Читать книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова - Страница 29
Частка I
Аповеды
Замена фону
Сацыяльны сертыфікат і Пекла
Оглавление– Ты ездзіш сама на машыне? – пытаюся ў сяброўкі.
– І не збіраюся. Навошта мне, я роварніца і цягнікоўка.
– Ёсць жа людзі… А то цяпер як не на машыне – то не чалавек.
– Ай, навошта ў гэта гуляць? Гэта такі сацыяльны сертыфікат. Калі за трыццаць – хата, дача і машына. За сорак – кіроўная пасада. У пяцьдзясят – пышны юбілей з морам кветак і шырокія сувязі. Шэсцьдзясят–семдзесят – вялікая пенсія. Восемдзесят – вялікі помнік на Маскоўскіх могілках.
– Можна скараціць і зрабіць помнік у пяцьдзясят, ці ў трыццаць – яшчэ лепей, не трэба імкнуцца нават да кватэры – дамавіна.
А яна мне:
– Я так і думала, што дамавіна будзе маім першым уласным жытлом.
Сацыяльныя ролі і сацыяльныя маскі. За празмернай весялосцю і жартаўлівасцю хаваецца ўнутраная істэрыка. За стрыманасцю – шалёнасць. Часцей за ўсё сканчаюць жыццё самагубствам людзі знешне паспяховыя і забяспечаныя, пакідаючы пасля свайго сыходу толькі пытанні, чаму і як такое магло здарыцца. Сыходзячы, сваё ўнутранае пекла яны забіраюць з сабой.
Яшчэ адна мая сяброўка тлумачыць самазабойствы паспяховых людзей так: «Нейкія моцныя пакуты адчувае чалавек такі – і прыемныя моманты для яго не маюць ні сэнсу, ні ўражанняў, – яны не памятаюць прыемных момантаў, як новароджаныя – чыстыя ў сваёй смяротнай шызе. Суіцыд для іх і быў тым самым прыемным момантам жыцця, як катарсіс альбо аргазм, напэўна». Што адбылося на самай справе – ніхто і ніколі не зразумее. І тлумачэнне пра выпрацаваны рэсурс здаецца самым прымальным.