Читать книгу Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік) - Макс Шчур - Страница 11
II. Жанравыя практыкаваньні
Зьвяз патрыётаў
6
Оглавление– Чулі, што здарылася? – запытаўся на наступны дзень Бяляцкі ў Паскевіча, калі той зусім нечакана зайшоў наведаць яго на вуліцу Ляпрыда. – Нашага сябра Мялешку абвінавачваюць у забойстве.
– Жартуеце? – не паверыў Паскевіч.
– Дзе там! – Бяляцкі разгарнуў артыкул у «Ля Насьён» і паказаў Паскевічу. Той вылупіў вочы, як баран на новыя вароты: Бяляцкі ўзгадаў, што зямляк яшчэ не разумее па-гішпанску. – Будзеце матэ?
– Не, я лепей гарбаты…
Начапіўшы на нос акуляры, Бяляцкі пачаў перакладаць Паскевічу артыкул сваім няўзрушаным і невыразным голасам:
– «Правадыр аргентынскіх беларусаў забіты. 16-га кастрычніка 1946-га году, Бўэнас-Айрэс. Учора ўвечары на віле «Эстрэлья» ў квартале Палермо, вуліца Дарэго, 145, падчас урачыстага паседжаньня беларускага Зьвязу патрыётаў, на якім прысутнічаў, сярод іншых, прадстаўнік ураду Аргентынскай рэспублікі сэнёр Дамінго Фэрара, здарылася няшчасьце: быў застрэлены старшыня Зьвязу, сэнёр Басільё Галавач. Галоўным падазроным зьяўляецца знаёмец сэнёра Галавача, баксэр Антоньё Мялешка, вядомы шырокай грамадзкасьці як «Эль Грынго». Галоўны сьведак абвінавачаньня сэнёрыта Шашалевіч, якая цяпер знаходзіцца ў шпіталі Піравано, бачыла акрываўленага Мялешку ў кабінэце сэнёра Галавача неўзабаве пасьля стрэлу. Падазраваны сьцьвярджае, што апынуўся ў кабінэце пасьля таго, як пачуў стрэл, і знайшоў там ужо мёртвае цела, а побач зь ім – рэвальвэр. Матывы злачынства высьвятляюцца, разглядаецца таксама вэрсія самагубства. Паводле непацьверджаных зьвестак, Мялешка быў вінаваты ўладальніку казіно «ПалеРаяль» Галавачу каля дзесяці тысячаў пэсо. Таксама ня выключана, што падазраваны баксэр мог прыняць грошы ад камуністычных агентаў, што даўно шукалі магчымасьці пазбавіцца сэнёра Галавача. Аргентынскі ўрад і асабіста прэзыдэнт Хўан Дамінго Пэрон выказваюць свае шчырыя спачуваньні беларускім патрыётам». Што вы на гэта скажаце?
– Жах, – прамовіў агаломшаны Паскевіч. – Небарака Мялешка.
Бяляцкі пакруціў галавой і пацягнуў з вузкай трубачкі матэ.
– He магу паверыць. Каб Мялешка кагосьці забіў? Неверагодна. Шкада, што я ўсё-ткі з вамі ўчора не пайшоў… A ўласна, ці не маглі б вы неяк дасьведчыць ягоную невінаватасьць? Вы ж там учора былі, не?
– Быў… – няўпэўнена адказаў Паскевіч. – Але я нічога ня бачыў.
– Як гэта?
– Мне зрабілася блага, і я мусіў выйсьці…
– Выйсьці? Куды?
– На двор. Падыхаць паветрам…
– Так? А сёньня дзе начавалі? У Мялешкі?
– He – я… Я быў у гатэлі… Наагул, такі канфуз атрымаўся, – вінавата ўсьміхнуўся Паскевіч. – Я спачатку шукаў прыбіральню – і не знайшоў… Віла вялізная… Ледзьве дываны там не аббляваў… Ну, я хутчэй і пабег на двор… А пасьля, як… гэта… ну, прабляваўся, то неяк сорамна зрабілася адразу вяртацца – дай, думаю, прайдуся крыху, галаву праветру… Пайшоў бадзяцца па вуліцах і заблукаў. Нападпітку, вядома… Потым выпадкова натрапіў на нейкі гатэль й вырашыў там застацца – надзіва танна аказалася. Дый я быў вельмі стомлены, ведаеце… Усё адно б я не знайшоў адтуль дарогі да Мялешкі…
– Ага. Ну, добра. У кожным выпадку, вам варта зьявіцца ў паліцыі. Іначай нашаму сябру прыйдзецца горш, чым учора вам. Разумееце? Абавязкова туды схадзіце.
Паскевіч завагаўся, перамінаючыся з нагі на нагу.
– А што, калі мяне западозраць? – няўпэўнена спытаўся ён. – Дый як я ім усё патлумачу? Я ж ня ўмею па-тутэйшаму… Мяне лягчэй за ўсіх крайнім зрабіць…
Бяляцкі зірнуў на яго ўважліва, потым прамовіў.
– Што ж, на жаль, я з вамі сёньня пайсьці не змагу, – уздыхнуў ён, і дадаў напаўголасу: – Мушу заехаць у шпіталь, з Шашалевічаўнай паразмаўляць. Нешта тут ня тое.