Читать книгу У віры быцця - Ніл Гілевіч - Страница 51

Запісы розных гадоў
О, дарагія, любыя браты мае!

Оглавление

Я – прыродны славянін і вельмі люблю прыродны, глыбінны дух славянства, тыповы менталітэт славяніна. Я захапляюся мовамі славянскіх народаў, іх музычным і харэаграфічным фальклорам, іх песні гатоў слухаць – калі б толькі была магчымасць – кожны дзень і з ранку да ночы. Я – усімі фібрамі душы за славянскае брацтва. Але!.. але як быць, калі нават знакамітыя рускія пісьменнікі не радуюцца нашай беларускай незалежнасці, нашай нацыянальнай свабодзе? Калі толькі не рускія па крыві падтрымліваюць нас у нашых законных правах і памкненнях? Я быў сустаршынёй Міжнароднага Славянскага Фонду, я быў вельмі-вельмі рады сустрэчам і размовам са сваімі рускімі пабрацімамі, паэтамі і пісьменнікамі… І што ж? і што ж мне адкрылася? Славянская еднасць, пра якую столькі крыку, мае хітрую геапалітычную падаснову: не брацкае раўнапраўе, а імперыя!.. О, калі б шчырае брацтва – гэта было б здорава! Беларусь і Балгарыя, Беларусь і Сербія, Беларусь і Славенія!.. Вось гэта брацтва! Ніхто нікому не пагражае, ніхто нікога не баіцца, усе – на роўных, ні большага брата, ні меншага. А як прыемна ўсведамляць гэтае брацтва, як радасна распазнаваць братоў па мове, па звычаях, па песнях!

О, дарагія, любыя браты мае!..

1990-я гг.

У віры быцця

Подняться наверх