Читать книгу На дняпроўскім лузе - Міхась Сліва - Страница 18

Усмешка Джаконды
Як упаляваць зайца…

Оглавление

Стары Цімох – знакаміты на ўсю ваколіцу паляўнічы. Бывала, ні адзін паляўнічы з іх вёскі і бліжэйшых не мог столькі ўпаляваць дзічыны, як ён. Узімку ні разу не вяртаўся з лесу без беляка.

Апошнім жа часам чамусьці Цімоху не шанцуе.

– Страціў ты, відаць, нюх, – жартуе яго жонка Марфа. – А можа, ты так дзе швэндаешся, стрэльбу толькі для прыліку носіш?

– Гэта ўсё экалогія вінавата, – апраўдваецца стары паляўнічы. – Дый браканьераў развялося больш, чым зайцоў!

Як бы там ні было, але зайчаціны даўно не елі за сталом у Цімоха.

І тут раптам пранеслася чутка: Верка, дачка Аксінні, што жыве на другім канцы іх вялікай вёскі, якая ўжо носіць назву аграгарадка, злавіла ў горадзе зайца.

«Вось табе і маеш, – зніякавеў Цімох. – Звычайная баба злавіла зайца. А я нават са стрэльбай рады не дам!» І так узяло Цімоха за жывое, што не вытрымаў: дачакаўся чарговай пенсіі і, ні слова не сказаўшы жонцы, паехаў у горад. Распытаў у суседзяў, дзе можна сустрэць Верку.

Завітаў да яе на працу – у аўтапарк. Спытаў у дыспетчара, назваўшы прозвішча – Назарава.

Неўзабаве да яго накіроўвалася высокая маладая дзяўчына з чырвонай павязкай на рукаве і з нейкімі паперамі ў руках.

– Слухаю вас, дзядуля!

– Дзень добры, зямлячка! Гэта ж я спецыяльна прыехаў, каб даведацца, дзе ты таго зайца злавіла. А то мне, бываламу паляўнічаму, сорамна, што ніяк не ўпалюю…

– Ой, дзядуля! – Нечакана рассмяялася дзяўчына. – Ды я гэтых «зайцоў» кожны дзень лаўлю, нават па некалькі ў кожным аўтобусе. Я ж кантралёрам працую…

На дняпроўскім лузе

Подняться наверх