Читать книгу На дняпроўскім лузе - Міхась Сліва - Страница 17
Усмешка Джаконды
Торт
ОглавлениеСёння з раніцы Яўгену трэба было зайсці ў дзве канторы, каб вырашыць свае гаспадарчыя праблемы. А тут яшчэ жонка напомніла:
– Глядзі ж, не забудзь пра торцік, ды нідзе не затрымлівайся!
«Так, – уздыхнуў Яўген, – давядзецца ж яшчэ ехаць з жонкай у другі канец горада, цешчу віншаваць з днём нараджэння…»
Каб не забыць і не трапіць у няміласць да жонкі, ён вырашыў адразу купіць торт, а потым заняцца сваімі пытаннямі. Тым больш што крама была па дарозе.
І вось з вялікім тортам (не паскупіўся для дарагой цешчы!) Яўген паімчаў па інстанцыях. Зайшоў у адзін з кабінетаў, а там дзве дзяўчыны працуюць. Убачыўшы ў руках у Яўгена торт, пераглянуліся, усміхнуліся і ў імгненне вока выдалі яму патрэбную даведку. Радасны Яўген горача падзякаваў, паклаў паперку ў кішэню, схапіў торт і пабег далей.
У наступнай арганізацыі яго сустрэла мілавідная жанчына сярэдняга веку. Яна здзіўлена паглядзела на торт, хацела нешта сказаць, а потым, відаць, перадумала. Бо адвяла ўбок вочы і махнула рукой. Яўген выклаў ёй сваю просьбу. Жанчына хуценька зрабіла неабходныя запісы і патлумачыла, што трэба яшчэ зайсці ў суседні кабінет, там усё ўзгадніць і паставіць пячатку.
У другім пакоі, куды зайшоў Яўген, за сталамі сядзелі некалькі чалавек. Свабоднага крэсла не было, таму торт ён паставіў на край аднаго са сталоў, аддаў паперы, каб заверылі пячаткай, і стаў расказваць пра свае клопаты. Справа, па якой ён звярнуўся, была складаная, тым не менш вырашылі яе тут хутка і ветліва. Шчаслівы Яўген схапіў паперы і паімчаў дадому.
…Толькі калі мінуў два аўтобусныя прыпынкі, спахапіўся: забыў торт на стале!
Кінуўся назад. Адчыніў дзверы – і разгубіўся: работнікі канторы, весела перамаўляючыся, дружна рэзалі і елі яго торт!
Яўген ціхенька зачыніў дзверы і ўсміхнуўся: дык вось чаму сёння яму так шанцавала!