Читать книгу Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова - Страница 17
Частка I
Аповеды
Субота
Оглавление– Валя, што мы будзем сёння есці? Валя, звары супчыку! – просіць Лена.
Пачынаецца новы дзень у 548-м пакоі ў інтэрнаце нумар чатыры па праспекце Машэрава ў Мінску. У інтэрнаце жывуць філолагі і юрысты Беларускага дзяржаўннага ўніверсітэта імя Леніна.
«Які супчык зранку? Яны здурнелі, здзекуюцца? – думаю. – Не даюць спаць, а ўчора ўвечары не давалі чытаць, абзываліся «аспіранткай», скінулі настольную лямпу, яна перастала гарэць».
Вокны шчыльна занавешаныя, у пакоі шэрае каламутнае святло, брудныя міскі на стале і чорны жаночы капялюш сярод іх.
Валя ўстае, робіць некалькі крокаў, трапляе ў кампотную, з яблыкамі, лужыну.
– Звары супчыку…
Сонная Валя з учарашнім супам цягнецца на кухню, тапкі ліпнуць да падлогі, даводзіцца мыць падэшвы пад кранам у агульнай умывальні ў канцы калідора.
Лена ўключае маленькі чорна-белы тэлевізар з антэнай, узяты напракат. Тэлевізар шыпіць.
Пакідаючы мокрыя сляды на каменнай падлозе, Валя вяртаецца ў пакой, дзе Лена ўжо глядзіць фільм, таксама ўчарашні, як і супчык, – паўтор.
Адчыняюцца дзверы, заскокваюць суседкі:
– Вы ўжо ўсталі? А цыгарэты ёсць?
– Няма.
– А можна кіно паглядзець?
– Глядзіце…
З калідора даносяцца пахі. Хтосьці ўжо смажыць зранку сала. Пачатак сакавіка, Вясна, ўжо ручаі пацяклі па асфальце, паказалася на газонах леташняя трава, прымятая і парыжэлая, як поўсць. Вецер расчыняе фортку.
Валя нясе супчык, тапкі зноў ліпнуць, і зноў іх даводзіцца мыць. Суседкі, якія прыйшлі па цыгарэты і засталіся глядзець фільм, пачалі нешта шукаць у пакоі: адна пад ложкам, другая ў шафе, трэцяя ў маёй шуфлядцы.
– Вы штосьці згубілі?
– Кансерву, – адказвае за суседак Лена.
Тыя ж злосна маўчаць і не губляюць надзеі знайсці кансерву.
– Ці не бачыла ты бляшанку? Гавораць, была ў іх, калі прыйшлі да нас кіно глядзець, – Лена гаворыць так, быццам бы не з’ела яшчэ ўчора тую кансерву.
Пошукі працягваюцца. На экране тэлевізара – вайсковая драма: фашысты б’юць па твары жанчыну.
Вясной хочацца на вуліцу, вясновы вецер, прага пераменаў. Іду гуляць адна, без сябровак. Гуляць – на могілкі.
Плывуць празрыстыя хмары над Кальварыйскімі могілкамі, крычаць вароны ды іншыя вялікія птушкі, здаецца, сарокі, з зялёнымі хвастамі, скачуць па надмагіллях. На паваленым дрэве сядзяць жанчыны, адна трымае вялізнага шэрага ката.
– Вы не скажаце, колькі цяпер часу? – пытаюся ў іх.
– Не скажам, бо не ведаем.
– А які ў вас кот прыгожы!
– У нас не кот, а котка: ёй ужо сем месяцаў.
А ўвечары ў сутарэнні чацвёртага інтэрната па праспекце Машэрава – дыскатэка, б’ецца музыка ў цесных калідорах. Ладзяць дыскатэку юрысты – былыя воіны-інтэрнацыяналісты з Афганістана. Галоўны на дыскатэцы – былы воін з прозвішчам, як у канцлера Вялікага Княства Літоўскага. І дыскатэка ў сутарэнні мне нагадвае пекла.
А ў пакоі нумар 548 – супакой. На стале ўжо няма чорнага капелюша, а з’явіўся букет ружаў у трохлітровым слоіку, і нікога няма, толькі стаіць пасярэдзіне таз, а ў ім белая з зялёнымі плямамі на крылах курыца. Навошта яна тут? Калі варыць з яе супчык, то трэба забіваць. А хто ж у нас гэтым займацца будзе? І няма нікога, паразбягаліся…
Цёмна ў пакоі, і музыка сціхла ўжо. Адсоўваю таз з курыцай падалей ад свайго ложка. Курыца хвалюецца, б’е крыламі, пратэстуе. Глядзіць на мяне круглым жоўтым вокам. Праз акно з вуліцы свеціць ліхтар.
У цемры букет ружаў на стале пачынае пахнуць мацней. Кветкі ў адбітках ліхтаровага святла нагадваюць істот неспазнанага, змрочнага свету. А адкуль кветкі? Гэта ж Лена збіралася на вяселле ехаць. Чаму кветкі не забрала, і Валі няма, і курыца нейкая з плямамі зялёнымі на крылах, а сама белая. Робіцца непамысна. Запальваю святло, падыходжу да курыцы, крышу ёй хлеба. Яна пачала была дзяўбсці, але раптам кінула і зноў утаропілася на мяне круглым усхваляваным вокам. Што ёй трэба? Доўга я сядзела з нагамі на сваім ложку, гарэла святло, курыца была як нежывая: і не варушылася, і хлеб не дзяўбла. Хацела даць ёй вады, але ўжо страшна было падыходзіць.
Радзела цемра, прабівалі шчыльны туман промні сонца, калі курыца выбралася з таза і пайшла да дзвярэй. Я паціху адчыніла дзверы і хуценька захлопнула іх, як толькі курыца апынулася на калідоры. Адразу зрабілася лёгка, можна было спаць. Прыехала ад сястры Валька, увалілася ў пакой з торбай, а ў торбе яблыкі і каўбаса.
– Прывітанне! Што ты сядзіш такая? Дзе Ленка?
– Яна ж на вяселле паехала.
– Паехала? А во ж яе кветкі, і сукенка яе вісіць.
А я ўжо бачыла і Ленчыны боцікі, і яе новую чырвоную сумку. Не з’ехала Ленка. Я выбегла на калідор, паўсюль, дзе толькі можна, шукала белую з зялёнымі плямамі курыцу. Шукала і не знаходзіла, яна згубілася ў калідорных лабірынтах. І калі ўлічыць, што дом пяціпавярховы, а на кожным паверсе па дзве кухні, то лепей не думаць аб яе далейшым лёсе.
Я стаяла ля акна, сцякалі па шкле кроплі, ішоў дождж, змываў апошнія рэшткі снегу. Тхнула дэзынфекцыяй: труцілі мышэй, клапоў і тараканаў. Праз туман выступалі стромкія вежы былога касцёла, спяшаліся некуды людзі з рознакаляровымі парасонамі. Вярнулася ў пакой, а там ужо дзікая качка білася крыламі ў шыбу, яблыкі раскаціліся з торбы. Я адчыніла акно – і згубілася ў тумане дзікая качка. На кухні рабілі рамонт, аббівалі са сцен старую кафлю, кафля падала на падлогу і білася, як нашы цьмяныя надзеі. Стук кафлі і пах дэзынфекцыі даймалі да немагчымасці. Навошта я іх павыпускала? Можа б, яшчэ зрабіць нешта можна было?
«Клапы-тараканы не турбуюць?» – калі ў пакой зазірнулі жанчыны ў белых халатах, толькі сухі дубовы лісток ляжаў на падлозе. Яго можна было б вынесці на двор, але ўсё заліў раствор дэзынфекцыі. Рыпела адчыненае акно, у ім была дзірка, як ад кулі.
23 сакавіка 1987 года