Читать книгу У віры быцця - Ніл Гілевіч - Страница 46

Запісы розных гадоў
Дай жа Божа!

Оглавление

І зноў і зноў думаю: а ці хто калі-небудзь прачытае іх, мае кнігі публіцыстыкі, у якіх сабраны артыкулы, нататкі, гутаркі, прамовы, з дэпутацкай і розных іншых трыбун – пра гэты несуцішны боль, пра гэту неадхланную трывогу за лёс нашага народа, нашай мовы і культуры, нашай дзяржаўнасці? А што будзе толку, калі і прачытае тады, як усё будзе на апошнім здыханні, усё будзе дабіта да ручкі? А невядома! Можа, і дапамогуць каму. Калі для нас пачала адкрывацца публіцыстыка ідэолагаў і айцоў БНР (Купалы, Лёсіка, Бядулі, Гаруна, Шантыра, Бурбіса, Смоліча, Ластоўскага, Цвікевіча, братоў Луцкевічаў і іншых), хіба мы не адчулі, што гэта нам трэба, – што іх палымянае слова было не марным, што і праз 70 гадоў мы бяром яго для жыцця і змагання, бяром (чытаем і перачытваем), каб мацней паверыць у іх і нашу супольную справу – у вялікую справу нацыянальнакультурнага і дзяржаўнага адраджэння Беларусі?.. Адчулі, і бралі, і бяром, у тым ліку і я, шараговец у арміі валанцёраў Свабоды і Незалежнасці, ад самых маладых гадоў апантаны любоўю да Бацькаўшчыны і верай у яе вялікую будучыню. О, як мяне падтрымала і падтрымлівае іх натхнёнае Святою Праўдаю Слова!..

1995

У віры быцця

Подняться наверх