Читать книгу На дняпроўскім лузе - Міхась Сліва - Страница 15
Усмешка Джаконды
«Згарэла» пуцёўка
ОглавлениеАдам Пятровіч Зазубрын штогод адпачываў у санаторыі. Быў ён яшчэ добры мацак, на спортпляцоўку заглядваў, асабліва калі там было начальства, на здароўе не скардзіўся, але расслабіцца ў час адпачынку любіў…
Паехаў у прэстыжны санаторый Адам Пятровіч і на гэты раз. Падначаленыя яго таксама сталі пачуваць сябе крыху вальней: праца тая ж, нават лепш справы пайшлі, не чуеш скрыпучага голасу шэфа, не бачыш яго вечна пахмурнага позірку, незадаволенага выгляду незалежна ад таго, добра ты працуеш, ці дрэнна. Тыдзень у канторы панаваў цудоўны настрой. А на наступным, у сераду, усе супрацоўнікі, прыйшоўшы на працу, ахнулі: Адам Пятровіч сядзеў у сваім крэсле і заўзята гартаў нейкія дакументы.
– Што здарылася, Адам Пятровіч? – першым кінуўся да яго намеснік, Сымон Вітальевіч, які якраз сёння паабяцаў цешчы даць дырэктарскую машыну, каб з’ездзіць да сястры ў іншы горад. Цяпер давядзецца прасіць дазволу ў Адама Пятровіча або даваць «адбой» цешчы, за што, зразумела, будзе страшэнны наганяй ад жонкі.
Адам Пятровіч адарваў вочы ад папер, незадаволена прабурчаў:
– Гэта ж прыдумалі, д’яблы, новаўвядзенне: хто тры разы запар пабудзе ў санаторыі, таму аўтаматычна прызначаецца трэцяя група інваліднасці і адпраўляюць на лёгкую працу. А я ж восьмы раз запар адпачываю ў санаторыях, ды яшчэ ў якіх!.. Дык кінуў сваё лячэнне-адпачынак ды прымчаў за пяцьсот кіламетраў. Карацей кажучы, «згарэла» мая пуцёўка сінім полымем…
– Як гэта? – здзівіўся Сымон Вітальевіч. Ён добра ведаў, што да пенсіі шэфу яшчэ «грукаць» шэсць гадоў і калі перавядуць на іншую працу, то цяжка яму давядзецца, бо, як кажуць у народзе, языком мянташыць – не мяхі цягаць… – Адам Пятровіч! Што вы кажаце? Някіх жа дакументаў на гэты конт апошнім часам не прымалася, я строга сачу…
– Што? – зніякавеў дырэктар. – Няўжо мяне ашукалі?
– А хто вам сказаў пра гэтае новаўвядзенне?
– Ды знаёмы з суседняга санаторыя, калі 1 красавіка «бралі чарку» з жанчынамі перад танцамі. Кампанія, скажу табе, сабралася – пальчыкі абліжаш, не да газет ды радыё было… А ён, нягоднік той, пажартаваў, значыць. Каб яму!.. Згарэла мая пуцёўка! – ажно пабялеў твар у Адама Пятровіча. Ён расшпіліў каўнер у сарочцы і ў роспачы выскачыў з кабінета…