Читать книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова - Страница 21

Частка I
Аповеды
Магіла

Оглавление

Сяргей вёў запісы ў фіялетавым сшытку, але гэта не быў дзённік, хутчэй звароты да вышэйшае істоты, якая павінна назіраць за намі. «Няхай я буду вольным ад самалюбства, ад нечыстаты сэрца і думак на шляху да дасканаласці», – было запісана на першай старонцы ў фіялетавым сшытку.


На цёмнай вуліцы Стэфан нечакана пачуў крокі і схаваўся за рог, прытуліўся спінаю да цаглянай сцяны. Але яго ўсё роўна заўважылі. «Прабачце, можа, у вас знойдзецца дзве капейкі?» – спытаў у Стэфана чалавек у чорным (ці цёмна-сінім?) плашчы – адзенне, трэба заўважыць, даволі дзіўнае для цёплай жнівеньскай ночы. Стэфан аддаў чатыры капейкі па адной і моўчкі павярнуўся тварам да сцяны. Праз хвіліну яму падалося, што чалавек усё яшчэ стаіць у яго за плячыма, азірнуўся – вуліца была пустая. Стэфан правёў рукою па шурпатай паверхні сцяны – пасыпаліся дробныя каменьчыкі.

Вокны кватэры, у якой Стэфан жыў разам з Сяргеем, выходзілі на могілкі. Сяргею падабалася глядзець на магілы, яны яго супакойвалі.

Стэфан сваім ключом адчыніў дзверы. Пастаяў на калідоры. «Ціха, – падумаў ён, – ціха, як… як у труне». Цішыня ў кватэры, цішыня на вуліцы і на могілках, дзе белымі калонамі выступалі з цемры бярозы, чарнелі мармуровыя пліты, соладка пахлі кветкі на магілах, дзе цяжка было разабрацца, што ўжо аджыло сваё, а што яшчэ жыве. Дзынкнула бітае шкло. Пабілі пустую пляшку? Ці гэта толькі падалося?

Стэфан разглядаў свой твар у круглым люстры, пра якое Сяргей казаў, што яно ўсё скажае. Што ў яго з вачыма? Адно – зусім нармальнае, блакітнае, другое – мутна-жоўтае, пачырванелае, як падбітае. Алергія?

Лямпа ў Сяргеевым пакоі свяцілася мяккім зеленаватым святлом. Зялёнае святло таксама павінна супакойваць.

«Хай я буду лепшым, чым цяпер, больш шчырым з сабой і чулым на патрэбы іншых», – пісаў Сяргей.

– Сяргей! – Стэфан адчыніў дзверы ў пакой.

– Што?! – Сяргей схаваў пад стол фіялетавы сшытак.

– Са мною нешта робіцца, глядзі, вока якое страшнае стала.

– Такое, як табе трэба.

– Ды не гэтае, а другое.

– А я пра другое і кажу.

– Навошта мне такое? Ты здзекуешся!

– З табой інакш немагчыма. Ты ўлез у свой неўроз па самыя вушы, толькі ім і жывеш.

– Ты мог бы мне дапамагчы…

– Дапамагчы? Набяры верасу, запар сабе гарбаты. Можа, дапаможа – супакоішся.

Стэфан марыў быць незаўважным, каб яго зусім ніхто не бачыў, бо самі людзі ўжо даўно здаваліся яму ценямі, пазбаўленымі канкрэтнасці. Ён гадзінамі хадзіў па цёмных вуліцах, і калі на нейкі момант узнікала адчуванне спакою, то пасля нянавісць да самога сябе апаноўвала ім з новаю сілаю.

– Прабачце, вы не маглі б мне дапамагчы? – чалавек у плашчы спыніў Стэфана каля тэлефона- аўтамата.

– Дапамагчы? А што трэба зрабіць?

– Трэба затэлефанаваць. Я скажу нумар.

Чалавек аддаў Стэфану грошы – чатыры капейкі па адной.

– Тэлефануйце: 54-31-32.

Стэфан паслухмяна набраў нумар. Доўгія гудкі.

– Паспрабуйце яшчэ.

Стэфан зноў, ужо па памяці, набраў нумар. Да тэлефона ніхто не падыходзіў.

– Варта паспрабаваць яшчэ.

Фары машыны, якая з’явілася неяк раптоўна, асвяцілі ўсё навокал. Стэфан пачуў у сябе за плячыма кароткі ці то смех, ці то стогн. Машына праехала, на вуліцы зрабілася яшчэ цямней. Стэфан павярнуўся, каб сказаць, што не збіраецца болей тэлефанаваць, але чалавек знік. Па вуліцы праехала яшчэ адна машына.

Стэфан не ведаў, што верас расце на пясчанай, неўрадлівай глебе, не ведаў, што яго не варта шукаць зранку на гарадскіх могілках, дзе ад магілы да магілы ў пошуках пустых пляшак блукае бабка з абшарпанай торбай, а з-за кустоў бэзу чуецца:

– Мікола! Мне з табой сумна…

– Ну, скаціна, ну, скаціна…

– Мне сумна з табою…

– Скаціна!

«Класныя хлопцы, – падумаў Стэфан, – а хто скаціна?» На магільных агароджах, а там, дзе іх не было, проста на крыжах былі прымацаваны таблічкі. Металёвыя таблічкі, чорныя, з надпісам, зробленым белаю фарбаю:

«Спецкомбинат сообщает Вам, что Ваша могила подлежит переносу, справки по телефону 54-31-32».

Стэфана проста паралізавала, ён перачытаў аб’яву некалькі разоў і заплюшчыў вочы, але цёмна не стала, адразу забегалі аранжавыя кругі, замітусіліся зялёныя кропачкі, потым цемра загусцела і з гэтае цемры вылецеў павучок. Зялёны павучок з чырвоным вокам. Павучок падскокваў на сваіх васьмі нагах, падміргваў, круціў вокам і не збіраўся знікаць. «Мікола! Мікола!» – рэзкі крык вывеў Стэфана са стану сузірання павучка. Ён расплюшчыў вочы. Усё паплыло, захісталася, магільныя агароджы і крыжы пачалі выгінацца. «Спецкамбінат ноччу зачынены, туды проста немагчыма датэлефанавацца», – падумаў Стэфан і стаў прабірацца да цэнтральнай алеі. Вельмі хутка ён выбраўся на асфальт. Перад ім таропка ішоў, амаль што бег хлопец у блакітных джынсах і цёмна-брунатным швэдры.

– Мікола! – нечакана для сябе паклікаў Стэфан.

Хлопец спыніўся.

– Хто скаціна? – спытаўся Стэфан.

– Скаціна! – адказаў Мікола.


«О Божая вечнасць! Прымі нас да ціхага спачынку свайго», – пісаў Сяргей у фіялетавым сшытку.

1989

Гняздо-2 (зборнік)

Подняться наверх