Читать книгу На дняпроўскім лузе - Міхась Сліва - Страница 2

Прыгожыя караблі
Прыгожыя караблі

Оглавление

На невялікай чыгуначнай станцыі сустрэліся два цягнікі. На некалькі хвілін спыніліся.

У адным з вагонаў, гледзячы ў акно, сядзеў мужчына сярэдніх год з прыемным, дабрадушным тварам. У вагоне насупраць у асветленым акне, бы ў зарамленай карціне, застыла сімпатычная жанчына. Яна паглядала на мужчыну. Той таксама глянуў на яе. Іх позіркі сышліся.

«Які светлы твар, – падумала жанчына. – Відаць, што чалавек добры. Магчыма, з ім была б шчаслівая.

Шчасце… Многія мне зайздросцяць: кватэра, машына, дача, муж добра зарабляе, у педкалектыве карыстаюся аўтарытэтам, дзеці дарослыя. Але на сэрцы радасці няма. Бо муж заняты толькі сабой. Яго праца, яго захапленні, яго справы. Вечна надзьмуты, вечна хмуры. Цяжка ўспомніць ужо, калі проста размаўлялі як людзі. Ідзе з дому раненька, вяртаецца позна. Можа, у яго ёсць хто? Спрабавала па-шчырасці пагутарыць, але дзе там. Тут жа знаходзіць тэрміновую справу, і толькі яго бачыла! І зноў адна… Машына, дача. За букет кветак, за прыемную ўсмешку аддала б усё гэта!»

«Якім шчаслівым я мог бы быць з ёю! – думаў мужчына. – Такія добрыя, прыгожыя вочы не могуць быць у дрэннага чалавека. Як хочацца клопату, увагі, спагады, жаночай ласкі… А яе няма, бо ў жонкі ў галаве зусім іншае. У яе, адчуваецца, гарыць сэрца па суседу, высокаму, стройнаму таксісту. Яго амаль ніколі няма дома, але калі ён з’яўляецца ў двары або калі жонка заўважыць яго праз акно, яна адразу мяняецца. Замыкаецца ў сабе, становіцца нервовай, злой. І тут ужо не дапамогуць ні твая ўвага, ні тое, што ты гадзінамі тупаеш на кухні. А не стрымаешся, заўважыць, што раўнуеш, – яшчэ горш будзе».

…Цягнік, у якім ехала жанчына, крануўся з месца і пачаў набіраць хуткасць. Крануўся і той, у якім сядзеў мужчына. «Прыгожымі здаюцца заўсёды тыя караблі, якія праходзяць міма», – успомніў ён нечыя словы і цяжка ўздыхнуў.

На дняпроўскім лузе

Подняться наверх