Читать книгу У віры быцця - Ніл Гілевіч - Страница 62
Запісы розных гадоў
Слухайце – і вам аддасца!
ОглавлениеСёння, 17 лютага, слухаў, як адпраўляў святую імшу біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Антоній Дзям’янка. Гучала, папросту кажучы, здорава! О, калі б нашы людзі кожны дзень слухалі такія казані святароў! Якое процістаянне злу, п’янству, наркаманіі, распусце, карацей – Сатане, які хоча забіць чалавека ў чалавеку! А найперш – якая мова! Якая мова гучала! Часта чую: а дзе пачуць сапраўдную беларускую мову? А вось дзе! У Касцёле! Божа, як яна тут гучыць! Як соладка для душы! Сэрца млее і плача. Ад шчасця, што гэта мова ёсць і я магу яе слухаць.
2002
А сёння, 24 лютага, слухаў казані ксяндзоў Уладзіслава Завальнюка, Антонія Дзям’янкі, Яна Крэмца… слухаў – як песню, як гімн, які Божай сілай робіць у маёй душы штось такое, што я не магу адзначыць і сказаць, а толькі магу ціха, безгалоса плакаць – столькі чую вышэйшай праўды ў іхніх казанях, столькі спрыяння і даравання маёй душы грэшнай!.. І я звяртаюся да ўсіх вас, людзі Беларусі: слухайце, слухайце, слухайце – ці вы праваслаўныя, ці вы католікі, ці вы пратэстанты, ці вы якое іншае веры, але жывяце тут, на зямлі беларускай. І ёсць грамадзянамі нашай краіны, – слухайце мову зямлі гэтае, зямлі крывіцка-ліцвінска-беларускай! Слухайце, шаноўныя, – і вам аддасца! І вам аддасца!..
2002