Читать книгу Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік) - Макс Шчур - Страница 5
I. Пра жаночае
Паэтка
ОглавлениеПруст спрабаваў адшукаць паэзію і ў грамадзкіх прыбіральнях…
Т. Тцара
Колькі ёй гадоў? Дзе яна жыве? Як выглядае? Ходзячы па вёсцы, я спрабую пазнаць яе ў тутэйшых дзяўчатах – і не пазнаю.
Ведаю, што зваць яе, здаецца, Інна. Яна – нашая вясковая паэтка. больш таго – народная паэтка.
У цяперашні час любы іншы тынэйджэр на ейным месцы папросту завёў бы сабе блог і нікога б сваёй пісанінай асабліва не абцяжарваў, як і не абыходзіў. Тым часам яна ператварыла ў свой «нерукатворны помнік» будку на чыгуначным прыпынку.
Будка ўсьцяж упрыгожаная вершамі – зьсярэдзіны, па ўсім пэрымэтры. 3 часам вершы робіцца дрэнна відаць: спачатку падлеткі паступова заціраюць іх падэшвамі й замалёўваюць фарбай з балёнчыкаў, пакуль урэшце да пытаньняў культуры ня дойдуць рукі ў дарослых, што пэрыядычна беляць прыпынак вапнай. Але, дзіўным чынам, гэтыя вершы шторазу зноў праступаюць на муры, як біблійныя прароцтвы. А можа, прычына ў тым, што хтосьці проста эканоміць на вапне.
У кожным разе, замазваньне ейных твораў людзьмі, якія ў жыцьці ня толькі не напісалі, а магчыма й не прачыталі ніводнага верша, я лічу праявай сучаснага вандалізму, безуважна да таго, хто гэта робіць – улады ці залежныя ад спрэяў дзеці. Справа нават ня ў тым, што яны зьнішчаюць будучы народны фальклёр – справа ў тым, што яны зьнішчаюць доказы існаваньня адзінай і, магчыма, апошняй паэткі сваёй вёскі: ужо праз сам гэты факт яе варта занесьці ў якую-небудзь Чырвоную кнігу. Цікава, ці можна было б атрымаць на захаваньне гэтай старой, паўразваленай, бруднай, сто разоў абсіканай з усіх бакоў будкі – праўдзівага храму сучаснай паэзіі, што як найлепш адлюстроўвае ейны цяперашні стан, – які-небудзь грант ад Эўракамісіі, ці прынамсі ад міністэрства культуры? Што, калі б зь яе вырасла другая Сапфо, а праз 1000 гадоў адшукаліся ейныя невядомыя раней «ювэніліі»?
Мяркуйце самі – на жаль, паводле майго нягеглага вольнага перакладу:
Русалачка, ці не памру?
Штось падымаецца ўгару.
He буржуазная адрыжка —
Мая паўстала качарыжка!
Гэты верш адразу зацікавіў мяне, апрача тэматыкі, і пэўнай «інтэртэкстуальнасьцю»: радком «Uboha rusalko bleda» пачынаецца і славутая арыя Вадзяніка з опэры Дворжака «Русалка» – то бок коміка тут яшчэ ў тым, што аўтарка сьцябецца з нацыянальнай сьвятыні. Зрэшты, не яна першая: геніяльны вэрсыфікатар Іржы Гаек Крхоўскі, адзін зь нешматлікіх паэтаў чэскага андэграўнду, якія на пачатку 90-х трапілі нават у школьныя падручнікі, таксама недзе цытуе гэты радок. Цяпер я разумею, што менавіта ён быўузорам для нашай паэткі – у ёй, як і ў Крхоўскім, мяне вабіла менавіта спалучэньне пэўнай вытанчанасьці з разьняволенасьцю й па сутнасьці «мужчынскім» натуралізмам.
Змоўніцкая блізкасьць, якая ўзьнікае між аўтарам і чытачом падчас гутаркі на эратычныя тэмы, у маім выпадку была яшчэ больш інтымнай з прычыны таго, што аўтар быў дзяўчынай. Я зайздросьціў ейнай адвазе й простаму майстэрству, зь якім яна выкладалася на муры, нястомна шукаючы рыфмы й словы, каб даць выхад празьмернай энэргіі свайго яшчэ здаровага й неспрактыкаванага цела:
Трахацца б мне, трахацца,
Толькі дзе ўзяць хлопца?
Думала расплакацца,
Ды зьявіўся Росьця.
Удзень ябліся і ўначы —
Сябрук прыйшоў дапамагчы.
Боская штука, групавуха:
3 хлапцамі, бабы – весялуха…
На мурох прыпынку піша ня толькі яна – ёсьць там, зразумела, і іншыя аўтары. Напрыклад, ужо згаданыя графітысты, якія ў вольны ад скейтбордынгу час трэніруюцца ў пошуках свайго «почырку». У яе таксама ёсьць свой почырк – у абодвух сэнсах слова. Я адразу навучыўся адрозьніваць яго ад стылю іншых вершатворцаў – хлапцоў, якія імкнуцца яе нападабняць. Паэтку нельга зблытаць ні з кім:
Матка сварыцца з дачушкай:
Як нядзелі сьвяткавацца?
Лепей зь печанаю гускай,
Ці мо – з чэлесам у срацы?
На вёсцы, дзе «печаная гуска» разам з наведваньнем касьцёлу зьяўляецца неад'емным атрыбутам усеабдымнай нядзельнай нудоты, гэтыя зьдзеклівыя радкі гучалі для мяне як адчайны маніфэст грамадзянскага непадпарадкаваньня бязьмежнай вакольнай тупасьці. Я быў, бадай, адзіным, хто шчыра радаваўся, калі на бруднай сьцяне з-пад ейнага пяра (ці хутчэй флямастэра) зрэдчас нечакана зьяўлялася штосьці новае.
Уласна, пра тое, што гэта паэтка, а не паэт, я даведаўся не адразу – пасьля таго, як прачытаў наступнае прызнаньне:
Цябе кахаць прычынаў столькі ўсякіх,
Ды толькі я – чаму? – табе да сракі.
Шмат рэчаў ёсьць, якіх я не люблю,
Ды ад цябе й дзеля цябе – перацярплю.
Я міма йду – чаго вароціш голаў?
Я не красуня – так, але й ня голем…
Гэты верш – па-мойму, адзін з найлепшых, – быў неўзабаве незваротна замазаны якаснай, відавочна, дарагой чорнай фарбай, купленай за бацькоўскія грошы – верагодна, таму, што ў ім, як на густ мясцовых падлеткаў, было замала вульгарызмаў. Той самы лёс напаткаў і верш на сьмерць ейнага сябра й аднагодка Вашка (ягонае імя я даведаўся з прысьвячэньня):
Жыў аднойчы просты хлопец,
He любіў жыцьця. Так жыць,
Ён сабе падумаў, хопіць:
Вырашыў сябе забіць.
I аднойчы, y аўторак,
Зь сьвету ён навечна зьнік:
Меў у думках вэрхал, морак,
Скочыў проста пад цягнік.
Я не пасьпеў завучыць усяго тэксту, бо ён быў даволі доўгі – памятаю толькі, што сканчаецца ейная фрэска наіўна-манумэнтальным:
Часам дастаткова хвілі,
Каб кагосьці мы спазналі,
Толькі каб пасьля забылі —
Цэлага жыцьця замала.
Пасьля гэтага выпадку я, як сумленны зьбіральнік фальклёру, перапісаў усе ейныя вершы ў сшытак (у мяне не такая добрая памяць) у пярэрвах між электрычкамі, калі на прыпынку нікога не было, і ніхто мне не замінаў, апрача грукатаньня таварнякоў, што акурат у той час пралятаюць празь вёску, сьпяшаючыся адвезьці чорт ведама куды нафту, новыя машыны «Шкода» й іншы гломазд – пад адзін зь іх і скочыў той «просты хлопец», які «не любіў жыцьця». Людзі, што несупынна пілі піва ў бары на другім баку чыгункі, назіраючы за мной, напэўна, лічылі мяне вар'ятам. Кім лічылі яе, калі яна гэта пісала?
Я ўдзячны ёй за тыя гадзіны, што ў агульнай суме правёў на прыпынку ў чаканьні цягніка, чытаючы ейныя радкі, ад якіх цнатліва адварочваліся добра выхаваныя тутэйшыя грамадзяне абодвух палоў. Празь ейнае захапленьне паэзіяй я маю адчуваньне, што ў гэтай вёсцы ў мяне ёсьць сяброўка. Часам мне хочацца, каб яна была суседзкай дачкой, а ейныя вершы аб каханьні былі прысьвечаныя мне. Хто ведае – мажліва, так яно і ёсьць.
P. S. У момант, калі вы маеце магчымасьць прачытаць гэтыя словы на паперы, будкі болей няма: колькі месяцаў таму прыпынак «мадэрнізавалі», старую каменную хацінку дарэшты зьнесьлі на працягу двух дзён, а ейныя колішнія падмуркі заклалі брукам, на якім цяпер красуе шкляны акварыюм для пасажыраў. Пісаць на шкле нязручна, таму пасьлядоўнікаў у вясковай паэткі няма – хаця дзеля гонару мясцовых тынэйджэраў трэба дадаць, што яго ўжо некалькі разоў разьбівалі.