Читать книгу На дняпроўскім лузе - Міхась Сліва - Страница 9
Прыгожыя караблі
Стары сшытак
Оглавление– Дык вось, – пачаў Андрэй Усцінавіч, сядаючы бліжэй да гасцей. – Раскажу я вам гісторыю пра свайго колішняга начальніка. Звалі яго Кузьма Ягоравіч. Быў ён строгі і пануры. Часта даваў разгон нам, сваім падначаленым. Любімым заняткам Кузьмы Ягоравіча было чытанне нейкага тоўстага сшытка.
Гэта быў стары агульны сшытак у пацёртай карычневай вокладцы. Калі хто-небудзь заходзіў у кабінет Кузьмы Ягоравіча, ён хуценька хаваў сшытак у сейф. А ключ ад сейфа насіў заўжды ў кішэні.
Зайшоў я неяк да яго па справе. Гляджу – Кузьма Ягоравіч чытае свой тоўсты сшытак. І так зачытаўся, што мяне не заўважае. На твары шчаслівая ўсмешка, якую я ніколі раней у яго не бачыў. Вочы гараць нейкім дзіўным агнём.
Раптам следам за мной у кабінет зазірнуў мой калега. Вельмі гучна павітаўся. Разгублены Кузьма Ягоравіч аж падскочыў са сшыткам у руках. Імгненна выраз яго твару змяніўся, стаў сярдзітым. Не гледзячы на нас, ён хуценька засунуў сшытак у сейф…
Аднойчы Кузьма Ягоравіч цяжка захварэў і трапіў у бальніцу. А тут наляцела рэвізія са сталіцы. Тэрмінова спатрэбілася паглядзець нейкія дакументы з сейфа. Мы звярнуліся да жонкі Кузьмы Ягоравіча. Тая прынесла ключ.
І вось мы трымаем у руках запаветны сшытак. Той самы тоўсты сшытак, які начальнік чытаў потайкам шмат гадоў. Каліграфічным почыркам у ім былі запісаны ўсе выпадкі, калі Кузьма Ягоравіч пакараў таго ці іншага свайго падначаленага…