Читать книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова - Страница 23

Частка I
Аповеды
Замена фону
Дом фота

Оглавление

У верасні вітрына з прыкладамі паслуг Менcкага дома фота мяне ўразіла і напалохала. Па сутнасці, прапануецца фальсіфікаваць сямейную гісторыю – спалучаць на здымках людзей, якія ніколі разам не фатаграфаваліся, альбо прыбіраць са здымкаў тых, хто па нейкіх прычынах няўгодны. Гэта мана сабе і людзям. А «замена фона» – яшчэ тая паслуга. Змрочны фон калідора ў «хрушчоўцы» замяняецца на прыгожае зялёнае футбольнае поле. Я раней не ведала, што людзі такое робяць. Была перакананая, што толькі палітычную гісторыю фальсіфікуюць. Так паступова знікалі паплечнікі Сталіна з фотаздымкаў – і зразумела, чаму знікалі. Яны знікалі не толькі з фотаздымкаў, але і з жыцця.

Вось два фота – малады вайсковец і маладая дзяўчына. І вось яны ўжо разам на адным фота. Навошта? Не сфатаграфаваліся разам? Значыць, была на тое прычына. Альбо жанчына немаладая каля аблезлага плота сфатаграфаваная, а ёй фон змянілі – жытнёвае поле. Навошта? Каб «красіва было»?

Мая сяброўка рэжысёрка і грамадская актывістка Вольга Мікалайчык лічыць: чалавек прагне аднолькава як самападману, так і не існуючай вакол яго гармоніі альбо не заўважанай своечасова прыгажосці. Імітацыя, ілюзія сёння актуальныя як ніколі: не важна рабіць у сваім жыцці нармальны фон – яго можна будзе памяняць на фота ў фоташопе ці ў фотаатэлье. Калі путана вешае на сцяну свой партрэт у касцюме Беласнежкі, яна не робіцца больш шчаслівай. Можа, у гэтае фота павераць ейныя чыстыя сумленныя нашчадкі – мы ж не ведаем. Мараль грамадства пакуль яшчэ патрабуе адрэтушаваных фотак на сцяне дома, сцяне Фэйсбуку…

Гэта, напэўна, добра, што ёсць мяжа маралі ў соцыуме, але страшна, што яе часам няма ў самім чалавеку. А я так думаю: хочаш добры фон – дык зрабі яго ў сваім жыцці добрым.

Гняздо-2 (зборнік)

Подняться наверх