвітаўся, сказаўшы, што спадзяецца ўбачыцца яшчэ. Дзівак. Толькі сорам быў перад дзяўчатамі: не было нават чаго распавесьці.

Пасьля гэтага ён на некалькі тыдняў кудысьці зьнік. Я ўжо баялася, каб зь ім, крый бог, чаго ня здарылася. Можа, захварэў, альбо некуды пераехаў. Можа, вярнуўся да сябе на радзіму, ці яшчэ што. А вось з кім што здарылася, дык гэта са мной. Спачатку кавярню зачынілі на рэканструкцыю, а неўзабаве дзеўкі даведаліся, што нашую фірму набылі італьянцы. Я так і адчувала, што новыя гаспадары не захочуць пакінуць мяне на працы. Хаця на ўсе пытаньні тэста я адказала, здаецца, слушна. Дзяўчаты потым казалі, нібыта новаму кадравіку не спадабаліся мае вочы. У яе, маўляў, вочы падманшчыцы. Сама сабе галава: кажа зусім ня тое, што думае. Ну й трасца з вамі. He хапала яшчэ, каб мне на працы забаранялі думаць, што закарціць. Карацей, мяне звольнілі. Але рэкамэндацыю напісалі добрую, як вядзецца. Неўзабаве я знайшла іншую працу, у сваім мікрараёне, ня ў цэнтры. Плацілі там меней, але ўсё адно ж гэтак лепей, чым жыць на сацыяльную дапамогу.

Калі праз паўгоду мяне ўрэшце пусьцілі ў адпачынак, я зайшла да дзяўчат, якія засталіся працаваць у кавярні, у адведкі. Хай сабе гаманіць нам зь імі асабліва пра што не было, але ўсё-ткі – патрэба ёсьць патрэба. На тое ж мы й бабы, хіба не.

Дзеўкі распавядалі аб усім: пра новыя парадкі, новага шэфа, новых кліентаў. Пад канец зайшла гутарка і пра таго дзівака. «А ведаеш, ён пра цябе пытаўся», паведаміла Ядзя такім тонам, быццам гэта было штосьці значнае. «I што?», кажу, не выдаючы цікаўнасьці. «Ды так, нічога», усьміхнулася Ядзя. «Тыдні праз два пасьля таго, як ты сышла, ён тут зьявіўся. А ў нас якраз пасьля рамонту зьмянілі сталы, надпісы, фарбы, кошты, карову паставілі ў рог – сама бачыш. Ну, ён на гэта ўсё глядзіць – і стаіць, нібы вачом ня можа паверыць. Услупянеў, кшталту. Я яму кажу – што вы будзеце? а ён маўчыць, быццам аглух. Потым нарэшце пытаецца: скажэце, а дзе знаходзіцца кавярня такая й такая? Нашая, паціпу, толькі былая. Мне ажно сьмешна зрабілася. Кажу – нідзе. Няма такой кавярні. Гляджу, а ў яго ўваччу – сьлёзы. Адным словам, уломак. Як няма? кажа. Так, кажу. Раней была, а цяпер няма. Ён такі: але ж вы памятаеце, вы там працавалі? Працавала, кажу. Тады вы павінны ведаць Веру… Ну, ведаю, кажу. I дзе яна? пытаецца. Я яму: яна тут больш не працуе. Ён такі: ня можа быць – я хацеў яе ў кіно запрасіць… Ну ці ня ўломак? Кажуць, пасьля гэтага ён з глудзу і зьехаў. Цяпер ужо канчаткова. Дарэчы, вунь ён!» – і Ядзя паказала пальцам за вакно: там корпаўся ў сьметніцы невысокі чалавек у зацяганым паліто, шукаючы парэшткі недаедзенага печыва з крэмам.

Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік)

Подняться наверх