Читать книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова - Страница 10

Частка I
Аповеды
Школа № 26
Размаляваныя кнігі: злачынствы і пакаранні

Оглавление

Тата аддаў мне кнігу – біяграфію Чэзарэ Бекарыа – гуманіста, які ў XVIII стагоддзі абгрунтаваў абсурднасць, неэфектыўнасць і непатрэбнасць смяротнага пакарання. Разгарнула кнігу, а яна ўся ўсярэдзіне пакрэсленая алоўкам, аж да дзірак. Падумала, што кніга была набыта ў букіністыцы, але ж не – тата сказаў, што кніга стала такой пасля таго, як ён даваў яе студэнтцы, якая пісала дыплом па Бекарыа (даўно-даўно, калі інтэрнэту яшчэ не было). Як можна не баяцца пакрэсліць кнігу, якую даў выкладчык, і вярнуць яму ў такім выглядзе? Зразумець не магу. Адважныя і нахабныя палескія студэнткі былі ў часы позняга СССР.

Дарэчы, праца Бекарыа называецца «Пра злачынствы і пакаранні». Размаляваная кніга засталася злачынствам без пакарання.

У 1975 годзе, калі я вучылася ў 1 «Б» класе сярэдняй школы № 26 г. Гомеля, у аднаго вучня ў хрэстаматыі для чытання настаўніца знайшла размаляваную выяву маленькага Леніна – Валодзі Ульянава. У маленькага Валодзі-анёльчыка былі намаляваныя чорныя рогі, барада і асліныя вушы. Настаўніца пачала правяраць кнігі ўсяго класа і – жах-жах-жах – знайшліся яшчэ чатыры кнігі, у якіх маленькі Ленін быў з рагамі. Кнігі былі не бібліятэчныя – у першы клас мы пайшлі з падручнікамі, набытымі асабіста. Наша першая настаўніца – вельмі добры педагог і чалавек. Ветэран Другой сусветнай вайны, на правай руцэ мела татуіроўку «Жэня» з росчыркам – я як цяпер памятаю гэтую руку, якая ставіць мне ў дзённік адзнаку. Настаўніца выходзіла часам з урока, каб пакурыць «Беламор» у прыбіральні для дзяўчынак малодшых класаў. Але ці можна было ў той час заплюшчыць вочы на сапсаваныя чытанкі і апаганенага Леніна? Нельга. І тут такая сітуацыя – у першым класе апаганілі Леніна. Была створаная міні-следчая камісія, выкліканы дырэктар. Вінаватыя плакалі, а іх пыталі: хто першым пачаў, хто навучыў размалёўваць маленькага Леніна, маляваць рогі? Увесь клас быў сведкам разбіральніцтва. І цяпер памятаю прозвішча таго, хто першым намаляваў Леніну рогі ў нашым класе, – ён прызнаўся. Чаму размаляваў менавіта Леніна – засталося невядома. Не памятаю, якім было пакаранне. Але кнігі больш не размалёўвалі.

Нядаўна маладая сяброўка-сацыёлаг сказала, што не ўспрымае кнігу як прадмет, як каштоўнасць, а толькі як тэкст. Шмат думаю апошнім часам, што кніга як рэч усё адно застанецца, але як прадмет раскошы.

Гняздо-2 (зборнік)

Подняться наверх