Читать книгу Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік) - Макс Шчур - Страница 12
II. Жанравыя практыкаваньні
Зьвяз патрыётаў
7
ОглавлениеНа наступны дзень а пятай гадзіне дня ў дзьверы нумару 112 у гатэлі «Марцін Ф'еро» пагрукалі. Голас Паскевіча азваўся, нібы скрозь сон:
– Хто там?
– Бяляцкі. Адчыніце, Паскевіч. Мне трэба з вамі паразмаўляць.
– Як вы мяне знайшлі? – зьдзіўлена спытаўся Паскевіч, зачыняючы за ім дзьверы.
– Проста. Ведаеце, у Бўэнас-Айрэсе шмат танных гатэляў, але не ў Палермо. Ну, як маецеся?
– Як бачыце, – паціснуў плячыма Паскевіч.
– П'яце?
– А што? – азваўся Паскевіч амаль злосна.
– Нічога. Добра, што ёсьць за што піць. Толькі вы гэта лепей кіньце.
– Ат… Дык што там чуваць? – Паскевіч наліў сабе поўную шклянку хінэбры, нібы не пачуўшы парады Бяляцкага. – Бачылі Мялешку?
– Бачыў. Ён у астрозе. У камэры папярэдняга затрыманьня. Дурань – яшчэ й чыніў супраціў паліцыі, панабіваў ім гузакоў… Пры гэтым – сам яе выклікаў… Сьмех і грэх. Але яго ўжо ня выпусьцяць, мне здаецца. Усе факты супраць яго. Плюс грамадзкае меркаваньне. Таму я й лічу, што вам варта абавязкова схадзіць у паліцыю, дружа.
– I што я ім скажу?
– Думайце самі. Можаце прызнацца, што забілі Галавача.
Паскевіч вылупіў на Бяляцкага вочы:
– Што вы верзяце? Вы з глузду зьехалі?
– He хвалюйцеся, я жартую, – пасьміхнуўся той. – Нікуды ісьці ня трэба, яны самі па вас прыйдуць, так ці іначай. Усё-ткі вас бачыла на той вечарыне даволі шмат народу, некаторыя ведаюць вас з карабля – калі б не агульнае перакананьне, што ўва ўсім вінаваты Мялешка, рана ці позна нехта мог бы прыгадаць, што вы раптоўна некуды выпарыліся. Мяркую, у гатэлі таксама ўжо зьвярнулі ўвагу на ваш позьні прыход. Таму вам трэба не сядзець тут, а тэрмінова зьяжджаць. Для пачатку, у Монтэвідэа. Туды ўсе ўцякаюць, як што якое. Іначай вас, хутчэй за ўсё, абвінавацяць ня толькі ў забойстве, а яшчэ і ў шпіянажы. А калі вас асудзяць як бальшавіцкага агента, то ў найлепшым выпадку з астрогу вы ніколі ня выйдзеце.
– Але Шашалевічаўна…
– Шашалевічаўна – колішняя Мялешкава нарачоная. Згода, абыйшоўся ён зь ёю не найлепшым чынам, але гэта не падстава, каб падводзіць яго пад шыбеніцу… Зрэшты, я думаю, што здолеў яе ў гэтым пераканаць. Цяпер на чарзе вы. Паслухайце: я абсалютна ўпэўнены, што гэта вы забілі Галавача. Вы чулі, што ў Мялешкі зь ім павінна адбыцца нейкая размова, адразу пасьля вячэры, як толькі пачнуцца танцы – Мялешка сам расказаў мне, як прадстаўляў вас Галавачу. Незадоўга да танцаў вы сышлі пад выглядам таго, што вам блага, як быццам у прыбіральню. Магчыма, вы й пераелі, але дакладна нічога не пілі й былі цьвярозы – іначай учора, калі вы прыйшлі да мяне, ад вас тхніла б перагарам на тры мэтры.
– Каб вы так блявалі, як я ўчора…
– Гэта было пазьней, пасьля забойства, што натуральна – ня кожны дзень даводзіцца забіваць чалавека. I, як вы сам прызнаяце, ванітавалі вы не ў прыбіральні, а ўжо на двары.
– Я ж кажу: я не знайшоў прыбіральні…
– Затое знайшлі кабінэт Галавача ў правым крыле калідору – як гэта ні сьмешна, яго паказала вам пакаёўка. Натуральна, ненаўмысна: схаваўшыся за паваротам калідору зьлева ад лесьвіцы, вы бачылі, як яна грукае ў дзьверы й гукае: «Спадар Галавач!» Аднак ніхто ёй не адчыніў і нават не азваўся, таму яна спусьцілася па лесьвіцы назад у салён – дзякуй богу, што вам не прыйшлося забіваць яе як сьведку. Такім чынам, кабінэт быў замкнёны, Галавача на месцы не было. Вам заставалася толькі цярпліва чакаць ягонага прыходу. Вядома, разам зь ім мог прыйсьці і Мялешка – у найгоршым выпадку, вам прыйшлося б застрэліць іх абодвух у калідоры, са сьпіны… Ня ведаю, ці здольны вы былі пайсьці і на гэта, рызыкуючы быць пачутым і схопленым практычна адразу, а магчыма яшчэ й ня трапіць… У кожным разе, ніякага пляну ўратаваньня ўласнага жыцьця, як, зрэшты, і пляну забойства, у вас не было – вы, напэўна, спадзяваліся нейкім чынам проста выскачыць на двор праз вакно… Тым ня менш, адбылося нешта зусім для вас нечаканае: празь нейкі час вы ўгледзелі, як клямка тарганулася, і пачулі, як нехта павярнуў ключ у замку, адамкнуўшы дзьверы кабінэту зьсярэдзіны – хаця вы ня бачылі, каб нехта туды ўваходзіў. Паколькі вы наўрад ці верыце ў духаў, гэта навяло вас на думку аб тым, што Галавач трапіў да сябе ў кабінэт празь іншыя дзьверы… Maгy я тут паліць? Дзякую.
Бяляцкі закурыў «Галюаз», потым працягнуў пачак Паскевічу – той нерашуча пачаставаўся.
– Трэба аддаць вам належнае: вы не гублялі часу, нават рызыкуючы падставіць Мялешку – як, на жаль, канец канцоў і атрымалася… У пэўным сэнсе, сьмерць Галавача была ў значнай ступені самагубствам: ён сам адамкнуў дзьверы свайму забойцу. Відаць, ня мог дачакацца прыходу Мялешкі: так яму карцела паставіць яго на месца й запатрабаваць вяртаньня пазычаных грошай… А можа, ён хацеў зрабіць нашаму сябру вымову: маўляў, няма чаго цягаць з сабой на банкеты невядома каго, хто ня толькі яго аб'ядае, але яшчэ й ня ўмее паводзіць сябе перад гасьцямі – ня ведаю… Як бы там ні было, замест Мялешкі ён убачыў у дзьвярах вас. He выключаю, што Галавач мог памерці ад нечаканасьці й жаху яшчэ да таго, як вашая куля трапіла яму ў галаву – даруйце за міжвольны калямбур…
Бяляцкі зрабіў паўзу, зацягваючыся цыгарэтай. Паскевіч слухаў яго па-дзіцячы ўважліва, нібы той распавядаў яму казку.
– Унізе ўсе таньчылі польку, і стрэлу ніхто не пачуў – апроч Мялешкі, што акурат падымаўся па лесьвіцы, і спадарычны Шашалевіч: тая сьцяліла гаспадару ложак на другім канцы калідору, у левым крыле, і выйшла паглядзець, што адбываецца. У кабінэце яна ўжо засьпела нашага хутканогага атлета Мялешку, усяго запэцканага крывёй – небарака кленчыў на каберцы, спрабуючы дапамагчы ахвяры, сам-насам зь нябожчыкам і кінутым вамі рэвальвэрам. Калі быць дакладным – не рэвальвэрам, а «Вальтэрам», прывезеным вамі з Эўропы. Гэтае відовішча страшэнна напалохала дзяўчыну, і яна стрымгалоў кінулася ў залю, каб абвясьціць усім, што Мялешка забіў Галавача. У тым, што ён быў да гэтага здольны, у яе не было ніякіх сумневаў: пасьля таго, як ён абышоўся зь ёю зусім не па-джэнтльмэнску, ён ператварыўся ў ейных вачох у найгоршага мярзотніка ў сьвеце.
– Гэта ўсё можа й так, што я ведаю… – Паскевіч хаця і ўсьміхаўся, але паступова яму рабілася не да сьмеху. – Толькі дзе, па-вашаму, увесь гэты час быў я?
– У кабінэце. Дзе ж вы маглі яшчэ быць? Ня думаю, што вы віселі на люстры пад стольлю – хутчэй за ўсё, вы схаваліся за фіранкай. Стоячы там, вы адчулі, што драўляная перагародка ў вас за сьпінаю паддаецца, а калі Мялешка выбег з кабінэту ўвасьлед за пакаёўкай, вы выйшлі тымі самымі дзьвярыма, празь якія ў пакой трапіў Галавач і пра існаваньне якіх Мялешка не падазраваў, іначай ён, пры ўсіх ягоных разумовых здольнасьцях, здагадаўся б туды зазірнуць…
– Ну ў вас і фантазія, Бяляцкі… – роспачна заўважыў Паскевіч. – Ды не было мяне там…
– Гэта вы сваёй бабулі расказвайце. Па лесьвіцы ў сьцяне вы спусьціліся на першы паверх і цераз кухню, дзе на той момант ужо нікога не было, спакойна выйшлі на двор, дзе, як вы кажаце, і «прабляваліся». Мясьціны былі вам цалкам незнаёмыя, і вы кінуліся бегчы абы куды, за вачыма, а неўзабаве апынуліся каля гэтага вось гатэлю. На наступны дзень вы не хацелі вяртацца да Мялешкі, бо баяліся трапіць пад увагу паліцыі, а замест гэтага вырашылі наведаць мяне, каб спраўдзіць, ці не пачалі вас шукаць.
– А ўласна… дзе ў той вечар былі вы? – не прыдумаў лепшага пытаньня Паскевіч.
– Я? – зьдзівіўся Бяляцкі. – Дома. Я на такія вечарыны не хаджу…
– Тады не разумею, адкуль вы ўсё гэта ўзялі…
– Усё гэта вы расказалі мне самі – вы, Мялешка, Шашалевіч… Ніводны з вас ня ўмее хлусіць. Акрамя таго, сёньня з раніцы я быў каля вілы і размаўляў зь лёкаямі – паводле іх, ніхто ў часе банкету праз галоўныя дзьверы не сыходзіў, пагатоў адразу ж пасьля забойства – паліцыя адпусьціла гасьцей толькі праз гадзіну, прычым усіх разам. Але вы ўсё-ткі нейкім чынам пакінулі вілу – як? He знайшоўшы пад вокнамі ніякіх сьлядоў скачку, я падумаў, што забойца мусіў выйсьці праз кухню. Маю здагадку, даруйце за падрабязнасьць, неўзабаве пацьвердзілі ваніты непадалёк ад дому, побач зь сьцежкай, што вядзе да дзьвярэй кухні… To бок сапраўдная таямніца тут была толькі адна: калі вы выйшлі праз кухню, якім чынам ніхто вас ня толькі не затрымаў, але й наагул не заўважыў вашага зьнікненьня? Скажам, у масе людзей, нават збольшага знаёмых, лёгка згубіцца: тыя, хто ведаў вас з карабля, маглі й не прыкмеціць вашай пазьнейшай адсутнасьці, бо аўтаматычна лічылі, што вы знаходзіцеся недзе сярод іх, у натоўпе – калі толькі наагул не забыліся пра вас у тым вэрхале, як вы, мабыць, і спадзяваліся… Але як абслуга магла не заўважыць незнаёмага, новага для іх чалавека, які нібыта сышоў адзін, раней за астатніх? Значыць, на нейкі момант вы мусілі схавацца ад усіх – прычым не ў салёне, не ў сталовай, не ў калідоры, не ў прыбіральні, адкуль вы на двор ніяк бы не патрапілі, а ў месцы, пра якое ня ведаюць нават служкі, недзе паміж кабінэтам на другім паверсе і кухняй на першым… Натуральна, я сам ніколі ня быў усярэдзіне вілы, толькі звонку, таму ня мог бачыць на ўласныя вочы патаемнае лесьвіцы. Але я сыходзіў з таго, што калі небарака Мялешка мусіць быць апраўданы, яна павінна там існаваць, бо іначай сапраўдны забойца ня мог бы ўцячы з пакою і з дому незаўважаным… Гэты мэтад, калі вам цікава, завецца «абдукцыя».
– Бяляцкі, клянуся вам, што вы памыляецеся…
– Hi ў якім разе. Я быў перакананы ў сваёй рацыі яшчэ да таго, як дзеля большай пэўнасьці завітаў у бібліятэку – я акурат адтуль… Прызнаюся, самым цяжкім у маім расьсьледаваньні аказалася знайсьці пляны вілы «Эстрэлья», але я іх знайшоў. Рысунак 1932 году дакладна адпавядаў Мялешкаваму апісаньню ейнай пляніроўкі, апрача, вядома адной дэталі, пра якую наш сябар ня ведаў, але ведаем я і вы, як ведаў і Галавач: лесьвіцы ў сьцяне правага крыла з паўночнага боку, між першым і другім паверхам… Застаецца, каб пра яе даведалася паліцыя – гэты зь першага погляду нявінны выбрык архітэктара можа стаць важкім доказам на карысьць невінаватасьці Мялешкі і змусіць шукаць забойцу сярод найбліжэйшых да Галавача людзей… Тым часам вы ўжо будзеце ў Монтэвідэа.
– Чакайце… Але калі вы лічыце мяне забойцам, чаму вы імкняцеся мне дапамагчы?
– Як вам сказаць… Як чыстага лёгіка мяне цікавіць тэхнічны бок справы, вашая матывацыя не павінна мяне так ужо абыходзіць, але, ведаючы Галавача, я ўпэўнены, што яна ў вас была… Хаця й, натуральна, ня ў вас аднаго. Хто ведае, калі б я пайшоў тады з вамі, я, магчыма, таксама б яго застрэліў, – паспрабаваў пажартаваць Бяляцкі. – Хіба толькі, калі б я хацеў яго застрэліць, то дакладна ня дзейнічаў бы так бяздумна, як вы, спадзеючыся на ўдачу… Аднак спадарыня Фартуна, трэба сказаць, зь нейкай загадкавай прычыны была ў той вечар на вашым баку. Тое, што вы здолелі яго забіць, а пасьля яшчэ й зьнікнуць зь месца злачынства, іначай як цудам не назавеш, a паліцыя, як вядома, ня схільная верыць у цуды – ёй прасьцей верыць у вінаватасьць Мялешкі.
Паскевіч сядзеў, угнуўшы плечы пад цяжарам аргумэнтаў Бяляцкага, і ня ведаў, ці варта яму наагул апраўдвацца. Урэшце, ён схамянуўся:
– Слухайце, Вы кажаце, што ведалі Галавача – хіба ён сам ня мог, так бы мовіць, вынесьці сабе сьмяротны прысуд зь нейкай прычыны?
Бяляцкі адмоўна пакруціў галавой.
– Ён быў ня той чалавек, каб страляцца. Але ў пэўным сэнсе вы маеце рацыю. Галавач быў залішне прыкметнай публічнай асобай, так што рана ці позна зь ім мусіла нешта адбыцца.
Паскевіч зазірнуў яму ў вочы:
– Карацей кажучы, вы лічыце мяне агентам балынавікоў?
– Крый бог! – усклікнуў Бяляцкі. – Я мяркую, што ў вас з Галавачом – ці Бальцаровічам, калі ўжо называць рэчы сваімі імёнамі, – былі асабістыя рахункі. паводле маіх зьвестак, падчас акупацыі ён быў кіраўніком гітлераўскай паліцыі ў Маладэчанскай акрузе. Як гэта ні дзіўна, вы таксама паходзіце з-пад Маладэчна, ці ня праўда? Хаця гэта можа быць і супадзеньнем…
– Як я раней не здагадаўся… – горка ўсьміхнуўся Паскевіч. – Вы выдалі сябе, Бяляцкі. Гэта вы – агент бальшавікоў. Іначай адкуль бы вы ведалі ўсё тое, што ведаеце? Можа, якраз вам і даручылі яго прыбраць? Таму вы хочаце «дапамагчы» мне ўцячы, каб пасьля сьпіхнуць усю віну на мяне…
– Гм, ды вы, я бачу, майстар прыдумляць сабе алібі, – ацаніў ягоны досьціп Бяляцкі. – Які год таму, неўзабаве пасьля прыезду Галавача, я моцна паспрачаўся зь ім наконт палітыкі. 3 таго часу я быў, бадай, адзіным, хто ня верыў у ягоны патрыятызм… Але ягоная біяграфія не цікавіла мяне, як і ён сам, да самай ягонае сьмерці. Даведаўшыся пра тое, што Мялешку падазраюць у забойстве, я пазваніў у Англію аднаму знаёмаму, які ведаў Галавача яшчэ як Бальцаровіча, і мае даўнія падазрэньні пацьвердзіліся. У мяне папросту тая загана, што я ня веру ў выпадковасьць.
– Вось, – змрочна прамовіў Паскевіч, працягваючы Бяляцкаму шклянку з хінэбрай. – Піце.
– Дзякую, – не адмовіўся Бяляцкі. – Спадзяюся, што вы мяне не атруціце. За вашае здароўе.
Паскевіч перакуліў у сябе шклянку.
– 15 красавіка, тры з паловай гады таму, – сказаў ён. – У сорак трэцім, значыцца. Пасьля таго, як партызаны забілі немца, у вёску прыбылі некалькі эсэсаўцаў і аддзел паліцаяў. Усіх мужчын сабралі каля касьцёлу, пашыхтавалі й пагналі на бліжэйшую чыгуначную станцыю. Усіх астатніх – старых, дзяцей, жанчын – сагналі ў хлеў, абклалі сенам і падпалілі, каб ня траціць набояў. – Паскевіч выцягнуў з-пад падушкі фатаздымак і працягнуў яго Бяляцкаму. – Гэта яны: мая Хрысьця з малой Алесяй… Перад вайной здымаліся, у Маладэчне. Цяпер ёй было б трынаццаць…
Паскевіч адвярнуўся да вакна. Бяляцкі ўзяў фатаздымак. На ім былі жанчына ў простай хустцы й дзяўчынка ў стракатай спаднічцы, абедзьве чамусьці ў валёнках. Жанчына ўсьміхалася, дзяўчо сур'ёзна пазірала ў аб'ектыў.
Надламаны голас Паскевіча прыглушана адбіваўся ад шкла:
– Выкананьнем загаду кіраваў асабіста Бальцаровіч. Мы, мужчыны, выпадкова даведаліся аб усім яшчэ ўвечары таго самага дня, калі стаялі на чыгунцы… Найгоршае пекла за ўсю вайну было ў тым вагоне. На наступны дзень нас вывезьлі ў Нямеччыну, на прымусовыя працы. Два гады ў голадзе, холадзе, пад бамбёжкамі… Зрэшты, пра гэта я ўжо распавядаў… Але паверце, цяпер я не шкадую ніводнага дня, адпакутаванага на чужыне. Бо ўвесь гэты час я думаў толькі пра адно. Дзякуй богу, што мне пашчасьціла натрапіць на ягоны сьлед у Англіі…