Читать книгу На дняпроўскім лузе - Міхась Сліва - Страница 19
Усмешка Джаконды
Неспрыяльны дзень
ОглавлениеУ сваёй газеце мы завялі рубрыку, пад якой сталі змяшчаць інфармацыю аб тым, якія дні неспрыяльныя для здароўя. Гэта спадабалася шматлікім чытачам. І мы радаваліся, што прыносім карысць людзям.
Сёння ж з раніцы пазваніла незнаёмая жанчына:
– Вы прымушаеце мяне хвалявацца! Я буду скардзіцца!
– А што здарылася?
– Я не атрымала газету і не ведаю, які сёння дзень: спрыяльны ці неспрыяльны. Сяджу і пакутую, думаю, прымаць лякарства ці не…
– Прабачце, але ў тым, што вы не атрымалі газету, рэдакцыя невінаватая, – гаворым мы жанчыне. – Спытайце на пошце. А якое ў вас самаадчуванне?
– Добрае…
– Ну, дык радуйцеся жыццю, займайцеся справамі…
Праз некаторы час пазваніў нейкі дзядок. Як завуць, не сказаў. У яго – свая скарга:
– Вы, шаноўныя журналісты, няпраўду пішаце!
– Чаму ж? – захваляваліся мы.
– Вось напісалі ў газеце, што сёння – неспрыяльны дзень, а ў мяне цудоўнае самаадчуванне!
– Скажыце: «Слава Богу!» ды адпачывайце на здароўе!
– Дык як жа так: вы пішаце адно, а атрымліваецца другое! І наогул, адкуль вы ведаеце пра тое, што пішаце?
– Наконт прагнозаў усе звесткі ёсць у Інтэрнэце…
– Што мне ваш Інтэрнэт! Вы праўду пішыце! Калі дзень неспрыяльны, то чаму я гэтага не адчуваю?
– Таму што гэта ўплывае толькі на метэазалежных людзей…
– Але я таксама чытаю вашу газету! Буду скардзіцца!
– Ну вось і пацвердзіўся наш прагноз, – з горкай усмешкай сказаў галоўны рэдактар. – Дзень сапраўды неспрыяльны, ва ўсялякім разе, для нас.