Читать книгу На дняпроўскім лузе - Міхась Сліва - Страница 14
Усмешка Джаконды
Па прынцыпе «аднаго акна»
ОглавлениеВасіль Пятровіч даўно ўжо збіраўся звярнуцца па дапамогу ў гэтую арганізацыю, але ўсё не было часу. Аднак далей цярпець было ўжо немагчыма, дый жонка, як кажуць, плеш пераела, таму сёння з раніцы ён адпрасіўся ў шэфа і паехаў у фірму па санітарна-тэхнічнаму абсталяванню жылых памяшканняў «Жывіце багата!» Тут, згодна рэкламе, рабілі ўсе магчымыя і немагчымыя аперацыі па рамонту і замене сантэхнікі на ўзроўні еўрастандартаў, прычым без валакіты, у сціслыя тэрміны.
Васіль Пятровіч паставіў свайго «Жыгуля» на пляцоўку побач з шыкоўнымі іншамаркамі і бадзёра накіраваўся ў кантору, над уваходам у якую вісеў кідкі плакат: «Мы працуем па прынцыпе «аднаго акна». Заглянуў у прыёмную дырэктара. Сімпатычная дзяўчына ў такой мініспаднічцы, што ў Васіля Пятровіча ажно дыханне перахапіла, ветліва сказала, выслухаўшы наведвальніка:
– Звяртайцеся да нашага майстра Ягора Мікалаевіча. Ён знаходзіцца ў восьмым кабінеце, гэта далей па калідоры.
Васіль Пятровіч рушыў туды. У кабінеце за сталом сядзеў малады мужчына і разгадваў сканворд. Незадаволена адарваўся ад свайго цікавага занятку і стаў слухаць наведвальніка, які пачаў выкладваць сваю просьбу пераабсталяваць сантэхніку на кухні і ў ванным пакоі. Выслухаўшы да канца, ён прамовіў:
– Ведаеце, з задавальненнем дапамог бы вам, але ў нас, як кажуць, вузкая спецыялізацыя. З вашай праблемай лепш звярнуцца да Анатоля Сідаравіча, а ён будзе заўтра…
Васіль Пятровіч ветліва развітаўся. На другі дзень ён яшчэ з раніцы прыехаў у кантору, стаў шукаць Анатоля Сідаравіча. Той, аказваецца, і сёння, як сказала сакратарка, будзе адсутнічаць, бо ўчора павёз жонку з дзецьмі да цешчы ў вёску і яшчэ не вярнуўся.
«Вось табе і маеш! – з прыкрасцю падумаў Васіль Пятровіч, накіроўваючыся ў суседні кабінет, да дырэктара фірмы. – Тут у іх дзейнічае прынцып «трох дзвярэй», а не «аднаго акна»…
Дырэктар, як высветлілася, паехаў на нейкую тэрміновую нараду.
– Зайдзіце лепш заўтра, – пяшчотным голасам параіла сакратарка.
На наступны дзень дырэктар, невысокі, кругленькі мужчына з пышнымі вусамі, быў на месцы. Уважліва выслухаў Васіля Пятровіча і расплыўся ва ўсмешцы:
– Не хвалюйцеся, даражэнькі, мы вашаму гору мігам дапаможам! Толькі давядзецца крыху пачакаць, бо адзіны майстар, які займаецца менавіта гэтай аперацыяй, паехаў сёння ў камандзіроўку на тыдзень.
– А як жа яго завуць? – пацікавіўся Васіль Пятровіч.
– Ягор Мікалаевіч, яго рабочы кабінет нумар восем…